Джазавы выбух з прыцэлам на юбілей

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

19-ты “Мінскі джаз” не толькі стаўся адметным музычным святам, але і даў нагоду задумацца, як зрабіць джаз адной з візітовак сталіцы дый усёй Беларусі.

 /i/content/pi/cult/150/1097/Jazz1.jpg
Апошняя прапанова прагучала падчас закрыцця музычнага праекта з вуснаў намесніка міністра культуры Віктара Кураша. Думкі пра будучыню айчыннага джаза слушныя: 1 студзеня 2010 г. споўніцца 70 гадоў, як быў падпісаны загад, паводле якога джазавы аркестр у Беластоку пад кіраўніцтвам Ежы (Юрыя) Бяльзацкага быў далучаны да рэспубліканскай філармоніі, стаўшы Дзяржджазам БССР. Менавіта ў гэты калектыў Бяльзацкі запрасіў свайго сябра, знакамітага трубача Эдзі Рознера, які ў пачатку Другой сусветнай апынуўся ў Львове. І хаця Ю.Бяльзацкі ў канцы 1950-х, пасля перыяду сумна вядомай “жданаўшчыны” і забароны джаза, узначаліў эстрадна-сімфанічны аркестр Беларускага радыё і тэлебачання, а Э.Рознер у 1972-м арганізаваў аркестр у Гомелі, цяперашнім творчым нашчадкам таго даваеннага легендарнага калектыву трэба лічыць Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

У чарговы раз гэта пацвердзіў сёлетні “Мінскі джаз”. Тым больш, што ўпершыню ў ім удзельнічаў не толькі Біг-бэнд нашага аркестра, але і яго шматлікія струннікі, а таксама ансамбль салістаў, што складаецца з выканаўцаў на драўляных духавых. Канцэрту з іх удзелам, названаму “Джазавыя фрэскі”, лепей пасавала б “акварэлевае” азначэнне, настолькі светлым, лагодным, чулліва-гуллівым атрымаўся ў іх сімфаджаз — інтэлігентна-прафесарскі, быццам “у ружовых акулярах”. Боскае самапаглыбленне, ледзь не “нірвану” дэманстравалі піяніст і аўтар многіх кампазіцый ды апрацовак Анатоль Кальварскі (Санкт-Пецярбург), якому ў свой час давялося крыху пасупрацоўнічаць з Э.Рознерам, і дырыжор Уладзімір Міхайлаў (Масква). Абодва яны вельмі высока ацанілі наш аркестр.

Пераемнасць беларускіх джазавых традыцый можна прасачыць і ў арыентацыі на лепшыя сусветныя здабыткі. Той “аркестр Рознера”, як яго называлі, быў самым
 /i/content/pi/cult/150/1097/Jazz2.jpg
“заходнім” на тэрыторыі СССР не толькі паводле геаграфіі, але і паводле стылістыкі, бо ў яго рэпертуары былі не проста эстрадныя песенькі з некаторымі элементаміджаза, а сусветныя джазавыя стандарты, апрацаваныя на свой лад. Тое ж і цяпер: ужо некалькі гадоў запар М.Фінберг, які выступае мастацкім кіраўніком праекта “Мінскі джаз”, будуе яго канцэпцыю вакол музыкі з рэпертуару таго ці іншага вядучага замежнага аркестра — Куінсі Джонса, Дзюка Элінгтона, Каунта Бэйсі, сёлета — Роба МакКонэла з Канады. Засваенне здабыткаў гэтых калектываў ажыццяўляецца вельмі творча, узбагачаецца сваім уласным “прачытаннем”, што асабліва відавочна, калі нейкая кампазіцыя гучыць на форуме неаднаразова, быццам конкурсны “абавязковы твор”.

Паказальнікам таго, што наш Біг-бэнд не стаіць на месцы, стала і чарговае выкананне знакамітага “Каравана”, без якога не абыходзіцца, бадай, ніводны джазавы фэст. Здавалася б, што новага можна знайсці ў гэтай да болю вядомай тэме? У свой час і рознераўцы, і фінбергаўцы, кожны — па-свойму, акцэнтавалі ў ёй усходні каларыт (дастаткова ўзгадаць Уладзіміра Ткачэнку, які саліраваў на індыйскім сітары). Цяпер жа кампазіцыя ператварылася ва “ўдарнае дзейства”, у якім нават публіка пачала паўтараць рытмавыя імправізацыі за перкусіяністам.

“Рэпетыцыяй” да юбілейнага, ХХ форуму ўспрымалася і надзвычай ёмістае, шматасацыятыўнае афармленне сцэны (мастак — Веніямін Маршак). Выява тэлевізійнага крана з відэакамерай у выглядзе барытона (гэты інструмент, хай і не самы джазавы, выступаў за сімвал усёй духавой медзі) дапаўнялася класічнымі калонамі (пластычна тканінавымі, а не застыла мармуровымі) на фоне зорнага неба, “планет” у форме кружэлак-кампактаў і развешаных ці то “шлагбаумаў”, ці то дэталей хлапушак, якія абвяшчаюць пачатак здымкаў кіно. Сцэнаграфія быццам запрашала да паглыбленага роздуму і пра гісторыю беларускага джаза, і пра надзённыя праблемы — кшталту неабходнасці акадэмічна трывалай джазавай адукацыі, выпуску аўдыё-, відэапрадукцыі, у тым ліку на матэрыяле падобных форумаў.

Чым не тэмы для далейшай размовы?..

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА,
Ігара КУЗНЯЦОВА