Сямейная стужка: адпачынак ці роздум?

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

"Глядзім кіно — усёй сям’ёй!" — пакуль гэта формула ў дачыненні да айчынных стужак дзейнічае не так часта, як хацелася б. І справа не ў тым, дзе тыя фільмы глядзець — у кінатэатры ці ля тэлевізара, а ў самой іх вытворчасці. Хаця, здавалася б, чаго-чаго, а так званых “дзіцячых” фільмаў знята апошнім часам ледзь не больш, чым звычайных “дарослых”.

/i/content/pi/cult/507/10967/2-5.jpgДарэчы, што такое ўвогуле — сямейнае кіно? Там, дзе няма “ніжэй пояса”? Ці проста — фільм для дзяцей, на якім і дарослыя не надта засумуюць? Часцей за ўсё на азначэнне “сямейнага” прэтэндуе мастацтва проста дзіцячае. Не выпадкова ж цяпер нават на тэлеэкранах узнікаюць пазнакі накшталт “12+”, “16+”, што акрэсліваюць ніжэйшую ўзроставую планку. Вышэйшую — не пазначаюць. І дарма, бо ў некаторых дзіцячых стужках бабулі з дзядулямі могуць і не разабрацца. Гэта той прыклад, калі дзіцячымі пачынаюць называць фільмы, дзе патрабуюцца тлумачэнні — не праз складанасці ўзнятых пытанняў, а з-за надта мудрагелістага “закручвання” сюжэтных ліній. Узгадаю стужку “Рыжык у Залюстэраччы” таленавітай, здольнай да палёту фантазіі Алены Туравай. З гэтага фільма, на маю думку, можна зрабіць некалькі, настолькі разгалінаваны ў ім сюжэт. У выніку некаторыя лініі аказаліся нібыта кінутымі, а логіка паводзін герояў — на жаль, пацярпела. Так што сямейныя абмеркаванні маглі б тычыцца хіба пошуку больш простых выхадаў з сітуацый.

Сярод нялепшых традыцый — паказ кемлівых, дасведчаных дзяцей і дурнаватых дарослых, якія ім не вераць. Ці настолькі заглыбленых у свае нікчэмныя, па сутнасці, рэчы, што не бачаць і не разумеюць дзіцячых праблем. Так, усё гэта ёсць у жыцці — хіба, можа, не ў такой форме. Але смешна думаць, нібыта дзеці будуць больш цаніць сваіх бацькоў і настаўнікаў пасля сузірання іх парадыйных “прататыпаў” на экране. Між тым, такой расстаноўкі вобразаў не пазбегла нават стужка “Неверагоднае перамяшчэнне” — адна з лепшых, знятых апошнім часам на “Беларусьфільме”. Аўтар сцэнарыя Рыта Шаграй і рэжысёр Аляксандр Анісімаў зрабілі спробу “дакапацца” да прычын строгасці адной з настаўніц, убачыўшы адзіноту жанчыны, схільнай дарыць святло і цяпло. А вось бацькі і вынаходлівыя дзеці так і засталіся антаганістамі: маўляў, што тыя дарослыя ўвогуле разумеюць у жыцці! Хіба — патрабуюць да сябе ўвагі з боку дзятвы.

А дзе ж тыя фільмы, каб дарослыя задумваліся над сваімі праблемамі — разам з дзецьмі? А дакладней, глядзелі б на іх вачыма дзяцей? Бо дзеці рана заўважаюць складанасці свету — і інтэрпрэтуюць іх на свой лад. А яшчэ — куды часцей здзіўляюцца таму, што мы ўспрымаем як дадзенасць. Пэўна, нельга разумець пад сямейным кіно адно камедыі становішчаў, там павінны быць і сур’ёзныя стужкі, але зробленыя сапраўды па-мастацку, каб задавальненне можна было атрымліваць ужо ад таго, як гэта зроблена.

Для параўнання — замежны вопыт. У час нядаўняга “Тыдня японскага кіно” ў кінатэатры “Перамога” бясплатна паказвалі поўнаметражны мульцік “Монстры на востраве”. Зала была далёка не аншлагавай, прычым пераважвалі падлеткава-юначыя кампаніі, а зусім не сем’і з дзецьмі. Можа, апошнім перашкодзіў абедзены час? А павучыцца там было чаму. Да пачатку сеанса — цікавыя дакументальныя кадры менавіта на сямейную тэматыку: як прыгатаваць тыя ці іншыя стравы, зрабіць упрыгожванні… А самі “Монстры...”, нягледзячы на “страшную” назву, — для ўсіх узростаў. Нечаканыя павароты, удалы тэмпарытм, безліч камедыйных фрагментаў у стане захапіць нават тых, хто прыйшоў глядзець спецэфекты-“страшылкі”, якіх у фільме і няма. А ёсць — трывога за падзел на “нашых” і “ворагаў”, за тое, што сродкам яднання паміж імі выступае не ўзаемапаразуменне (ці жаданне зразумець не такога, як ты), не сумесная праца, а з’яўленне новага “агульнага” ворага. Ці ж гэта — не вечнае пытанне? І адначасова — ці ж не пра нашу рэчаіснасць? На ўсіх узроўнях — ад самай маленькай суполкі. Фінал без саладжавага хэпі энду — яшчэ адна нагода для далейшых абмеркаванняў і пошукаў выйсця.

Сярод беларускіх стужак апошняга часу — нічога падобнага штосьці не ўзгадалася. Так што сямейнае кіно (як і, шырэй, сямейныя “падвіды” ў іншых відах мастацтва) — пакуль “рарытэт”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"