У пошуках “лішніх”

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Помнікі гісторыі і культуры: справа — у адказнасці!
Мабыць, не заўсёды варта ацэньваць рэчаіснасць паводле статыстычных даных, але і цалкам ігнараваць іх наўрад ці выпадае. Апрача ВУП, на прэстыж краіны працуюць і іншыя паказчыкі, у тым ліку колькасць гісторыка-культурных каштоўнасцей. На жаль, у гэтай намінацыі мы адстаём ад усіх суседзяў, за выключэннем Украіны. На Беларусі “афіцыйных” аб’ектаў спадчыны сёння — 5 527, або, у пераліку на колькасць насельніцтва, адзін — на 1 737 чалавек. А вось, напрыклад, у Літве помнікаў — больш за 18 тысяч. Прычым на кожны з іх прыпадае ўсяго 157 грамадзян краіны! Гэтыя даныя выглядаюць даволі красамоўна. Агучаны яны былі пад час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якім разглядалася пытанне “Аб канцэптуальных падыходах да надання нерухомым матэрыяльным аб’ектам статуса гісторыка-культурных каштоўнасцей і аптымізацыі Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”.

/i/content/pi/cult/507/10969/2-7.jpg

Няма помніка — няма праблемы?

Па выніках пасяджэння ў праект Кодэкса аб культуры, прыняцце якога чакаецца ў хуткім часе, унесены змены. Згодна з імі, у кампетэнцыю мясцовых улад перададзена вядзенне спіса тых каштоўнасцей, што сёння маюць самую нізкую, — трэцюю — катэгорыю. Менавіта аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам атрымаюць паўнамоцтвы як павялічваць колькасць такіх аб’ектаў на сваёй тэрыторыі (за кошт надання статуса тым помнікам, якія яго не маюць), так і наадварот — скарачаць спіс. Раней гэта была выключная прэрагатыва Навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры.

І члены калегіі, і прысутныя на пасяджэнні спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з рэгіёнаў з такімі новаўвядзеннямі ў цэлым пагадзіліся. Яны выглядаюць лагічнымі, зважаючы ўжо хаця б на тое, што трэцяй катэгорыяй пазначаны акурат помнікі рэгіянальнага значэння.

Як адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі, абмежаваны штат цэнтральнага апарата не дазваляе яго супрацоўнікам апекавацца кожным з больш як пяці тысяч помнікаў спадчыны. Але ці не азначае гэта перакладанне абавязкаў на плечы спецыялістаў муніцыпальных органаў улады?

— Абавязкі застануцца, па сутнасці, тыя ж самыя, — запэўніў карэспандэнта “К” Ігар Чарняўскі. — Адно што — давядзецца іх больш дбайна выконваць ды несці адказнасць за свае канкрэтныя дзеянні. Бо калі адказнасць ускладзена на Міністэрства культуры, “на месцах” часам лічаць, што можна асабліва і не турбавацца. Хаця нашы функцыі ўсё ж павінны быць іншымі — перадусім арганізацыйнымі…

Зразумела, менавіта мясцовыя ўлады найперш мусяць дбаць пра зберажэнне каштоўнасцей свайго рэгіёна — хай гэта будзе не рыцарскі замак на стромкай скале, а звычайны паравы млын са стогадовай гісторыяй. У маштабах краіны ён, можа, і “губляецца”, але ў ваколіцах выконвае функцыю адметнасці. А паколькі “лішніх” адметнасцей у нас няма, трэба берагчы тыя, што ёсць, ды выкарыстоўваць іх патэнцыял — калі не камерцыйны, дык, прынамсі, іміджавы. Тым не менш, на практыцы часам даводзіцца сутыкацца з адваротнай сітуацыяй: сталічныя навукоўцы даказваюць прадстаўнікам муніцыпальных улад каштоўнасць таго або іншага занядбанага будынка, але ў іх свая логіка: няма помніка — няма і праблемы.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню: маўляў, уся спадчына ў нас — у руінах, — статыстыка сведчыць, што “аварыйных” каштоўнасцей параўнальна няшмат: 229, або 13% ад усіх помнікаў архітэктуры. Але найбольш пытанняў выклікае менавіта іх лёс. Ці не будуць мясцовыя ўлады злоўжываць сваім правам, пазбаўляючы такія аб’екты статуса? Падобныя перасцярогі на пасяджэнні калегіі гучалі неаднаразова.

Забытыя курганы

Самая шматлікая катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцей — помнікі археалогіі, якіх у нас 2 336, — мае свае праблемы. І справа нават не толькі ў “чорных капальніках”, якія турбуюць спачылых продкаў, але і ва ўліку. Пад час нядаўняй інвентарызацыі 124 такія помнікі наогул не былі выяўлены. Лік пакуль не канчатковы, бо прыблізна чвэрць помнікаў археалогіі нават пакуль і не шукалі: інвентарызацыя да тых мясцін не дайшла.

Прычынай знікнення можа быць як няпэўная лакалізацыя (у мінулыя часы GPS не было), так і чыясьці гаспадарчая дзейнасць.

— Некаторыя з тых аб’ектаў былі страчаны яшчэ ў вельмі далёкія часы, — распавядае Ігар Чарняўскі. — Без сумневу, аб захаванні археалагічных помнікаў павінны дбаць менавіта людзі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі…

На сённяшні момант практычна ўсе археалагічныя помнікі маюць трэцюю катэгорыю, хаця ў ліку гэтых аб’ектаў ёсць як тыповыя для сваёй эпохі, так і асабліва каштоўныя — прыкладам, гарадзішчы ў Заслаўі. На думку Ігара Чарняўскага, такія помнікі археалогіі заслугоўваюць больш высокага статуса.

Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза звярнуў увагу на тое, што далёка не ўсе выяўленыя на тэрыторыі нашай краіны археалагічныя аб’екты (агулам іх — не менш за дзесяць тысяч!) на сёння ўключаны ў Дзяржспіс. У звязку з гэтым, на пасяджэнні калегіі было прынята рашэнне падрыхтаваць Рэестр помнікаў археалогіі.

— Зрабіць гэта не надта складана, бо ў свой час — яшчэ ў 1960-я — 70-я гады, — гэтыя аб’екты наносіліся на археалагічныя карты, — распавёў Ігар Чарняўскі. Многія навукоўцы маюць уласныя базы даных, і засталося толькі звесці ўсе тыя звесткі ў адно…

Пяць замест дваццаці пяці

Пэўныя змены маюць спазнаць таксама і крытэрыі, паводле якіх аб’ект можа атрымаць статус помніка. Цяпер іх агулам дваццаць пяць, а неўзабаве можа стаць ажно ў пяць разоў менш.

— Пакуль што крытэрыі даволі расплывістыя, і літаральна кожны каменьчык можна дапасаваць хоць да аднаго з іх, — кажа Ігар Чарняўскі. — Таму тут патрэбна большая канкрэтыка…

Па вялікім рахунку, “новыя” крытэрыі збольшага перафразуюць цяперашнія, хаця і гучаць яны больш строга. У кожным з пяці сустракаюцца паняцці “выдатны”, “значны”, “аўтэнтычны” і нават “шэдэўр”. Як падкрэсліў Ігар Чарняўскі, нельга ставіць знак роўнасці паміж гісторыка-культурнай каштоўнасцю і проста старым будынкам, а наданню статуса павінна папярэднічаць пэўная аналітычная работа з удзелам спецыялістаў, здатных выявіць сапраўды значныя ўзоры свайго часу альбо стылю.

Зрэшты, няма сумневу ў тым, што, нават нягледзячы на строгія крытэрыі, для паляпшэння статыстыкі ёсць усе рэсурсы: тыя аб’екты, якія не маюць статуса каштоўнасці, але цалкам могуць на яго прэтэндаваць. Прыкладам, шыкоўны вакзал у Парэччы, або сядзіба Бохвіцаў у Фларыянаве, або царква ў Чарэі, збудаваная, кажуць, яшчэ пры Льве Сапегу, або прыгожы неагатычны касцёл у Сталовічах... Можа, яны і не шэдэўры, аднак іх важнасць для сваіх рэгіёнаў выглядае, бадай, несумненнай. А трэцяя катэгорыя большага і не вымагае.

Татальнай “зачысткі” Дзяржспіса, якую прадказвалі многія песімісты, не адбылося: сёлетняя аптымізацыя пазбавіла статуса помніка ўсяго 89 аб’ектаў, з якіх толькі 38 — помнікі архітэктуры. У той самы час, дзеючая Дзяржпраграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады прадугледжвае павелічэнне колькасці помнікаў спадчыны на 1 000 адзінак. Праўда, выкананне гэтага паказчыка сёння пад вялікай пагрозай: за прамінулыя чатыры гады Дзяржспіс пашырыўся ўсяго на 139 пазіцый. Таму застаецца толькі спадзявацца, што атрымаўшы большыя паўнамоцтвы, муніцыпальныя ўлады выкарыстаюць іх для папаўнення, а не для скарачэння колькасці “афіцыйных” помнікаў. Нават не столькі дзеля статыстыкі і прэстыжу, колькі для будучыні свайго краю.