Сустрэцца ў Гомелі. Тэатральным!

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

У той час, як бурлілі жарсці Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у Гомелі пачалося сваё свята з нагоды 75-гадовага юбілея Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.

/i/content/pi/cult/509/10941/13-1.jpg

Сцэна са спектакля "Валянцінаў дзень" Калінінградскага абласнога драматычнага тэатра. / Фота прадастаўлена тэатрам

Гэты фестываль тэатральнага мастацтва ладзіцца ажно з 1989 года, але апошнім часам — раз на тры гады. Мне давялося пабываць на цяперашніх 12-х
“...Сустрэчах”, захапіўшы (з-за вышэй азначанага “храналагічнага супадзення”) толькі іх другую частку: тры спектаклі і юбілейную тэатралізаваную ўрачыстасць. Здзівіла многае. Нават не геаграфія ўдзельнікаў (акрамя Беларусі, былі тэатры з Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы), а сам фестывальны фармат.

Праграма ўключала адно ўлюбёныя публікай “лёгкія жанры”: камедыі, меладрамы, тэатралізаваныя вечарыны. Паўплывала 75-годдзе тэатра? Успрыняцце фестывальных спектакляў як святочных падарункаў? Але і раней, мяркуючы па афішах, такі кірунак пераважаў. На гомельскім свяце пануе папраўдзе атмасфера святкавання, а не фестывальнага эксперыментатарства.

У гэтым, здавалася б, няма нічога дрэннага. Бо ў свеце існуюць розныя фестывальныя мадэлі. Важна адно: пры любым з варыянтаў галоўнай адметнасцю фестывалю застаецца высокі мастацкі ўзровень таго, што ўключана ў яго праграму. А менавіта з гэтым складнікам і існуюць на “Славянскіх тэатральных сустрэчах”, як мне падалося, праблемы. Яны яшчэ больш кідаюцца ў вочы на фоне вельмі добрай арганізацыі свята, дзе не ўзнікае ні замінак, ні прыкрых непаразуменняў: госці атрымліваюць не толькі выдатныя побытавыя ўмовы, экскурсіі, але і сапраўдную сардэчную цеплыню. Што ж яны прапануюць узамен?

Лірычная камедыя “Лёвушка” Дзяржаўнага маладзёжнага драматычнага тэатра “З вуліцы Ружаў” (Кішынёў) асацыявалася не столькі з успамінам пра дзяцінства — “чароўным, цудоўным светам, дзе ўсё было вясёлкавым”, як пазначана ў анатацыі да спектакля, колькі з правінцыйнай аматарскай спробай, дзе нават і пастаноўкі папросту няма. Бо замест яе — нават не прачытаны, а толькі агучаны на гэткім школьным узроўні аповед. Асабліва крыўдна было тое, што гэты ж тэатр на іншых беларускіх фестывалях паказваў куды лепшыя спектаклі.

Затое сапраўдным адкрыццём сталася “Тамбоўская казначэйша” М.Лермантава — монаспектакль народнага артыста Кыргызстана, акцёра Акадэмічнага рускага тэатра драмы імя М.Горкага (Казахстан) Сяргея Мацвеева. Здавалася б, аповесць у вершах (а менавіта так вызначаецца жанр літаратурнай асновы спектакля) вельмі цяжка паддаецца тэатралізацыі. Бо ўзнікае небяспека “закалыхаць” гледача рыфмамі-рытмамі, згубіўшы пры гэтым сэнс. І ўвогуле замест спектакля зрабіць сеанс “мастацкага чытання”, дзе тэатральныя сродкі будуць хіба ілюстраваным дадаткам да кнігі. Але ж мы ўбачылі — менавіта спектакль! Пры тым, што не было ні касцюмаў, ні сцэнаграфіі, дый сам паказ адбываўся ў звычайным пакоі, нават без аніякага подыума “ў ролі” сцэнічных падмосткаў. Была хіба музыка і тэатральныя шумы. А галоўнае — майстэрства акцёра. Бо “карцінка”, што паўставала перад намі, “малявалася” не столькі праз відовішча, колькі — праз нашу ўласную фантазію. Замест ілюстрацыйнага люстэрка — тэатральная ўмоўнасць, праз якую і “дамалёўвалася” ўсё астатняе, сыходзячы са змены тэмбра голасу, з інтанацый, рухаў, павароту галавы, позірку. Артыст схіляўся да крэсла — а ў ім быццам сядзела гераіня. Мы яе “бачылі”! Бо адчувалі характар, парывы душы, усё тое, што кіравала яе ўчынкамі. І так — у дачыненні да кожнай дробязі.

З падобнымі спектаклямі Сяргей Мацвееў ездзіць не толькі па школах, далучаючы юнакоў і дзяўчат да літаратурнай класікі. “Каменны госць” А.Пушкіна з поспехам паказваўся ў Іспаніі. Падрыхтавана і “Пікавая дама”. А вось ідэя аўдыёвыданняў (ці, можа, радыёспектакляў), па словах артыста, не знайшла пакуль у яго краіне падтрымкі.

