Дзе мы ў кінасхеме?

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Беларускаму кіно — 90 гадоў: юбілей у эпоху посткіно
Напэўна, бацькі-заснавальнікі беларускага кінематографа Юрый Тарыч і Уладзімір Корш-Саблін вельмі б здзівіліся, каб даведаліся, што кіно можна здымаць на фотаапарат і абыходзіцца пры гэтым без плёнкі, без дарагіх і высокатэхналагічных працэсаў накшталт праяўкі-друку кінакопій, а паказваць фільмы — з маленькай скрыначкі. Ва ўсім астатнім сутнасць іх любімай справы засталася ранейшай. Больш за ўсё змянілася не тэхніка, а гледачы і свет вакол. Беларускае кіно пачынае свой дзясяты дзясятак ў зусім іншых абставінах і сітуацыі, чым восьмы ці нават дзявяты. Змяняецца час, кіно займае ў ім іншае месца. Якое менавіта, пагаворым ніжэй.

/i/content/pi/cult/507/10966/2-3.jpg

У чаканні

Як гэта ні дзіўна, але паміж Тарычам і Кудзіненкам — усяго адзін поціск рукі. У 1961 годзе гурт студэнтаў-ВГИКаўцаў працаваў над курсавым альманахам “Камбуд”. У нейкі момант ўзнікла ідэя запрасіць у Мінск у якасці мастацкага кіраўніка Юрыя Тарыча. Стваральнік першых беларускіх карцін да таго моманту ўжо шмат гадоў жыў у Маскве, але з радасцю пагадзіўся дапамагчы маладым беларускім рэжысёрам.

Праз трыццаць з невялікім гадоў ужо сам Віктар Тураў з таго выпуску набіраў свой самы першы курс: Аляксандр Колбышаў, Андрэй Кудзіненка, Алена Трафіменка, Ірына Волах... Тыя, каму давялося прабівацца да здымачнай пляцоўцы ў самыя, мабыць, за выключэннем ваеннага ліхалецця, складаныя гады існавання беларускага кіно. У пачатку двухтысячных загучалі імёны Андрэя Голубева, Максіма Субоціна, Людмілы Дуброўскай, Дзяніса Скварцова. Увесь апошні год не сыходзіць з палос газет і экранаў тэлевізараў імя Аляксандры Бутар…

Імёны і нават пакаленні ў сучасных умовах змяняюцца хутчэй за рэкламныя шыльды на гарадскіх вуліцах. Наша кіно — у пастаянным пошуку талентаў, рэжысёраў, тэм. З аднаго боку, гэта вельмі добра — жыццё і ёсць рух. З іншага ж, сучасны беларускі кінапрацэс выглядае як бясконцая колькасць стартаў без якога-небудзь выяўленага працягу. Кожнае новае імя больш чым добразычліва сустракаецца прафесіяналамі і прэсай. Але чаканага прарыву чамусьці не адбываецца. Стварыўшы карціну-другую, маладыя і перспектыўныя аўтары або сыходзяць у серыяльную індустрыю суседняй дзяржавы, або зусім мяняюць сферу дзейнасці.

Выдатнага Аляксандра Колбышава, аўтара шчырых і рэалістычных драм “Ахвота жыць” і “Ваўкі”, на жаль, ужо няма з намі, зусім мала працавалі як ігравікі Алена Трафіменка, Рэната Грыцкова і Ірына Волах, знаходзіцца ў пошуку пасля нашумелай “Масакры” Андрэй Кудзіненка, шукае працу па-за межамі “Беларусьфільма” аўтар удалых тэлефільмаў “Вой, ма-ма-чкі!” і “Усё, што нам трэба” Іван Паўлаў. Працуе на прадзюсараў з суседняй краіны стваральнік абсурдысцкай камедыі “Дастыш Фантастыш” Аляксандр Канановіч...

Спіс можна працягваць бясконца — наша краіна багатая на таленты. Але толькі талент не можа быць аднаразовым. Кожнага дэбютанта сустракаюць як месію, закліканага вывесці нашу кінематаграфію на “прынцыпова іншы ўзровень”. Пры гэтым забываючыся, што кіно, кажучы словамі выдатнага пісьменніка-філосафа Станіслава Лема, — “сума тэхналогій”, квінтэсэнцыя культуры і цывілізацыйнага развіцця ўсяго грамадства.

Замкнёнае кола

Ігравое мастацкае кіно ў нашай краіне ў цэлым ужо які год спрабуе намацаць глебу пад нагамі, знайсці кропку адліку, каб атрымаць імпульс у патрэбным кірунку. Рэжысёры і сцэнарысты імкнуцца вызначыць тэму, якая не проста прымусіць гледача аддаць перавагу менавіта іх кіно, але і заявіць аб нашым кінематографе як аб нечым арыгінальным, а не проста як аб чарговай спробе выкарыстаць чужыя ідэі і прыёмы. Хтосьці, як стваральнікі “Анастасіі Слуцкай” і “Масакры”, бачылі свою тэму ў спробах напісання новага нацыянальнага міфу, хтосьці, як Віктар Аслюк ў “Нябачаным краі” ды “Рускім”, стараецца знайсці яе ў экранізацыях класікаў нацыянальнай літаратуры, а нехта — у апісанні падзей адносна нядаўняга мінулага, як гэта адбывалася ў “Пакуль мы жывыя” і “Я памятаю” Сяргея Сычова.

