Дыяменты памяці

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Літаратурны музей Максіма Багдановіча
9 снежня ў Мінску адзначалі сто дваццаць трэці дзень нараджэння Максіма Багдановіча. Цэнтрам урачыстасцей стаў літаратурны музей беларускага класіка, які ў гэты дзень даў сваім наведнікам своеасаблівую справаздачу, бо на працягу года як супрацоўнікі музея, так і іншыя даследчыкі актыўна вялі працу па пошуку, збіранні і асэнсаванні рэліквій, звязаных з лёсам і творчасцю Максіма Багдановіча.

Адмыслова да падзеі была адкрыта экспрэс-выстаўка “Дыяменты памяці”: там былі прадстаўлены найбольш цікавыя прадметы, якія паступілі за апошні час у музейную калекцыю. Гэта фотаздымкі і ліставанне стрыечнай пляменніцы паэта Наталлі Кунцэвіч і яго брата Паўла Багдановіча, а таксама карціна Паўла Семчанкі “Перапісчык”, выкананая ў рэдкай тэхніцы (латунь, дрэва; траўленне, таніраванне).

У гэты дзень музей атрымаў каштоўныя і нечаканыя падарункі. Мастак Уладзімір Крукоўскі перадаў у фонды свой плакат да 90-годдзя Максіма Багдановіча, а таксама афорт Уладзіміра Жука “Слуцкія ткачыхі”.

Пасля прайшла вечарына “З глебы на прастор прабіцца”, на якой вядомыя дзеячы культуры і багдановічазнаўцы віншавалі ўсіх са святам і дзяліліся сваімі знаходкамі.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка перадаў музею копіі дакументаў, датычных Максіма Багдановіча і яго сям’і, з Дзяржаўнага архіва Ніжагародскай вобласці. Раней гэтыя дакументы былі цяжкадаступнымі для беларускіх даследчыкаў і вельмі рэдка выкарыстоўваліся біёграфамі і даследчыкамі творчасці паэта.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка перадала музею расчытаныя ёй лісты Зоські Верас да Алеся Бачылы. Лісты захоўваюцца ў БДАМЛіМ, але складаны для прачытання почырк сяброўкі Максіма Багдановіча пакідаў іх па-за шырокім ужыткам. У гэтых лістах Зоська Верас вельмі падрабязна апісвае свае мінскія сустрэчы з Максімам Багдановічам.

Загадчык кафедры беларускай філалогіі БДТУ Мікалай Трус распавёў пра адшуканую ім публікацыю ўкраінскага перакладу нарыса М.Багдановіча “Беларускае адраджэнне” ў венскай газеце “Вістник Союза визволення України” (1916 год), а таксама выяўлены ім пераклад “Апокрыфа” М.Багдановіча на ўкраінскую мову.

Літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч прадставіў аднатомнік твораў Максіма Багдановіча, які выйшаў нядаўна ў серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”. У гэтай кнізе былі змешчаны не толькі творы Максіма Багдановіча, але і, як меркавалася, страчаныя матэрыялы пра яго. У прыватнасці, упершыню з 1920-х гадоў былі перадрукаваныя ўспаміны Хведара Імшэнніка пра Максіма Багдановіча і літаратуразнаўчыя артыкулы Уладзіслава Дзяржынскага.

Вядучы навуковы супрацоўнік музея “Беларуская хатка” Ірына Мышкавец распавяла пра знаходку рускамоўнага фельетона Максіма Багдановіча “Міжнародны чэмпіянат і яраслаўцы” і магчымасці, якія адкрывае для даследчыкаў творчасці Багдановіча стварэнне інтэрнэт-бібліятэк і інтэрнэт-архіваў, бо фельетон быў знойдзены менавіта ў электроннай падшыўцы яраслаўскай газеты “Голос” за 1909 год.

Вечарына завяршылася выступам гурта “Нельга забыць”, які прадставіў некалькі кампазіцый са свайго альбома на вершы Максіма Багдановіча.

Юлія МАЦУК, загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча