Раіса Кудрэвіч. Партрэт бацькі.
Уладзімір Кудрэвіч. "Раніца вясны".
(Пачатак аповеду пра Уладзіміра і Раісу Кудрэвічаў — у "К" № 49.)
Але фігуратыўная кампазіцыя ўсё ж стала галоўным “брэндам” у творчым жыцці Раісы Кудрэвіч, і ў гісторыю беларускага мастацтва яна ўвайшла перш за ўсё фігуратыўнай карцінай. Адна з апошніх сустрэч з мастачкай адбылася ў мяне гады за два да яе адыходу з жыцця. Менавіта тады яна падрабязна расказала мне і пра бацьку, і пра тое, як вучылася ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, як стала мастачкай і што адбывалася з ёй у эвакуацыі ў гады вайны, а пасля — ужо ў родным горадзе Мінску. Вось пра ўсё гэта, выкарыстоўваючы таксама дакументы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, я паспрабую зараз распавесці, надаючы асобную ўвагу жыццю Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча, бо пра яго сёння ўжо мала каму вядома.
Упершыню творы Раісы Кудрэвіч экспанаваліся ў 1944 годзе на выстаўцы, прысвечанай 25-годдзю стварэння БССР. Вернісаж гэтай экспазіцыі адбыўся ў Маскве ў залах Траццякоўскай галерэі. Мастачка паказала эскіз да карціны “Мы адпомсцім” і палатно “Хлеб партызанам”. Праўда, да гэтага яна прымала ўдзел яшчэ ў невялічкай абласной выстаўцы ў горадзе Кемерава, дзе жыла ў эвакуацыі разам з сям’ёй. Там жа асталяваўся і Адольф Гугель, яе будучы муж, які скончыў Віцебскае вучылішча, калі Раіса займалася на трэцім курсе. А паступіла яна сюды адразу на другі курс у 1937-м і вучылася ў педагогаў Івана Ахрэмчыка, Льва Лейтмана, Уладзіміра Хрусталёва, Аляксандра Мазалёва і Фёдара Фогта. Вучылася лёгка, іграючы, бо ў дзяцінстве, у мінскай школе, прайшла азы рысавання ў цудоўнага настаўніка, выдатнага графіка Аркадзя Астаповіча. Пад ягоным кіраўніцтвам выканала свае першыя сур’ёзныя “спробы пяра” — малюнкі да “Яўгенія Анегіна” і лермантаўскага “Дэмана”. Зачын, хаця і дзіцячы, быў не жартоўны (дзяўчынка — і адразу пусцілася ў класіку!). Канешне ж, пытання не стаяла — куды ісці вучыцца. Бацька побач, калі што; ну а галоўнае — моцнае жаданне стаць не проста мастачкай, а выдатнай мастачкай!
Раіса Уладзіміраўна ўспамінала: “Мне было шэсць гадкоў. І вось аднойчы пайшлі мы з мамай (яе звалі Вольга Іванаўна, яна родам з Івянца) на базар. І там я ўбачыла сапраўднае свята: стракатыя сталы, заваленыя свежымі садавіной і гароднінай, гаваркі натоўп, шумныя зазывалы. Захацелася ўсё гэта намаляваць. Прыйшла дадому і адразу папрасіла ў таты каляровыя алоўкі. Уселася ў куточак і нарысавала ўбачанае: доўгія драўляныя сталы, вясковыя бабы ў квяцістых вопратках, горы садавіны, якую яны прадавалі. Так з’явіўся другі свет, дзе ўсё было ў маіх руках: як захачу, так і зраблю. А з ім — адчуванне нейкага шчасця!”
З таго часу на ўсё жыццё ў душы Раісы пасялілася гэтае адчуванне чалавечай дабрыні і радасці творчасці. Гады вучобы ў вучылішчы пакінулі глыбокі след у фарміраванні мастакоўскай натуры дзяўчыны. Дапамагала і моцнае захапленне рускім жывапісам Валянціна Сярова, Канстанціна Каровіна і некаторых перадзвіжнікаў.
Усё жыццё Раіса Кудрэвіч захоўвала добрыя сяброўскія адносіны з былымі студэнтамі вучылішча, з якімі яна ў Віцебску прайшла шлях
даўжынёй у пяць гадоў. Гэта і аднакурснікі Сяргей Ткачоў, Юзаф Пучынскі, Алег Луцэвіч, Ісак Бароўскі, Мікалай Палянкоў, Анатоль Ткачонак, Аляксандр Шахновіч, Васіль Шыкін, Міхаіл Міхайлаў, асабліва сябравала з аднакурсніцай Аляксандрай Паслядовіч; гэта і тыя, хто вучыўся тады на іншых курсах — Павел Масленікаў, Уладзімір Кульваноўскі, Валянцін Савіцкі, Уладзімір Дамарад, Мікалай Валынец, Леанард Ліхтаровіч, Іван Пешкур, Макс Гугель (брат Адольфа), Валяр’яна Жоўтак, будучы Герой Савецкага Саюза Міхаіл Зялёнкін.
Помніла яна і 15-гадовага Васіля Быкава, які ў 1939-м, прыехаўшы з вёскі, пачынаў вучыцца там жа на скульптара. Але доўга не пратрымаўся з-за таго, што адмянілі стыпендыі і жыць не было за што: прыкладна праз год ён апынуўся ў фабрычна-заводскім вучылішчы, а яшчэ да вайны экстэрнам здолеў закончыць дзесяцігодку. Праз гады Васіль Уладзіміравіч аднойчы наведаў майстэрню Р.Кудрэвіч і А.Гугеля, і, як успамінала мастачка, яму вельмі спадабаліся яе карціны “Накцюрн” (пра салдат Вялікай Айчыннай у хвіліны адпачынку) і “Партызанам Беларусі прысвячаецца” (у сааўтарстве з Гугелем).
