Амерыканская пастараль з абрыкосам

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Не так даўно апынуўся выпадкам у адным з дамоў культуры пасялковага значэння. Гэты ДК быў акурат пасля рамонту, але яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю творчымі аб’яднаннямі. Мой знаёмы прыехаў сюды па справе, і пакуль ён займаўся яе вырашэннем, я паблукаў па абноўленых памяшканнях.

/i/content/pi/cult/507/10968/2-6.jpgВядома, напісаць гэтую калонку прымусілі не атынкаваныя наноў сцены і не іх афарбоўка ў колер пераспелага абрыкоса, не новае пакрыццё на падлозе, сцэне і не шклопакеты ў вокнах. Магу сказаць толькі “Брава!” на адрас кіраўнікоў мясцовага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі і адпаведнаму абласному ўпраўленню, што нават у цяперашні эканамічна не самы спрыяльны час зайшлі сродкі, каб выканаць рамонтныя работы і абнавіць Дом культуры. І сапраўды: “Брава!”.

А вось за сцэнай трапіў мне на вока цэлы "вернісаж" з гэткіх фоташпалер у карцінным фармаце на вядомыя сюжэты амерыканскай фатаграфіі і тамтэйшых жа плакатаў. Памятаеце здымак, на якім дзеці сядзяць на балцы проста пасярод будоўлі хмарачосу? А знакаміты кадр з Луі Армстрангам, дзе ён з фірменным выразам на твары дзьме ў трубу? Вось такога кшталту фотакарціны (нераспакаваныя: яшчэ ў плёнцы) і адшукаў выпадкам.

Пытаюся, а навошта вам так шмат гэткіх сюжэтаў? Хіба фотастудыю адкрываеце? А мне супрацоўнікі ДК кажуць: сцены аздобім. Маўляў, танна, сімпатычна, для вачэй прыемна, а яшчэ і пазнавальна. Вось колькі зайцоў адным стрэлам!

А мне прыгадалася іншая традыцыя: яшчэ гадоў з трыццаць таму (нават менш) для аздаблення дамоў культуры выкарыстоўвалі манументальнага і карціннага фарматаў работы прафесійных мастакоў, прычым — айчынных. Гэтыя творы цэнтралізавана закупаліся, на іх рабілі замовы. І па сёння, дзе рамонт не знішчыў замалёўкай ці затынкоўкай, работы засталіся.

Ці радуюць яны вока? Не ўсе, бо тая ж сацрэалістычная манументалістыка ўсё ж такі кірунак, што не ззяе гламурам і, як правіла, фатаграфічнай адточанасцю, звыклай нам сёння ў прасторы грамадскіх будынкаў. Але ж — твор, нават так: Твор! Мастацкі, прафесійны, беларускі, нарэшце. А тут — сцены колеру пераспелага абрыкоса і амерыканскія поп-карцінкі. Нібы ў доме культуры (ці як у іх там) якога-небудзь штата Тэнэсі.

Ды не стану крывіць душой: так, непрыемна мне было, што ўстанова культуры займее такую сумніўную аздобу, але і зразумела, чаму так адбудзецца. Пытанне палягае ў плоскасці фінансава-эканамічнай. Пару дзясяткаў фотакарцін на палатне абышліся ДК у суму чатырох — пяці мільёнаў. Кошт адной толькі карціны айчыннага мастака супастаўнага фармату пачынаецца (у залежнасці ад імені) мільёнаў ад двух. Ці варта казаць колькі “пацягне” метр прафесійнай манументалкі?

Ды і ў такой сітуацыі, падаецца, можна было знайсці выйсце. Скажам, размясціць у фае Дома культуры серыю якогасьці з нашых фатографаў. Знойдуцца ў іх здымкі і ўрбаністычныя, і з вясковым каларытам, а жадаеце — партрэты, сюжэты, культурная хроніка… Ці давялося б заплаціць фатографам? Як дамовіцеся. За друк здымкаў ды рамы дык дакладна ахвяравалі б суму, супастаўную з бюджэтам закупкі амерыканскіх гарадскіх пастаралек, шырспажыўна растыражаваных у Кітаі. Але здымкаў, падазраю, атрымалася б больш. Гэта калі меркаваць з пункту гледжання колькасці. Ну і якасць прымусіла б госця ўстановы культуры хоць на пару імгненняў спыніцца ў задуменні. А мо і зачасціць у ДК, каб даўжэй пастаяць ля таго фота, што апанавала душу. Падаецца, менавіта гэта бліжэй да функцыі дома культуры наогул. І сцены б, відаць, не падаваліся ўжо такімі абрыкосавымі…

А за рамонт ДК і сапраўды “Брава!” усім тым, хто да яго спрычыніўся.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах