Новы даведнік, аўтарам канцэпцыі, укладальнікам і навуковым рэдактарам якога з’яўляецца доктар мастацтвазнаўства Вольга Нячай, утрымлівае інфармацыю пра сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кампазітараў, акцёраў, кіназнаўцаў, рэдактараў, арганізатараў вытворчасці (усяго — каля тысячы персаналій) з Беларусі і СССР, якія спрычыніліся да развіцця нашай кінематаграфіі: ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Гэта робіць выданне вельмі каштоўным не толькі для аматараў і практыкаў беларускага кіно — яно незаменнае для прэзентацыйных мэт на самых розных форумах кіно і тэлебачання.
Кніга, прысвечаная 60-годдзю Вялікай Перамогі і 80-годдзю беларускага кіно, мае чатыры раздзелы: “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, “Тэлефільм” Беларускага тэлебачання”, “Беларускі відэацэнтр”, “Беларускае кіназнаўства і кінапрацэс”. Кожны раздзел адкрываецца змястоўнымі артыкуламі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў.
Персаналіі пададзены па алфавіце, з указаннем біяграфічных даных, фільмаграфіі, фестывальных узнагарод. Выданне багата ілюстравана фотапартрэтамі творцаў...
“80-годдзе беларускага кіно наглядна паказала, як многа таленавітых прадстаўнікоў шматлікіх прафесій прыйшлі на розных этапах гісторыі ў беларускае кіно і плённа працавалі ў ім, — піша ў прадмове да кнігі Вольга Нячай. — 60-годдзе Вялікай Перамогі і беларускі кіналетапіс Вялікай Айчыннай актывізавалі нашу духоўную, генную гістарычную памяць....”
Застаецца дадаць, што выданне “Беларускае кіно. Персаналіі” падрыхтавана на грамадскіх пачатках высілкамі практычна ўсягокорпуса беларускіх кіназнаўцаў.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