Чатыры гады жыцця Раісы Уладзіміраўны ў далёкай эвакуацыі не прайшлі дарэмна: тут яна набралася пэўнага жыццёвага досведу ў розных сферах дзейнасці: працавала ў калгасе вёскі Канцуеўка Аляксееўскага раёна Куйбышаўскай вобласці, выкладала рысаванне і чарчэнне ў Мартынаўскай сярэдняй школе Бузулукскага раёна Чкалаўскай вобласці, потым, да вяртання на радзіму, была інспектарам па культуры Кемераўскага аблвыканкама. Ну і малявала, канешне.
А побач заўсёды быў бацька. Ён таксама ў эвакуацыі разгарнуў бурную дзейнасць: у цяжкіх умовах арганізаваў Кемераўскае аддзяленне Саюза мастакоў СССР і стаў яго старшынёй. Змог нават зрабіць сваю персанальную выстаўку ў Кемерава, дзе паказаў сотню новых твораў, палова з якіх была прысвечана роднай Беларусі, бо многія палотны і акварэлі пісаў па памяці. У 1944 годзе атрымаў ордэн “Знак Пашаны” і ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, а праз год — медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”
…Вось тут я спынюся, каб расказаць больш падрабязна пра гэтага чалавека, чыстакроўнага беларуса, які ўсё жыццё аддаў адной, але палымянай страсці — пейзажу. Сам я мастака не ведаў — ён памёр у 1957 годзе. Але чытаў некаторыя яго лісты апошніх гадоў жыцця. Так, у лісце мастаку Мікалаю Дучыцу (1956) са Львова, дзе Кудрэвіч лячыўся, ён пісаў: “Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць… Няхай жыве беларускі пейзаж!” І ў другім лісце: “Унутры ў мяне ўвесь час бурліць жыццё, барацьба за яго і барацьба за высокую якасць нашага мастацтва”. Цяжка хворы, ён усё яшчэ спрабаваў ствараць і напісаў акварэллю апошні свой пейзаж “Лясная рэчка”. Калісьці, па просьбе яго дачкі, я пісаў пра Уладзіміра Кудрэвіча ў часопісе “Беларусь” (1974, №11): гэта было невялічкае эсэ пад назвай “Пясняр роднага краю” ў сувязі з 90-годдзем з дня яго нараджэння. З той пары, наколькі я ведаю, амаль нічога не з’явілася ў цэнтральных СМІ пра гэтага мастака.
Біяграфія Уладзіміра Кудрэвіча цікавая і павучальная. Нарадзіўся ён 25 лістапада 1884 года ў г.Чавусы Магілёўскай губерні. Бацька — памочнік начальніка гарадскога паштовага аддзялення. Маці памерла адразу ж пасля з'яўлення сына на свет. Але таму, што маладыя не былі фармальна зарэгістраваны, хлопчык лічыўся незаконна народжаным. І калі праз два гады памёр бацька, усе сваякі адмовіліся ад выхавання Валодзі. Аднак знайшлася спагадлівая небагатая жанчына Вольга Туровіч, якая ўзяла хлопчыка да сябе. У сваіх аўтабіяграфічных нататках Уладзімір Мікалаевіч пісаў: “У 1890 годзе жанчына гэтая аддала мяне вучыцца грамаце ў Чавускае павятовае вучылішча, якое я закончыў праз два гады. У школьны перыяд свайго дзяцінства я вельмі захапляўся прыродай, назіраннем розных прыродных з’яў, калі наступае раніца, поўдзень, вечар ці ноч, калі ідзе навальніца, дождж, снег, плывуць аблокі і туманная смуга. Назіраючы за жывой прыродай, доўга прастойваў я, зачараваны, у роздумах каля плота ці праседжваў на прызбе сваёй хаты. З дрыжыкамі ў целе і з журботай на душы ішоў спаць… Самай вялікай радасцю і святам майго юнацтва стаў 25 лістапада 1901 года — мой дзень нараджэння, калі брат маёй выхавацельніцы дзядька Міша падарыў мне каробку акварэльных фарбаў і папку для захоўвання малюнкаў. На другі дзень я ўжо маляваў рэчку і царкву, якія былі добра бачны з двара. А потым гэты самы дзядзька Міша далучыў мяне да мастацтва праз знаёмства з літаратурна-мастацкімі часопісамі таго часу — “Нива”, “Родина”, “Пробуждение”… Шмат чаго мне далі і настаўнікі рысавання ў павятовым вучылішчы М.Сядоў і Ф.Гурыноў, якія раілі мне ехаць у Маскву і паступаць у Строганаўскую мастацкую школу. Але жыццё маё ў тую пару было вельмі цяжкае, бо мая добрая выхавацельніца была беднай і пры ўсім жаданні не магла дапамагчы мне працягнуць далейшую адукацыю. Давялося думаць пра самастойны заробак і набыццё нейкай спецыяльнасці…”
А дзе набыць у Чавусах добрую спецыяльнасць? Канешне ж, на курсах паштова-тэлеграфнага аддзялення сувязі! І пасля трох месяцаў вучобы Уладзімір у красавіку 1903 года ўладкоўваецца на чыгуначны тэлеграф горада Гомеля, і гэта вызваляе яго ад вайсковай павіннасці. Праз паўгода 19-гадовы юнак пераязджае ў горад Лібаву, дзе працуе тэлеграфістам на чыгунцы і адначасова наведвае Лібаўскую мастацкую школу. Пасля заканчэння ў 1906-м выкладае малюнак у чыгуначным вучылішчы, па-ранейшаму працуючы на тэлеграфе.
(Заканчэнне эсэ чытайце ў № 51.)