Рэлаксацыя па-беларуску

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

Турыстычны бізнес. У многіх краінах свету ён прыносіць каласальныя даходы. І хаця наш беларускі пейзаж мо і больш сціплы ў параўнанні з некаторымі іншымі краінамі — адсутнічае мора-акіян, — але ж і нам ёсць што прапанаваць свету.

Знакамітая прыгажуня Нароўля, заліўныя лугавіны, лясы, шматлікія прытокі Прыпяці, унікальныя народныя абрадавыя, фальклорныя, рамесныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва заўжды выклікаюць цікавасць у гасцей Нараўляншчыны. Раней сюды ехалі адпачываць з усяго былога СССР.

Што рабіць работнікам культуры ў наш час, каб гасцей у раёне стала больш і сюды зноў ехалі турысты?

Гэтай праблеме і быў прысвечаны раённы семінар клубных работнікаў “Этнатурызм як рэсурс культурнай ідэнтыфікацыі рэгіёна”, які прайшоў пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама. Работнікі Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці пазнаёмілі ўдзельнікаў з універсальнымі брэндамі, візуальнымі сімваламі, старажытнымі аўтэнтычнымі і абноўленымі каляндарна-земляробчымі святамі ды абрадамі, якія захаваліся і бытуюць зараз у актыўнай форме ў вёсках Гомельшчыны, а таксама з цікавымі аб’ектамі прыроды — камянямі, крыніцамі і дрэвамі.

Удзельнікі семінару наведалі Канатопскі сельскі клуб, дзе ўбачылі “Куток чароўных зёлак” і пакаштавалі гаючыя напоі з лекавых траў, убачылі тэатралізаваны паказ абраду “Прыманне ў дзеўкі”. Пасля чаго адбыўся пераезд семінарыстаў да цудоўнага “Дрэва кахання”, дзе кожны з жадаючых павесіў на яго каляровую стужку і загадаў жаданне, якое, па ўяўленнях жыхароў Нараўляншчыны, заўсёды збываецца.

У вёсцы Вербавічы работнікі культуры наведалі царкву ХІХ стагоддзя Святой Параскевы Пятніцы. Потым адбылося выступленне народнага фальклорнага ансамбля “Спадчына” пад кіраўніцтвам Аляксея Зуева…

Не менш адметны і Брагінскі раён. Клубныя, бібліятэчныя і музейныя работнікі ў свой час нават вызначылі мясцовыя “Сем цудаў Брагіншчыны”, аб якіх у час работы семінару з выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў нагадала прысутным старшы навуковы супрацоўнік Гістарычнага музея з карціннай галерэяй Алеся Даўгулявец. Дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Валянціна Раманюк расказала аб традыцыйных іміджавых культурных мерапрыемствах раёна.

Вельмі папулярныя ў раёне “Тыдні традыцыйнай вышыўкі”. Па словах дырэктара Асарэвіцкага дома народнай творчасці Ніны Чарнянок, яны цікавыя і ўдзельнікам, і наведвальнікам. Іх правядзенне ўздымае рэйтынг як майстрых, так і самога раёна. З праектам “Маёй зямлі куточак дарагі” пазнаёміла ўдзельнікаў семінару метадыст Брагінскага раённага дома культуры Любоў Дубадзел…

У Мазырскім раёне дырэктар арганізацыйна-метадычнага цэнтра культуры Валерый Чаранкоўскі прадэманстраваў прысутным відэафільм аб традыцыйнай культуры Мазыршчыны. Аб народных святах — “Каляды”, “Мікола” вёскі Прудок, якія могуць быць цікавымі гасцям Мазыршчыны, расказала дырэктар Прудкоўскага сельскага дома культуры Наталля Прус. Гісторык, краязнаўца Аляксандр Бобр звярнуў увагу прысутных на сакральныя месцы і помнікі прыроды раёна. Пасля чаго адбылася прэзентацыя новай экспазіцыі “Водныя рэсурсы Мазыршчыны”, з якой пазнаёміла дырэктар Эколага-культурнага цэнтра Тамара Гарчаніна.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці