Крэатыўны сектар: час для практыкі

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Інвестыцыі ў культуру. рэаліі і перспектывы
У сучасным грамадстве выдаткі на сацыяльную сферу, у тым ліку і на культуру, усё часцей разглядаюцца як інвестыцыйныя, паколькі фармуюць і развіваюць чалавечы патэнцыял ды ўмацоўваюць сацыяльны капітал. Апошнія, у сваю чаргу, з’яўляюцца фактарамі эканамічнага росту. Праз гэта сфера культуры становіцца важным аб’ектам інвеставання. Пад інвестыцыямі ж у даным выпадку маюцца на ўвазе ўкладанні ўсіх відаў рэсурсаў з мэтай атрымання даходу ці іншага карыснага эфекту (або нарошчвання капіталу).

Калі прыярытэты — падманныя…

Ацэнка эфектыўнасці на ўзроўні эканамічных вынікаў арганізацый культуры — справа неабходная, але такі падыход з’яўляецца абмежаваным. Камерцыйная дзейнасць для большасці з іх — рэч другасная, спадарожная і часам нават вымушаная. А прыняцце за аснову выключна фінансавых паказчыкаў можа стварыць падманныя прыярытэты ў дзейнасці. Яшчэ ў 1990 годзе даследчык Канстанцін Сакалоў выказваўся, што ў дачыненні да сферы культуры эканамічны складнік адлюстроўвае толькі адну частку агульных паказчыкаў эфектыўнасці, у іншых сегментах — маркеры сацыяльнай эфектыўнасці. А праз дваістасць статусу арганізацыі культуры як суб’екта эканамічнай дзейнасці, так і сацыяльнай, грамадска значнай, ацэнка сацыяльнай эфектыўнасці павінна выбудоўвацца з выразнай іерархіяй мэт дзейнасці.

Сацыяльная эфектыўнасць звязана з сацыяльнай задачай (місіяй), для вырашэння якой і былі створаны арганізацыі культуры. Яна ж служыць індыкатарам здольнасці апошніх дасягаць пастаўленыя перад імі сацыяльныя і грамадска значныя мэты. Культурны асяродак таксама разглядаецца як індыкатар і асноўны крытэрый інвестыцыйнай прывабнасці тэрыторыі, бізнес — як мецэнат, укладальнік сродкаў, партнёр у працэсе фарміравання спрыяльнага арэала пражывання чалавека, а крэатыўная эканоміка — як перспектыўны кірунак укладанняў інвестыцый.

Бізнес-ідэі пад дзяржаўна-прыватнае

У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі актыўна развіваюцца культурныя індустрыі, такія як тыражаванне рознага роду газет, часопісаў, іх электронных версій, рамесніцтва, сувенірная прадукцыя, дызайн і мадэльны бізнес, шоу-бізнес, аўдыя- і відэапрадукцыя. З’явіліся першыя творчыя кластары не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Адзначым і павышэнне цікавасці органаў улады да развіцця культуры праз механізмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, выкарыстанне якога ў сферы — адно з актуальных пытанняў сёння праз эканамічную сітуацыю ў галіне і, адпаведна, неабходнасць пошуку пазабюджэтных крыніц фінансавання.

Названыя падыходы звязаны з тэндэнцыяй зніжэння выдаткаў на культуру цягам апошніх гадоў, хаця гэта сфера сёння разглядаецца і як рэсурс для эканамічнага развіцця і аб’ект для эфектыўнага інвеставання. Актуальнасць вывучэння магчымасцей прымянення партнёрскіх стасункаў з прыватнікам у галіне абумоўлена і тым, што ў структуры дзяржаўнай маёмасці высокая доля аб’ектаў культуры, прыватызацыя якіх забаронена або з’яўляецца немэтазгоднай. Ды, разам з тым, эфектыўнае развіццё тых самых аб’ектаў патрабуе прыцягнення прыватных інвестыцый і новых бізнес-ідэй. (Заўважым: у замежнай практыцы асноўнай перадумовай развіцця ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу таксама стала неабходнасць прыцягнення дадатковых сродкаў для зніжэння фінансавага цяжару бюджэту.)

Перадумовы для выкарыстання механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры ў Беларусі становяцца ўсё больш яўнымі, аднак пазітыўных прыкладаў прымянення такіх форм небагата, і яны пакуль яшчэ не гэткія ж эфектыўныя, як за мяжой. Скажам, сёння можна канстатаваць: у краіне сфарміравана бізнес-супольнасць, паспяхова развіваецца бізнес і ў сацыяльнай сферы. Ды нельга адзначыць яго актыўных праяў менавіта ў сферы культуры. Разам з тым, цягам апошніх дзесяцігоддзяў у свеце, у тым ліку і ў Беларусі, змяняецца ўяўленне пра ролю культуры ў рэгіянальным развіцці і назіраецца імкненне ператварыць яе ў прыбытковую галіну эканомікі, выкарыстоўваць патэнцыял назапашанага і зноў створанага багацця, актыўна ўключаючы ўсё тое ў эканамічны абарот.

/i/content/pi/cult/509/10958/7-7.jpg

Лабараторыя замест браку ведаў і практык

Пачынаючы з 2005-га адбываюцца істотныя змены ў стаўленні да культуры, і бізнес усведамляе факт таго, што культурныя брэнды становяцца рэсурсамі ўстойлівага развіцця тэрыторый, а галіна становіцца рэпутацыйна прывабнай у іх прасторы. Разам з тым, найчасцей перашкодай на шляху да супрацоўніцтва ўстае элементарны недахоп ведаў пра тое, як арганізаваць культурны праект, адкрыць творчую майстэрню, знайсці патэнцыйных інвестараў…

Апошні тэзіс не дзівіць: менеджмент у нашых вышэйшых навучальных установах выкладаецца па падручніках без прыцягнення практык. А вось каб стварыць у адным з вядучых ВНУ культуры і ў рэгіянальных метадычных цэнтрах бізнес-лабараторыі па аказанні практычнай дапамогі выпускнікам творчых спецыяльнасцей, а таксама маладым спецыялістам у стварэнні творчых праектаў, бізнес-планаў у сферы культуры? І да такой супрацы важна прыцягнуць дзеючых спецыялістаў, якія маюць станоўчы вопыт у працы над праектамі ад ідэі і яе распрацоўкі да атрымання вынікаў.

Для каго праца такіх лабараторый сталася б важнай? Найперш для тых, у каго ўжо ёсць ідэя будучага бізнесу ў сферы культуры ці, інакш кажучы, у крэатыўным сектары, але пакуль няма разумення таго, як выбудаваць працу і з чаго, урэшце, пачынаць. І якраз стасункі з паспяховымі прафесіяналамі стануць для моладзі сур’ёзным стымулам для пабудовы кар’еры.

Станоўчай падзеяй стане і тое, што ў наступным навучальным годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў пачнецца чытанне лекцый па прадмеце “Эканоміка культуры” для
больш мэтанакіраванай падрыхтоўкі менеджараў сферы з улікам спецыфікі апошняй. Адна з тэм, дарэчы, як мяркуецца, і будзе прысвечана інвестыцыям у культуру, арганізацыі фандрайзінгавых кампаній і кансалтынгавых паслуг.

Культура на эканамічных форумах — гэта…

Неабходныя інвестыцыйныя пляцоўкі для крэатыўных індустрый патэнцыйна існуюць на вялікіх эканамічных форумах. Але, як правіла, гэта сфера задзейнічана ў выстаўках, канферэнцыях і іншых значных мерапрыемствах эканамічнай прасторы ў якасці суправаджэння ўрачыстасцей і культурных праграм для ўдзельнікаў падзеі. Але не як раўнапраўны партнёр у сферы бізнесу. І сітуацыя патрабуе вырашэння...

(Працяг чытайце ў № 52.)

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: