Фестываль прыехаў у сталіцу

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Ці стане праект узорам для іншых?
У мінулую пятніцу, 12 снежня, у Палацы культуры МТЗ прайшла якасна новая для сталіцы акцыя: у Мінск з Паставаў прыехаў Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Аўтар і каардынатар праекта — Тадэвуш Стружэцкі. Дакладней кажучы, прайшоў канцэрт фестывальных лаўрэатаў. Яшчэ яго можна было назваць генеральнай рэпетыцыяй перад юбілейным (25 гадоў) фэстам, што пройдзе ў Паставах наступным годам. Урэшце, справа не ў назвах, справа ў тым, што такога сталіца яшчэ не бачыла. Але, па ўсім было заўважна, засталася задаволенай…

/i/content/pi/cult/509/10940/12-1.jpg

Выдаткі

Пачнем з матэрыяльнага. Для таго, каб да пытання, звязанага з грашыма, ужо не вяртацца. Хапае больш цікавых тэм. Але куды без каштарысаў, рэнтабельнасці, цэнаўтварэння ды камандзіровачных выдаткаў? Гэта ж не жартачкі: узяць ды прывезці ў Мінск рэгіянальнае свята разам з лаўрэатамі і журы. Кіраўніцтва Пастаўшчыны палічыла рэалізацыю такой акцыі справай асабістага гонару.

Як распавядае намеснік старшыні тамтэйшага райвыканама Юрый Кісялёў, сродкі былі знойдзены без прамаруджванняў. І для пярэбараў ці не 20-ці гуртоў і салістаў, для арганізацыі ў фае ПК МТЗ выставак-прэзентацый работ майстроў з Пастаўскага дома рамёстваў ды фотадакументаў, што засведчылі-занатавалі гісторыю фэсту… Дык вось, частка грошай была выдаткавана з раённага бюджэту, а частка — з пазабюджэтных сродкаў, заробленых установамі культуры Пастаўшчыны. Больш за тое, кожны самадзейны артыст, член афіцыйнай дэлегацыі меў магчымасць атрымаць камандзіровачныя. Каля 20 мільёнаў пайшло на арэнду залы, рэкламу падзеі. Кошт білета ў адпаведнасці з гэтым дасягнуў 50 тысяч рублёў. У фае перад пачаткам дзеі кожны ансамбль меў магчымасць пра-
даць дыскі з уласнымі кампазіцыямі. Кожны з іх каштаваў 40 тысяч. Народ з цікаўнасцю дыскі тыя і разглядаў, і купляў.

Меркаванні

Вячаслаў Бацечка — гарманіст ансамбля “Мінскія музыкі”, дыпламант фестывалю, упэўнены, што калі б не было сённяшняга канцэрта, яго варта было б прыдумаць. Маўляў, хто ў Мінску ведае пра тое, якія культурна-мастацкія вяршыні скараюцца ў рэгіёнах, і калі Магамет не ідзе да гары… Цяпер галоўнае, упэўнены гарманіст, працягнуць добрую справу. І яшчэ адзін немалаважны аспект. Для арганізатараў фэстаў вельмі патрэбна прафесійная ацэнка. А не да кожнага з іх спецыялісты са сталіцы дабіраюцца. Цалкам згодны!

Кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага ансамбля “Дударыкі” і ансамбля “Мінскія музыкі” Дзмітрый Ровенскі, з якім сустрэліся перад канцэртам, запэўніў, што сённяшняя дзея не стане прадуктам для, так бы мовіць, унутранага фестывальнага спажывання яго ўдзельнікамі, на прэзентацыю абавязкова прыйдуць і мінчукі, бо стаміліся людзі без свайго роднага ды яшчэ такога арыгінальнага. А яркай ды адметнай прапановы на такі запыт ні радыё, ні тэлебачанне пакуль не даюць. Колішнія перадачы “Вячоркі”, “Дудка беларуская”, “Спявай душа” засталіся толькі ва ўспамінах. Дзе альтэрнатыва? І гэта пры тым, што Мінск абсалютна не ведае, дзе ды які фестываль адбываецца ўлетку. Няма пакуль традыцыі фестывальнага турызму: усёй сям’ёй ехаць на выхадныя не на банальнае лецішча, а на яркі фестываль, да прыкладу, у Паставы ці, скажам, у Дуброўна…

Вынікі

Такое было хіба што ў маім дзяцінстве, калі перад пачаткам кіно ці спектакля ў фае грала музыка, танцавалі пары. Так што многія ўвечары 12 снежня вярнуліся ў маладосць. У фае Палаца культуры МТЗ не шкадаваў сябе Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль народнай музыкі “Паазер’е” з Паставаў (ён, дарэчы, не толькі браў удзел у канцэрце, але і бліскуча пацвердзіў сваё ганаровае званне). Спачатку танчыць пачалі самыя смелыя. Неўзабаве ў пляс пайшлі ці не ўсе прысутныя ў фае: ад старых не адставалі і маладыя. Так што дзея пачалася задоўга да афіцыйнага канцэрта...

Я, шчыра кажучы, сумняваўся, што канцэрт стане аншлагавым. Усё ж не Стас Міхайлаў выступае. Не. Вольных месц практычна не было. Ды і ўвогуле на самых разнастайных імпрэзах нацыянальнага характару цяпер збіраецца ўсё больш і больш народу. Адзінота ў шматлюдным Сеціве пачала, відаць, надакучваць. Цяпер модна ўсведамляць сябе беларусам, адчуваючы плячо аднадумцы. Тым больш, калі вам прапаноўваюць арыгінальны праект, не сапсаваны сталічным, даруйце, снабізмам. Інакш кажучы, рэалізацыя білетаў акупіла выдаткі на арэнду, рэкламу і харчаванне ўдзельнікаў канцэрта.

Хто наступны?

Прэцэдэнт створаны. Хто працягне “экспансію” рэгіянальных фэстаў на сталічных сцэнах і ператворыць прэцэдэнт у тэндэнцыю? А пагадзіцеся, што прэтэндэнтаў на творчую заваёву Мінска на Беларусі шмат. Не толькі мной пацверджана, што адстаялі на гэта права фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” з Акцябрскага, нацыянальных культур з Гродна, сямейнай творчасці са Слоніма, духавой музыкі “Беларускія фанфары” з Баранавічаў, дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” з Клімавічаў…

Час, словам, распачынаць агульнарэспубліканскую акцыю “Фестывалі пашыраюць межы”. Пачатак, прыгожы і годны, пакладзены Паставамі. Хто наступны?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"