На страхоўцы эканоміць нельга

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Не так даўно вярнуўся з Іспаніі, куды трапіў па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Іспаніі, якое па сумяшчальніцтве ўзначальвае нястомны папулярызатар беларускай культуры Павел Латушка. Пад час рабочага візіту ўдалося перамовіцца з кіраўнікамі буйных іспанскіх музеяў, чые фонды змяшчаюць тыя шэдэўры, якія мараць убачыць на ўласныя вочы не раўнуючы ўсе айчынныя аматары мастацтва. І ёсць падставы меркаваць, што гэтыя мары паступова будуць здзяйсняцца.

/i/content/pi/cult/509/10949/6-2.jpgПрыкладам, ужо налета мае распачацца наш сумесны праект з Домам-музеем Эль Грэка: рэлігійны жывапіс майстра будзе дэманстравацца разам з беларускімі абразамі, ствараючы добрую магчымасць для паралеляў. Спярша гэтую выстаўку ўбачаць іспанцы, а праз нейкі час яна пераедзе ў сцены нашага музея. А трохі пазней, ужо ў 2017 годзе, мы спадзяемся паказаць і знакамітыя “Капрычас” Гоі з фондаў музея Прада. Без сумневу, такі маштабны праект запатрабуе нямала высілкаў, і два гады, паверце, — гэта нармальны тэрмін для яго рэалізацыі.

Некаторыя гледачы наракаюць на тое, што білеты на прывазныя выстаўкі каштуюць несімвалічных грошай. Але мушу запэўніць, што наша цэнаўтварэнне поўнасцю вынікае з тых затрат, якія нам даводзіцца несці, — а яны зусім не маленькія. Прымаючы замежную выстаўку, музей павінен аплаціць транспарціроўку работ, страхоўку, а таксама арэнду саміх твораў. Я пакуль не гатовы паведаміць, колькі нам трэба будзе выдаткаваць за двухмесячны паказ дзвюх карцін Эль Грэка (болей іспанскі музей наўрад ці нам прадаставіць, каб не абядніць уласную экспазіцыю), але ўжо сёння зразумела, што гутарка ў кожным разе вядзецца пра дзясяткі тысяч еўра.

Тыя буйныя расійскія музеі, з якімі нас знітоўваюць трывалыя партнёрскія стасункі, пагаджаюцца прадаставіць свае калекцыі і без арэнднай платы. Прыкладам таму можа паслужыць цяперашняя выстаўка японскай графікі з фондаў Эрмітажа альбо чарговы сумесны праект з Траццякоўскай галерэяй, які ажыццявіцца ў наступным годзе. Але выдаткі на страхоўку і перавозку работ у кожным разе даводзіцца несці нам.

Вы думаеце, гэта малыя сродкі? Каб запэўніць вас у адваротным, трохі распавяду, якім чынам шэдэўры перасякаюць геаграфічныя адлегласці. Перавозка ажыццяўляецца альбо самалётам, альбо спецыяльным аўтамабільным транспартам. Абавязковая ўмова — клімат-кантроль. Пры транспарціроўцы павінна захоўвацца пастаянна “музейная” тэмпература — 18 градусаў — і вільготнасць — 55 %.

Перасоўванне па нашых дарогах твораў мастацтва з замежных музеяў нагадвае картэж для VIP-персон: машына з “міргалкай”, узброеная ахова… Па беларускай тэрыторыі шэдэўры суправаджаюць супрацоўнікі адмысловых падраздзяленняў МУС, а пасля праходжання мяжы яны перадаюць вахту тамтэйшым службам паліцыі. Такія меры прадугледжаны на выпадак абрабавання, і гэта абавязковыя ўмовы страхоўкі, таму зэканоміць тут ніяк не атрымаецца.

Ды і ці варта эканоміць? Вядома ж, разбойных нападзенняў на маёй памяці ніколі не здаралася, але тут важна нават трохі іншае — меры перасцярогі пры перавозцы дапамагаюць творам мастацтва ўнікнуць таксама і дарожна-транспартных здарэнняў, якія бываюць у нашым жыцці куды часцей.

Увогуле, страхоўка складае ладную частку выдаткаў на арганізацыю замежных выставак — часам недзе дзве трэціх ад усяго бюджэту. Калі б у нас быў распрацаваны механізм урадавых гарантый, у некаторых выпадках можна было б абысціся і без страхавання. Падкрэслю — менавіта ў некаторых выпадках. Ёсць дзяржавы, чые заканадаўчыя нормы абавязкова патрабуюць дзейны поліс на тыя творы, што вывозяцца за мяжу, прычым выпісаны менавіта страхавой кампаніяй сваёй краіны. Але, у той самы час, я асабіста ведаю пэўныя партнёрскія ўстановы, для якіх дзяржаўных гарантый цалкам дастаткова, каб даверыць нам свае работы — калі б мы маглі ім тыя гарантыі прадаставіць. Праблема неаднаразова ўздымалася на высокім узроўні, я і сам шматкроць звяртаў на яе ўвагу, але… пакуль што па-ранейшаму выпадае хіба спадзявацца на лепшае.

Натуральна, замежныя выстаўкі прадугледжваюць і іншыя артыкулы выдаткаў — напрыклад, аплата камандзіровачных супрацоўнікам тых музеяў, якія павінны суправаджаць творы паводле падпісаных дагавароў. У выніку набягаюць вельмі салідныя сумы.

Урэшце, я не бачу ніякай заганы ў тым, што, ладзячы пэўныя выставачныя праекты, мы ставім перад сабой задачу не толькі вярнуць патрачаныя грошы, але і атрымаць пэўны прыбытак — хаця б невялічкі. Думаю, гэта цалкам лагічна. Эканамічны аспект дзейнасці музея чым далей, тым болей даецца ў знакі, але, у той самы час, мы не павінны забывацца і на свае галоўныя функцыі — асветніцкую ды выхаваўчую. Таму, вылічваючы цану білетаў, наш музей заўсёды імкнецца знайсці нейкі парытэт паміж гэтымі двума складнікамі.

…І напрыканцы дазволю сабе наўмысны дысананс. На жаль, у гэты перадкалядны час мне даводзіцца думаць не толькі пра Гою і Эль Грэка. Вось ужо два тыдні ў музеі не працуе санвузел. Будаўнікі парвалі трубы пры працах па стварэнні музейнага квартала і ўсё ніяк не могуць аднавіць. Не знайшоўшы на іх управу, мушу цяпер звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.

Зрэшты, за гады сваёй працы я ўжо прызвычаіўся да таго, што ў музеі вялікае і камічнае — амаль усутыч.

Фота Юрыя ІВАНОВА