Парадокс, але апісаны монаспектакль узнік у межах фестывалю як... закрыты прагляд. Яго ўбачылі толькі госці, а не публіка. Пэўна, сам артыст надта позна прапанаваў свой праект арганізатарам. Удвая шкада! Бо ў Гомелі ёсць пляцоўкі, прыдатныя для такіх паказаў.

Арганізатары падкрэслівалі, што намагаліся зрабіць фестываль як мага больш зручным для публікі, таму было ўсяго па адным спектаклі на дзень. На адной і той жа сцэне — таксама для зручнасці. Але ў горадзе, акрамя згаданага драматычнага і лялечнага, існуе (таксама побач!) яшчэ Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр. Там акурат у наступны пасля “...Сустрэч” дзень ладзілася свая прэм’ера — спектакль “Жанчына чакае... альбо Споведзь эгаісткі” М.Крыстофера ў пастаноўцы Юрыя Вуты. Чаму б не далучыць да фестывалю не толькі замежных гасцей, але і бліжэйшых суседзяў? Да ўсяго была б яшчэ большая папулярызацыя айчыннага тэатральнага мастацтва, якое на “...Сустрэчах” прадстаўлялі гаспадары і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.

У межах фестывалю прайшоў “круглы стол” з удзелам дырэктараў тэатраў СНД. На ім гучалі прапановы, як зрабіць
“...Сустрэчы” яшчэ больш адметнымі. Дырэктар Гомельскага тэатра Ірына Пыркова сама скіравала размову менавіта ў гэтае рэчышча. Было відавочна, што яна шчыра зацікаўлена ў далейшым развіцці фестывалю па найбольш адметным шляху, у перайманні замежнага вопыту. Каб знайсці фестывалю “свой твар”, прысутныя раілі скіравацца, у адпаведнасці з назвай форуму, на славянскую класіку. У перспектыве — паказваць спектаклі не адно ў Гомелі, але і ў блізкіх да яго ўкраінскіх і ра-
сійскіх гарадах.

Ды ўсё ж, на маю думку, пачынаць трэба з уласных рэсурсаў. На юбілей з’ехаліся тыя, хто працаваў у тэатры ў розныя гады. Сярод іх — такія медыйныя асобы, як знакаміты артыст Павел Харланчук, рэжысёр Сяргей Кавальчык. Чаму б не задзейнічаць іх у праграме? Насычанасць афішы — мабілізуе, а не расхалоджвае. Да таго ж на фестываль міжнароднага статусу павінен працаваць увесь горад, у той ці іншай меры — усе творчыя калектывы, упрыгожваючы праграму размаітай каляфестывальнай атмасферай. Тады, мабыць, ускалыхнецца і публіка...

 

Кажа эксперт

Андрэй НОВІКАЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра:

— Любы фестываль, як і ўсялякае іншае мерапрыемства, вызначаецца найперш кашальком. Зыходзячы з таго, колькі грошай ёсць (ці будзе) у кішэні, і пачынаецца фарміраванне фестывальнай праграмы. Ні для каго не сакрэт, што менавіта бюджэт шмат у чым вызначае яе асаблівасці: ці запросім мы той або іншы тэатр — ці не хопіць на гэта сродкаў. Дый у дачыненні да пэўнага тэатра і таго, які менавіта спектакль ён прывязе, спрацоўвае ўсё тая ж формула. Бо адзін спектакль разлічаны на ўсю трупу і патрабуе некалькі фур для перавозкі дэкарацый, а ў другім заняты ўсяго некалькі артыстаў і мінімум сцэнічнага абсталявання.

Вядома, акрамя бюджэту, трэба ўлічваць яшчэ і канцэпцыю самога фестывалю. Той жа “М@rt.кантакт”, да прыкладу, арыентуецца на моладзь. Гэта прапісана нават у назве — Міжнародны маладзёжны тэатральны форум. Маецца на ўвазе і творчая моладзь, якая паказвае ў нас свае праекты, і маладзёжная аўдыторыя, якой яны адрасаваны, і, шырэй, спектаклі, маладыя па духу. Усё разам гэта накіравана яшчэ і на фарміраванне дасведчанага, зацікаўленага гледача, які прыходзіць у тэатр не толькі каб адпачыць, але і каб далучыцца да чагосьці новага, паразважаць над актуальнымі праблемамі, паспрачацца над іх вырашэннем. Выхоўванне публікі патрабуе неверагодных намаганняў — і пачынаць трэба з моладзі. Мы гэта разумелі, таму і склалі адпаведную канцэпцыю.

Увогуле, чым больш будзе фестываляў з рознымі канцэпцыямі, тым лепей. Не адно для публікі, але і для развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Ды ўсё роўна, канцэпцыя без бюджэту — нішто. Заўсёды ёсць і будуць нажніцы паміж тым, што мы хацелі б прывезці, і тым, што ў выніку “пацягнем”. Таму вялікі дзякуй усім, хто нам дапамагае! Без дзяржаўнай падтрымкі фестываль не адбыўся б.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"