Акінчыцы, Альбуць, Смольня…

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Я вельмі ўдзячная Міністэрству культуры за фінансавую падтрымку нашых філіялаў. Яны ўсе даведзены да ладу. Шмат зрабіў і робіць у гэтым кірунку Стаўбцоўскі райвыканкам.

/i/content/pi/cult/509/10951/6-4.jpgАкінчыцы цяпер — мікрараён Стоўбцаў. Тут старанна ўзноўлена хата, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі.

У Альбуці прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная неўміручай паэме “Новая зямля”. Ёсць тут і “крынічкі вузенькае ложа”, і леснічоўка ды сцяжына “малазямельцаў”… Уражваюць і драўляныя выявы герояў паэмы, зробленыя Сяргеем Клешчуком ды Іванам Супрунчыкам. У гумне прадстаўлены экспазіцыі “Пчалярства” і “Рыбалоўства”: тут сабраны ўвесь рыштунак, без якога нашы продкі не абыходзіліся пад час гэтых промыслаў.

Словам, гумно не пустуе. Але ёсць і хлеў. І тут мы вырашылі адкрыць экспазіцыю “Прырода ў творчасці Якуба Коласа”. Ужо і падступіліся, але не хапіла фінансавання. А вось Хатку знахаркі зрабілі. Чаму такая назва? Маці Якуба Коласа, як і ўсе вясковыя жанчыны, лекамі тады не карысталася — выратоўвалі зёлкі… Загадчык філіяла Соф’я Міцкевіч — сапраўдная траўніца. Таму ў хатцы ёсць што паказаць.

Смольня знаходзіцца таксама ў лясным масіве. Побач — Нёман, на беразе — дубы ў тры абхваты. Пад час бурану двухсотгадовая ліпа была зламана, але з часам дала парасткі… Хата ў Смольні — мара пісьменнікавага бацькі аб сваёй маёмасці, аб новай зямлі — захавалася, хоць і пабудавалі яе ў 1910-м. Праз год Колас прыехаў сюды пасля турмы, пасадзіў ліпкі… Захаваліся і дрэвы, пасаджаныя дзядзькам, Юзікам, — мы называем іх Алеяй Міцкевічаў. Устанавілі памятны знак, што тут адбылася сустрэча Якуба Коласа з Янкам Купалам.

Сумесна з колішнім начальнікам аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатолем Грэкавым вырашылі закласці ў Смольні сквер “Дрэва жыцця”. А пачалося ўсё з нашага наведання Пушкінскага музея ў Міхайлаўскім: мы — супрацоўнічаем і ладзілі там выстаўку, прысвечаную нашаму Песняру. Прывезлі адтуль некалькі дрэўцаў, якія і сталі асновай для сквера. Кожны саджанец сімвалізаваў пэўную славутую персону Бацькаўшчыны. Цяпер тут больш за 60 дрэў — напамінкаў пра знакамітых вучоных, мастакоў, пісьменнікаў… Ёсць дубок і Анатоля Грэкава, бо ён вельмі шмат зрабіў для развіцця культуры Стаўбцоўшчыны і актыўна ды безахвярна дапамагаў нашаму музею. Дарэчы, менавіта Анатоль Васільевіч быў старшынёй нашага апякунскага савета. А сёлета пасадзілі дубок Коласа… Сяргей Кляшчук зрабіў і шыльды для дрэў, і вельмі прыгожы знак з надпісам “Дрэва жыцця”.

Апрача мемарыяльнай хаты, дзе жыла сям’я Коласа, ёсць у Смольні і будынак, у якім размешчана літаратурная экспазіцыя філіяла. Яна абноўлена, на другім паверсе — карцінная галерэя. Зрабілі тут і пакой, прысвечаны Коласу. Яго наяўнасць тлумачыцца тым, што мэблю з мінскага кабінета пісьменніка ягоныя нявесткі вырашылі пасля здачы дома абнавіць. Старую мэблю мы завезлі праз час у Смольню, бо мець два кабінеты Коласа ў Мінску было немэтазгодна. Справа ў тым, што галаўны музей жыве ў сціплых умовах: арандуем у Акадэміі навук тры пакоі пад фонды (звыш 35 тысяч адзінак). Частку захоўваем у філіялах. А вызвалены мінскі пакой даў магчымасць павялічыць выставачныя плошчы…

Пастаянна наладжваем кантакты з роднаснымі для нас установамі. Супрацоўнічаем з Калінінградскім гісторыка-мастацкім музеем, дзе ёсць філіял — Музей-сядзіба Крысціёнаса Данелайціса. Пастаянна абменьваемся выстаўкамі. Дамова на творчыя стасункі заключана і з філіялам-запаведнікам у згаданым Міхайлаўскім. Сёлета мы распачалі сумесны праект у Доме Коласа. Дарэчы, нават пад час эвакуацыі пісьменнік пісаў кіраўніцтву Узбекістана, каб родзічам Пушкіна, якія таксама жылі тады ў Ташкенце, была аказана дапамога. Супрацоўнікі запаведніка цягам тыдня ладзілі ў нас майстар-класы са школьнікамі.

Трывалыя сувязі — з Музеем Пушкіна (у гэтым будынку калісьці жыў сын рускага паэта) у Вільнюсе. Непадалёк ад яго, у Павільнюсе, знаходзіўся дом, дзе жыла жонка Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна. У 1922 годзе яна аддала гэты дом свайму брату. А ў 1962 годзе Міністэрствы культуры Літвы і Беларусі планавалі стварыць тут музей Якуба Коласа. Але зрабіць яго не ўдалося, бо дом быў пашкоджаны. І пасля яго зносу ўсё начынне было перададзена ў Музей Пушкіна, з якім мы абменьваемся выстаўкамі, разам бярэм удзел у навуковых канферэнцыях. І гэта далёка не апошні прыклад нашых міжнародных стасункаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"