Цэнаўтварэнне: як і чаму?

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

“Бясплатных імпрэз аддзел амаль не ладзіць”
Гадоў пяць таму начальнік тады яшчэ аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў распавядаў пра тое, як кіраўнік нейкай гарадской арганізацыі адмовіўся плаціць за канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры. Зайцаву давялося заключаць пары: калі старшыня райвыканкама дасць згоду на такі расклад, дык так таму і быць, калі ж не — плаціць давядзецца ўдвая. Па факце кіраўнік арганізацыі аплаціў работнікам культуры двайную цану. Вывад: цэнавую палітыку кіраўніцтва раёна падтрымлівае. А бясплатных мерапрыемстваў аддзел амаль і не ладзіць. Пра цэнаўтварэнне распявядае “К” намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканама Ніна ХАРОНЖА.

/i/content/pi/cult/509/10959/7-123.jpg— Ніна Сяргееўна, вы ў свой час хутка прывучылі народ плаціць за культурныя паслугі. Улады раёна па-ранейшаму вас падтрымліваюць у гэтым кірунку?

— Так. Хоць летась у нас і змяніўся старшыня райвыканкама, але гэтую пасаду заняў колішні першы намеснік кіраўніка раёна Сяргей Якаўлеў. Ён палітыку станоўчага стаўлення да культуры працягвае не менш эфектыўна. Асабліва гэта тычыцца сацыяльна-творчых замоў, якія заключаюць з намі арганізацыі і прадпрыемствы горада і раёна.

— Сацыяльна-творчыя замовы на правядзенне карпаратыўных юбілеяў, цырымоній, прафесійных святаў?

— Так. І прадпрыемствы з гатоўнасцю пералічваюць грошы, бо ведаюць, што атрымаюць яркае ды змястоўнае відовішча. Да прыкладу, так ладзіцца цырымонія “Залаты Рог”, калі падводзяцца вынікі дзейнасці ў сацыяльна-культурнай сферы і вызначаюцца лепшыя… Сацыяльныя замовы складаюць недзе працэнтаў трыццаць ад агульнага валу пазабюджэтнай дзейнасці. І гэта заўжды працаёмістыя акцыі: з нашым вядучым і якасным канцэртным забеспячэннем, з абавязковай выстаўкай і адпаведным афармленнем залы. А замаўляюць яшчэ і абрады. Як правіла, праводзім іх у Цэнтры рамёстваў. Словам, выкарыстоўваем у пазабюджэтнай дзейнасці ўсе магчымыя формы.

— Дык у вас сапраўды няма бясплатных мерапрыемстваў?

— Практычна. Вы ўявіце сабе, што за год трэба зарабіць адзін мільярд трыста мільёнаў рублёў. А да выканання задання неабходна атрымаць на сёння сто мільёнаў…

— Хіба дробязь?

— Не, канешне. Але, думаю, за навагоднія святы дабярэм тое, што патрэбна, без праблем. Нягледзячы нават на тое, што сетка ўстаноў скарачаецца па прычыне аптымізацыі.

— Дагэтуль гаворка ішла пра стасункі аддзела і прадпрыемстваў. А як у вас наладжаны рынкавыя адносіны з “фізічным” спажыўцом культуры? Скажам, з шараговым вяскоўцам, які не вызначаецца асаблівай плацёжаздольнасцю?

— А мы не перавышаем 20-працэнтную рэнтабельнасць мерапрыемстваў. Інакш кажучы, гэтая мяжа ў пэўнай ступені ашчаджае кашалёк вяскоўцаў… Натуральна, на кожную дзею складаем планавую калькуляцыю, дзе ўлічваюцца ўсе расходы (рэнтабельнасць, аўтарскія, камандзіровачныя, рэклама), у тым ліку і запрашэнні пабочных спецыялістаў, якім, натуральна, аплачваецца праца. Але прызвычаіліся эканоміць, абыходзіцца штатнымі работнікамі.

— Якая паслуга мае максімальную цану?

— Вельмі запатрабаваныя выязныя экскурсіі па Беларусі. Балазе ў нас чатыры адзінкі камфартабельнага транспарту. Жадаючыя павандраваць аплачваюць толькі бензін. А паездка з нашымі экскурсаводамі (да прыкладу, да Блакітнай Крыніцы і царквы ў Слаўгарадзе) каштуе ад 60 да 80 тысяч рублёў. А цана на білет вясковай дыскатэкі не перавышае 15 — 20 тысяч. Дыскатэка, натуральна, не шараговая, а якасная: тэматычная, насычаная конкурсамі і віктарынамі.

— А вяскоўцы яшчэ не скардзяцца, што дорага?

— Пакуль не. Калі клуб паспяхова выконвае план па аказанні платных паслуг, мы дазваляем у якасці заахвочвання правесці для свайго насельніцтва і штосьці бясплатнае.

— Вы такую пазабюджэтную суму за год зарабляеце, што і ўявіць цяжка… Ці ўплывае гэта на заробкі?

— Штомесяц падводзім вынікі аказання платных паслуг. Ёсць працэнт адлічэння ў прэміяльны фонд. Калі план выконваецца, калі на рахунку ўстановы ёсць грошы, дык спецыяліст, згодна з нашым палажэннем, можа атрымаць і пяць акладаў, а можа — і 0,25…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"