Паказальна, што, за невялікім выключэннем, беларускія аўтары нібы баяцца пераступіць рысу сапраўднай мастацкасці. Выказаная на начатку прыходу ў грамадства рынкавых адносін устаноўка “рабіць моцнае жанравае кіно “без прэтэнзій” працягвае дзейнічаць да гэтага часу. Праўда, “без прэтэнзій” атрымліваецца далёка не ва ўсіх. Камерцыйны поспех нашага кіно пакуль пакідае жадаць лепшага.

Такім чынам, існуе своеасаблівае замкнёнае кола. Тыя, хто імкнецца зрабіць заяўленае “моцнае жанравае” грэбуюць статусам мастака. Тыя, хто ўсё ж такі зрэдку вырашаецца на эксперымент, упіраюцца ў нябачную сцяну неразумення гледачоў, калег, кіраўніцтва сферы. У выніку, галоўныя поспехі нашага кіно апошнім часам засяродзіліся ў галіне сумесных пастановак — замежныя прадзюсары на здзіўленне ўмела выкарыстоўваюць нашы матэрыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы для стварэння сваіх праектаў. “Прасунутая” сталічная публіка апладзіруе фільму Сяргея Лазніцы “У тумане” на фестывалі “Лістапад”, а тэлевізійная аўдыторыя пад кодам “Ж55+” не адрываецца ад шматсерыйных меладрам, знятых на вуліцах Мінска.

Тавар і яго купцы

Зрэшты, казаць аб нашым кіно выключна ў мінорным тоне не ўяўляецца магчымым. Карыстаюцца ўвагай пракатчыкаў фільмы для дзяцей Алены Туравай, раз за разам атрымліваюць ўзнагароды на самых прэстыжных фестывалях дакументалісты, пра беларускіх аніматараў выказваюцца толькі ў найвышэйшай ступені. Наогул, дзякуючы пастаяннай увазе і падтрымцы дзяржавы менавіта кінематаграфісты ніколі не маглі паскардзіцца на закінутасць. З укараненнем практыкі правядзення рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на дзяржаўнае фінансаванне змаглі прэтэндаваць не толькі рэжысёры з “Беларусьфільма”, але і прадстаўнікі прыватных кампаній. Дарэчы, сама кінастудыя за апошнія некалькі гадоў змянілася і, пасля завяршэння рэканструкцыі, якое чакаецца налета, будзе ўяўляць з сябе кінафабрыку ў адпаведнасці з усімі сучаснымі стандартамі. Уласна і цяпер вытворчыя магутнасці “Беларусьфільма”, нашы спецыялісты і геаграфічныя лакацыі нязменна запатрабаваны як у айчынных, так і ў замежных кінагрупах.

Аднак нацыянальнае кіно ва ўсім свеце існуе не дзеля прэстыжу або заробку. Кінематограф не толькі галіна эканомікі, а неад’емная частка нацыянальнай культуры, грамадства, дзяржавы, што адбыліся. І таму кіно не можа быць толькі забавай, атракцыёнам для баўлення вольнага часу. Нягледзячы на больш маладых, але больш агрэсіўных канкурэнтаў у выглядзе тэлебачання і Інтэрнэту, кіно ўсё яшчэ застаецца важным відам мас-медыя, ад якога чакаюць не толькі голых эмоцый, але і нейкага паведамлення — пасылу гледачу ад аўтара.

Менавіта невыразнасць такога паслання, адсутнасць логікі, выпадковасць у самім з’яўленні кінапраектаў на экране да гэтага часу з’яўляюцца асноўнай праблемай кінематографаў постсавецкіх краін. Аўтары слаба ўяўляюць пра што, а галоўнае, навошта яны размаўляюць з гледачом на мове кіно. Нездарма самыя значныя, у тым ліку міжнародныя поспехі ў апошні час дэманструюць нашы дакументалісты з сюжэтамі наўпрост з жыцця, актуальнымі праблемамі і рэальнымі асобамі з сапраўднымі, а не прыдуманымі характарамі.

Эпоха спажывання, у якую чалавецтва ўступіла на вышэйшай стадыі індустрыяльнай эры, вельмі моцна змяніла глядацкія прыярытэты. “Грамадства спажывання” выцесніла “грамадства асветы”. Глядач цяпер прагне нязменнага “пазітыву”, за якім губляецца сапраўднае мастацтва. Прычым сама мова кінамастацтва змяняецца ледзь не хутчэй, чым мода на колер ды фасон адзення. Камп’ютарныя спецэфекты або стэрэатэхналогіі яшчэ некалькі гадоў таму рабілі фурор, але сёння самі па сабе ўжо не гарантуюць увагі публікі. Лічбавыя тэхналогіі і Інтэрнэт ператварылі кінематограф з самага папулярнага мас-медыя ў адно з мноства: калі раней спаборнічалі за месца ў глядзельнай зале, то зараз прадзюсары змагаюцца за ўвагу аўдыторыі.

