Рэалізм падсвядомасці

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

2014 год багаты на юбіляраў. Пра шматлікіх з іх мы ўжо распавядалі. Мне здаецца, што нельга абысці ўвагай яшчэ аднаго — вельмі таленавітага, даволі сціплага мастака Алеся Мемуса, майго педагога, які на працягу пяці год выкладаў жывапіс, малюнак і кампазіцыю ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя П.Машэрава. Наша сяброўства працягваецца і зараз. Вось толькі званок у студзенскі вечар напалохаў мяне. Мастак настойваў на хуткім прыездзе да яго. На наступны дзень я імчалася ў Віцебск… Вынік — вялікі і каштоўны падарунак для музея: 98 аркушаў. З гэтай нагоды выдалі каталог, які распавядае пра ўсю калекцыю, а ўжо 13 верасня (дзень яго нараджэння) у залах абласнога мастацкага музея запрацавала выстаўка твораў Алеся Мемуса.

/i/content/pi/cult/509/10945/8-4.jpg

Алесь Мемус. "Роздум".

У сваім жаданні больш поўна паказаць індывідуальныя асаблівасці мастакоў, шматграннасць іх творчасці, музей не абмяжоўваецца адной-дзвюма карцінамі аўтара, а імкнецца мець некалькі твораў: хоць маленькую, але калекцыю работ мастака. Такіх міні-калекцый у музеі даволі шмат: гэта карціны У. Андрэенкава, А. Анікейчыка, У. Летуна, У. Напрэенка, Г. Паплаўскага, У. Васюка, У. Рубцова, Ф. Кісялёва, Э. Карповіча, К. Гедды, Ф. Гумена.

Дык вось, пра новую калекцыю А. Мемуса. Да ранніх можна аднесці творы, напісаныя ў 1960 — 70-я гады падчас вучобы ў інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР: афорты “Па Дзюрэру”, “Копія з Рэмбранта”, лінагравюры: “Сон”, “Партрэт жонкі за чытаннем”.

У 1986 годзе прайшла першая персанальная выстаўка, якая паклала пачатак шэрагу персаналій у розных музеях, галерэях не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: ад Галандыі да Польшчы і Расіі.

У нашай калекцыі захоўваецца 13 аўтапартрэтаў, выкананых у розныя перыяды жыцця і ў рознай тэхніцы. Аўтапартрэты — асабістае адлюстраванне і цікавы аспект творчасці А. Мемуса. Болей за сотню разоў мастак перадае свой вобраз, які заўсёды вельмі розны. Яго аўтапартрэты — свайго кшталту мастацкія вопыты па стварэнні індывідуальнай асобы праз міміку твару, выразнасць лініі, святла і ценю.

У адной аўтапартрэтнай карціне нібы апостал глядзіць на цябе. Уражанне такое, што твор намаляваны на адным дыханні. На іншай на нас паглядае рамантык: праца выканана ў акадэмічнай манеры пісьма. На трэцяй — дзівак, збянтэжаны чалавек. Барацьба святла і цемры, раздвоенасць, разгубленасць. Інтэнсіўнасць чорнага і белага ў творы сімвалічная. Менавіта з гравюр ранняга перыяду ў яго работы пераходзіць захапленне светлаценем, яго магчымасцямі і сімвалічным значэннем. Светлацень, народжаны простымі сродкамі — тушшу на паперы, — становіцца ў творах мастака неабходным, гэта не замена фарбаў, ліній, гэта — глыбокая філасофія. Святло выбірае з цемры тое, што неабходна для ўражання ад малюнка — ён можа выдзеліць руку, пакінуўшы ў ценю плячо, акцэнт робячы на галоўным, не прыбягаючы да экспрэсіі фарбаў.

Відавочна, што чалавек у мастацкім свеце А. Мемуса часцей за ўсё па-за часам, ён належыць Вечнасці, але заўсёды азораны светам сучаснага жыцця.

Творца паказвае ў сваіх партрэтах меланхалічныя, паэтычныя вобразы і выконвае іх на высокім прафесійным узроўні. Для мастака характэрны адыход ад уласцівага сучаснаму мастацтву кліпавага рашэння, яго вылучае прага да спагадлівасці, да паказу паэтызаванай “штодзённасці”, маўчанне і цішыня, унутранае жыццё з таемнымі пакутамі аб нечым назаўсёды страчаным.

Чымсьці большыя, чым простае партрэтаванне, з’яўляюцца партрэты асабіста блізкіх яму людзей — яго дарагой жанчыны, каханай. Паколькі ў гэтым выпадку адна “палавіна” выяўляе другую (калі двое сапраўды “адзіная плоць”), па сутнасці гэта таксама аддзел партрэтнай галерэі. Сюды адносяцца творы “Іша з чытвом”, “Іша”, “Меланхолія”, “Засмучоная”, “Профіль”, “Ірына”, “Росшук стылю”, “Венскі стул”, “Музыка”, “Іша ў міноры”, “Сон”, “Роздум”…

Нацюрморты — яшчэ адзін цікавы раздзел калекцыі. Яны вельмі вытанчаныя па тэхніцы выканання і глыбокія па філасафічнасці адчування. Іх “персанажы” — засохлыя кветкі: “Букет канюшыны”, “Сухая ружа”, “Сонечныя ружы”, “Засохлы букет”; старыя рэчы ў творы “Чатыры ключы”; рэшткі старога шкла — “Аптэчнае шкло”. Гэты рэквізіт сабраны аўтарам падчас сваіх блуканняў уздоўж берага Дзвіны. Прыкмеціць іх мог толькі чалавек з прафесійным мастацкім бачаннем свету. Цікава, што нацюрморты начыста пазбаўлены побытовай карысці, яны выконваюць паслугі чалавечаму духу. Адсюль і глыбокае шанаванне культуры і адчуванне яе праблем.

Пейзажны жанр у калекцыі прадстаўлены ў меншай колькасці. У гэтым кірунку пад пэндзлем і алоўкам мастака відавочнае ператвараецца ў фантастычнае і загадкавае. Творы адлюстроўваюць пераходнае становішча ў прыродзе: змярканне, вечар, ранняя восень, апошні прамень сонца… У іх адчувальны лёгкі сум, задуменнасць.

Веды і бачанне таго, што выяўляе Алесь Мемус, паказ унутранай духоўнай сувязі з адлюстраванай ім сапраўднасцю, рэалізм падсвядомасці — галоўныя творчыя імпульсы яго мастацтва.

Святлана СТРОГІНА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава