Чорна-белыя клавішы — каляровыя фарбы

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Бегласць пальцаў пераконвала
Завяршыўся Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2014”. Яго статыстыка — нескладаная: 12 краін (сярод якіх Азербайджан, Арменія, Бельгія, Кітай, Літва, Латвія, Малдова, Марока, Расія, Украіна, Францыя), 73 заяўкі, 50 удзельнікаў, чацвёра лаўрэатаў (двое з іх — нашы). Якія ж мастацкія дасягненні хаваюцца за гэтымі лічбамі?

/i/content/pi/cult/509/10946/8-6.jpg

За раялем Андрэй Іваноў (Беларусь) — уладальнік першай прэміі. / Фота Сяргея Ждановіча

Наша краіна не ўпершыню ладзіць такія конкурсы. Цяперашні быў — пятым, бо праводзяцца яны раз у чатыры гады, пачынаючы з 1996-га. Вядома, арганізацыйны бок увесь час паляпшаецца. Сёлета ён быў настолькі бездакорным, што хтосьці з фартэпіянных заўсёднікаў-“балельшчыкаў” нават пажартаваў: маўляў, усё добра, толькі чагосьці "смажанага" не хапае, бо тады грамадскі розгалас быў бы куды большым. Нічога не зробіш, але ўвага СМІ была больш прыцягнута да Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, што “наслойваўся” на фартэпіяннае спаборніцтва і праводзіўся ўпершыню. А між тым, на конкурсе піяністаў таксама многае было “ўпершыню” — ну, хаця б тое, што ў якасці абавязковага твора на першым туры выступалі не найноўшыя кампазіцыі, а прыналежныя да нашай спадчыны мінулых стагоддзяў. Спачатку, як толькі былі аб’яўлены ўмовы, гэта здалося камусьці дзіўным: а ці ёсць дастатковая віртуознасць, годная міжнароднага разгорту, у нашых творах, да прыкладу, ХІХ стагоддзя, калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі пераважала аматарскае музіцыраванне, а не канцэртаванне ў яго сучасным разуменні? Аказалася, такія творы ёсць. А галоўнае, хапае шматлікіх канцэртных пералажэнняў, большасць з якіх зроблена народным артыстам краіны Ігарам Алоўнікавым — старшынёй журы конкурсу. Так што на “непіяністычнасць” прапанаваных твораў наракаць не даводзілася. І на адсутнасць выбару — таксама: канкурсантам быў прапанаваны суцэльны спіс, а да яго — ноты, выкладзеныя ў агульным доступе ў Інтэрнэце. У выніку конкурс папулярызаваў не толькі беларускую музыку, але і саму гісторыю беларускага музычнага мастацтва, багатую на яркія асобы.

У тым жа, наколькі важнай у сучасным выканальніцтве становіцца не адно ўласна тэхнічнасць, тая ж бегласць пальцаў, а сама асоба музыканта, конкурс пераконваў на кожным кроку. Асабліва відавочна гэта было на трэцім туры, дзе па збегу абставін знакаміты Першы Фартэпіянны канцэрт П.Чайкоўскага гучаў ажно чатыры разы запар — і можна было параўноўваць не толькі тэмпы і чысціню пасажаў, але і, галоўнае, саму выканальніцкую канцэпцыю кожнага з салістаў.

Анатоль Касцючэнка (Украіна), уганараваны дыпломам, пазбавіў твор звыклай канфліктнасці, замяніўшы яе кантраснасцю. Святочна-ўрачыстая тэма суседнічала з грацыёзнымі, вытанчана палётнымі “пырханнямі”, блізкімі М.Равэлю, і адкрыта песеннымі фрагментамі. Другая частка аказалася ўвогуле амаль імпрэсіянісцкай. Трэцяя — прэзентавала “цяжкавагавую” сялянскую танцавальнасць з пастаяннымі прыседамі на моцную долю. Кода з яе падкрэсленым кадансаваннем утварала лагічную арку з пачаткам першай часткі, бо станавілася вяртаннем да святочнай звонавасці, з якой Канцэрт і пачынаўся.

Андрэй Іваноў (Беларусь), які стаў лаўрэатам першай прэміі, акцэнтаваў, наадварот, драматычны кірунак твора, мяцежнасць, рамантычны парыў, ідэі вечнай барацьбы, дзе любое мігценне ператвараецца ў бурленне.

З яшчэ большым рамантычным імпэтам прагучаў Канцэрт у масквіча Рамана Касякова, якія падзяліў другую прэмію з другакурснікам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандрам Данілавым. Калі ў аднаго піяніста на першы план выходзілі вольныя “вымаўленні” фраз са шматлікімі запавольваннямі, гранічная выразнасць, пластычнасць, блізкая балетнай музыцы кампазітара, дык у другога — разважлівая грунтоўнасць, дыхтоўнасць, праз якія музыка асацыявалася з непарушнымі калонамі, што ўпрыгожваюць будынкі Акадэміі і філармоніі. Дарэчы, менавіта з такім “дыхтоўна-разважлівым” тэмпам, як аказалася, і справіўся ў поўнай меры Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, якім на конкурсе, паводле традыцыі, дырыжыраваў Андрэй Галанаў. Ва ўсіх іншых выканальніцкіх версіях аркестр не столькі дапамагаў салістам, колькі “змагаўся” з імі ўсім фальшам медных духавых у якасці знішчальна-забойнай “цяжкай артылерыі”.

На жаль, у фінал маглі прайсці толькі шасцёра піяністаў, таму слухачы з такім болем успрынялі “адсеў” пасля другога тура папраўдзе фенаменальных віртуозаў і тонкіх музыкантаў, як расіяне Дзіна Іванова, Алег Худзякоў, Дзмітрый Маслееў. Але замест таго, каб аспрэчваць рашэнне журы, якое на ўсіх конкурсах з’яўляецца канчатковым і змяненням не падлягае, лепей задумацца пра суадносіны ў музычным выкананні традыцыйных “класічных” трактовак — і пошукаў новых прачытанняў. Сярод апошніх “трэндаў”, прычым ва ўсіх відах мастацтва, менавіта другі шлях, якога і бракавала на гэтым конкурсе беларускім музыкантам.

Навучаюць у нас — вельмі добра. У гэтым і заключаецца паняцце выканальніцкай школы: навучыць у нас могуць — кожнага. І калі да выкладчыцкіх намаганняў далучаюцца адоранасць, зацікаўленасць, працаздольнасць саміх вучняў, дык вынікі — папросту фенаменальныя.

Што ж да пачатковай і сярэдняй музычнай адукацыі, дык сапраўднай заваёвай нашай фартэпіяннай школы стала бліскучая перамога вучня Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Уладзіслава Хандогія на ХV Міжнародным тэлеконкурсе юных музыкантаў “Шчаўкунок”, што праходзіў у Маскве практычна ў тыя ж дні, а менавіта 2 — 9 снежня. Уладзіслаў атрымаў “золата” і прыз глядацкіх сімпатый. Брава!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"