Быць паспяховым у эпоху інфармацыйнага выбуху вельмі складана. Глядацкая маса сама па сабе разбілася на мноства аўдыторый — узроставых, тэматычных, субкультурных, — у кожнай з якой свае прыярытэты. Таму зусім не дзіва, што, напрыклад, апошняя па часе прэм’ера Нацыянальнай кінастудыі “Белыя росы. Вяртанне” ў адной катэгорыі гледачоў выклікае шалёнае захапленне, а астатніх зусім не цікавіць. “На кожны тавар існуе свой купец” — прымаўка, больш чым актуальная ў нашы дні. Аднак, нават “свайго” гледача трэба яшчэ знайсці, прыдумаць, чым яго “зачапіць” — атрымаць аўдыторыю ў нашы дні нават больш важна, чым зарабіць на ёй грошы. Менавіта ўвага аўдыторыі цяпер — галоўная ўзнагарода для творцы.

Пэўная раздробленасць публікі, яе існаванне на розных узроўнях характэрна для постіндустрыяльнай схемы арганізацыі грамадства, да якой перайшлі або паступова пераходзяць у найбольш развітых краінах. Сфера кіно як самая перадавая перайшла да сеткавацэнтрычнай схемы функцыянавання. Кінапрацэс ужо даўно не ўяўляе з сябе прамую лінію “аўтар — кінафабрыка — кінатэатр — глядач”, а развіваецца па згаданай сеткавай схеме. Беларускае кіно не выключэнне, яно ўжо не ўкладаецца толькі ў некалі усёабдымнае паняцце “Беларусьфільм”. Акрамя Нацыянальнай кінастудыі і шэрагу прыватных кінакампаній з’явіўся цэлы пласт малабюджэтных аматарскіх праектаў, аўтары якіх нярэдка дасягаюць цалкам прафесійнага ўзроўню якасці. Развіваюцца, у тым ліку ў Беларусі, паралельныя формы і спосабы пракату і паказу фільмаў, узнікаюць нішавыя кінаклубы ды кінафэсты. Аднак, драбненне аўдыторыі не прыводзіць да павелічэння касавых збораў і эканамічнай эфектыўнасці. Як у такіх новых, складаных, умовах канкурыраваць за ўвагу публікі і фінансавыя рэсурсы — пакуль незразумела не толькі беларусам, бо атрымліваць паўнавартасны даход ад паказаў на адасобленых ад кінатэатраў медыя-платформах, накшталт сайтаў у Інтэрнэце, не атрымліваецца амаль ні ў кога ў свеце.

Больш пытанняў

Эпоха змен, у прынцыпе, заўсёды прыносіць больш пытанняў, чым адказаў на іх. Пакуль зразумела толькі адно: сучасныя тэхналогіі старэюць вельмі хутка, і поспех у кіно гарантуюць не столькі яны, колькі ўменне лепш за іншых данесці сваю ідэю да максімальна большай колькасці гледачоў. Баль у кіно, як і ў іншых сферах жыцця, пачынаюць правіць так званыя гуманітарныя тэхналогіі, мерай усіх рэчаў зноў становіцца чалавек, а не камп’ютар. Таму тым, хто хоча не спазніцца на цягнік кіно ХXI стагоддзя, трэба канчаткова зразумець, што кіно — у першую чаргу, гэта сродак камунікацыі паміж людзьмі. Варта надаваць больш увагі падрыхтоўцы і ўзроўню развіцця спецыялістаў непасрэдна кінематаграфічных спецыяльнасцей, укладваць не толькі ў “сцены”, але і ў людзей.

Беларусь мае шэраг несумненных пераваг, якія могуць дапамагчы нашай краіне быць цалкам канкурэнтаздольнай нават на сусветным кінарынку. Так, у нас — выгаднае геаграфічнае становішча, унікальныя лакацыі, высокі прафесійны і агульны ўзровень нашых кінематаграфістаў. Але каб удала ўсім гэтым скарыстацца, патрабуецца інвеставаць у капітал, у першую чаргу — чалавечы, павышаць узровень кінематаграфічнай адукацыі, бесперапынна паляпшаць структуру кіравання кінематаграфічнай сферай. Увогуле, займацца “мазгамі” не менш, чым “мускуламі”.

Такім чынам, перад нацыянальным кінематографам напярэдадні яго дзевяностагоддзя паўстаюць як асобныя, абумоўленыя спецыфікай яго развіцця, так і глабальныя праблемы, над якімі ламаюць галаву спецыялісты ва ўсім свеце. І наколькі нашым кінематаграфістам атрымаецца з гэтымі праблемамі справіцца будзе залежыць, з якім настроем спадкаемцы Тарыча і Корш-Сабліна падыдуць да наступнай, векавой даты існавання нацыянальнага кінамастацтва.