Прэстыжна і адказна

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

…Праграма мерапрыемства была надзвычай насычанай. Але госці, азнаёміўшыся з ёю, цалкам яе ўхвалілі і папрасілі ні ў якім разе праграму не скарачаць, а вось калі яшчэ чым дапоўніць — дык калі ласка. З афіцыйных прамоў і прыватных размоў было зразумела, што для суайчыннікаў з замежжа вандроўка ў Беларусь — гэта нешта большае, чым “курсы павышэння кваліфікацыі”. Тут цалкам карэктным будзе параўнанне з наведваннем шчырымі хрысціянамі Святой Зямлі. Сама атмасфера прыязнага сумоўя, адчуванне далучанасці да вялікай культурнай грамады, відавочна, натхняе не ў меншай ступені, чым сумоўе (лічы — на роўных, бо справа робіцца адна) з аўтарытэтнымі дзеячамі нацыянальнай культуры.

Ну а цяпер пра сам праект. З 15 па 19 снежня Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут культуры Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой “Радзіма” ладзілі майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа. Мерапрыемства мела назву “Майстэрства калектываў аматарскай творчасці і іх роля ў прэзентацыі беларускай культуры за мяжой”. Частка імпрэз адбывалася ў сценах Інстытута культуры Беларусі, а іншыя — на выездзе: у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Нашы суайчыннікі з Латвіі, Польшчы, Расіі, Эстоніі, Італіі, Казахстана, Літвы кантактавалі з такімі асобамі, як кіраўнік гурта “Этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. Цітовіча Міхась Дрынеўскі, супрацоўнік аддзела старажытнай беларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марыя Віннікава і іншымі. Тэматыка майстар-класаў уключала ў сябе традыцыі народнай харэаграфіі і вакальна-харавога майстэрства, сучаснае асэнсаванне старажытных абрадаў і свят, традыцыйныя промыслы і рамёствы, сённяшні дзень народнага касцюма. Гаворка ішла пра чыннікі нацыянальнай тоеснасці, якія вылучаюць Беларусь сярод краін свету, дазваляюць нашым суайчыннікам у замежжы заставацца самімі сабой і трымаць сувязь з Бацькаўшчынай.

Ад кіраўнікоў жа праекта можна было пачуць меркаванне, што такія імпрэзы нам, якія жывуць у Беларусі, патрэбны не менш, чым беларусам, што жывуць у замежжы. Іх вачамі мы бачым сябе нібыта звонку і лепш усведамляем сваё месца і статус у Сусвеце. А тое, што беларусы ў замежжы імкнуцца захаваць сваю тоеснасць, — знак таго, што быць беларусам прэстыжна. Мне, у прыватнасці, запомніліся словы спадарыні, што прадстаўляе беларускую арганізацыю ў Італіі: нягледзячы на прывабнасць італьянскай культуры і цывілізацыі, яна і людзі яе суполкі жадаюць заставацца беларусамі.

Прадстаўнікі Інстытута культуры, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, таварыства “Радзіма” шчыра гаварылі пра свае праблемы. Матэрыяльныя, кадравыя ды іншыя, якіх нямала ў культурнай галіне. Але падкрэслівалася, што ні ў якім разе нельга эканоміць на іміджы, бо гэта пытанне прэстыжу дзяржавы і беларускага ўплыву ў свеце. Разам з тымі са сваіх суайчыннікаў, якім лёс наканаваў жыць за межамі Беларусі, мы чакаем шчыравання ў справе прэзентацыі беларушчыны. Бо быць беларусам не толькі прэстыжна, але і адказна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"