Археалогія памяці ў мультыкультурнай кухні

№ 51 (1177) 20.12.2014 - 26.12.2014 г

“Сэйненскі феномен”: магія памежжа як магніт для турыстаў
Невялічкі польскі гарадок Сэйны, які заканамерна патрапіў у наш “Гродзенскі трохкутнік” (адтуль рукой падаць як да беларускай, так і да літоўскай мяжы), падаваўся мне звыклым носьбітам “сентыментальнай аўры правінцыі”. Але пабачыўшы ў Інтэрнэце афішу яго культурных падзей, я шчыра здзівіўся. Улетку там ці не штодня ладзіліся розныя імпрэзы — канцэрты джазу і клезмерскай музыкі, спектаклі, літаратурныя вечарыны... У некаторых з іх бралі ўдзел прыезджыя знакамітасці, але большасць неверагоднай па сваіх маштабах праграмы зроблена менавіта сіламі мясцовага насельніцтва, якога там мо тысяч з шэсць.

/i/content/pi/cult/509/10936/14-1.jpgЧвэрць стагоддзя таму паржавелая “жалезная заслона” нарэшце абрынулася, і многія жыхары краін сацлагера сабралі манаткі ды выправіліся на “сыты” Захад. Акурат у той пераломны момант невялічкая групка маладых польскіх тэатралаў рушыла ў адваротным кірунку, на самы край сваёй радзімы. Яны натхняліся высакароднай мэтай — не столькі “несці культуру ў масы”, колькі ствараць яе разам з імі. Культуртрэгераў “блаславілі” знакавыя для польскага мастацтва постаці — Чэслаў Мілаш, Анджэй Вайда, а таксама наш зямляк Анджэй Струміла, які даўно ўжо атабарыўся ў тых мясцінах. І што самае важнае — ідэалістычны пачын падтрымалі мясцовыя ўлады. З часам ён прынёс неблагі плён.

З галоўным ініцыятарам “сэйненскага феномена”, кіраўніком цэнтра і фонду “Памежжа” Кшыштафам ЧЫЖЭЎСКІМ мы гутарым на тэрасе ягонага катэджа, размешчанага спаміж звыклых для тых краёў жывапісных узгоркаў, куды яшчэ не дабраліся такія непазбежныя праявы сучаснай цывілізацыі, як асфальт і гіпермаркеты. У якасці пачастунку гаспадар прапанаваў гарбату з мясцовых зёлак.

— У наш урбанізаваны век чалавек з вялікага горада, які добраахвотна звязвае сваё жыццё з “правінцыяй”, выклікае як мінімум здзіўленне...

— Калі мы вырашылі сюды перабрацца, наш тэатр быў даволі запатрабаваным на розных фестывалях па ўсім свеце, але гэты “івэнтавы” кшталт культуры з цягам часу перастаў нас цікавіць. Мы прыйшлі да высновы, што ў перыяд развіцця новай Польшчы трэба заняцца нечым іншым — арганічнай працай, разлічанай на доўгі адмежак часу. Ды рабіць яе дзень за днём, у адным і тым самым месцы і ў адной і той самай супольнасці.

— А чаму менавіта Сэйны? Вы мелі тут карані?

— Не, я з Познані. Толькі адзін чалавек з нашай групоўкі родам адсюль. Мы былі своеасаблівым дэсантам з “вялікага свету”, які прыехаў сюды з намерам пусціць карані. Чаму менавіта ў Сэйны? Нас прывабіў перадусім той асаблівы культурны клімат памежжа. Апрача палякаў і літоўцаў, тут жывуць таксама беларусы, украінцы, рускія стараабрадцы, цыганы...

— Ужо ў назве свайго цэнтра вы здолелі выкрышталізаваць сапраўдны брэнд Сэйнаў...

— Цяпер гэта і сапраўды “гандлёвая марка” рэгіёна, стратэгія яго развіцця і магніт для турыстаў. Сёння суіснаванне розных культур азначае больш разнастайныя традыцыі, багацейшую кухню і г.д. Але калі мы пачыналі, усё было зусім іначай… і нават само слова “памежжа” выклікала тут даволі хваравітыя асацыяцыі. Мы зразумелі, што разам з мясцовымі жыхарамі павінны пакрысе разблытваць той складаны клубок супярэчнасцей.

— Мікракосмас мястэчка даволі замкнёны, усе адзін аднаго ведаюць... Як паставіліся да з’яўлення “прыхадняў” мясцовыя жыхары?

— Рэч у тым, што мы ніколі не паводзілі сябе як прыхадні. Наша творчасць заўсёды вынікала са слухання, а не з нашых асабістых інтэнцый. Тое, што мы робім, можна назваць своеасаблівай “археалогіяй памяці” — яно грунтуецца на песнях, паданнях, традыцыях гэтай зямлі. І менавіта такі падыход дазволіў нам паразумецца з мясцовымі жыхарамі.

Досыць хутка мы прыйшлі да высновы, што найлепшыя нашы саюзнікі — гэта дзеці і моладзь. Праз іх можна было дастукацца і да сэрцаў бацькоў. Прыкладам, мы вырашылі паставіць спектакль, заснаваны на гісторыях з мясцовага жыцця, і дзятва стала распытваць пра мінулае старэйшых. Яны таксама прасякнуліся да нас спачатку цікаўнасцю, а потым і павагай. Прайшлі гады, нашы першыя выхаванцы пасталелі ды маюць ужо ўласных дзетак, якія, вядома ж, таксама наведваюць нашы гурткі... І ў выніку мы дасягнулі сваёй мэты — дзейнасць цэнтра “Памежжа” цалкам арганічна ўплецена ў тканку мясцовага жыцця.

Па шчаслівым збегу абставін, нам удалося вырашыць адну вельмі важную для Сэйнаў праблему. Да вайны мястэчка было тыповым “штэтлам”. Гэты свет знік разам з Халакостам, але засталася яўрэйская культурная спадчына, і наўрад ці этычна яе выкарыстоўваць, скажам, у якасці склада. А менавіта гэтую функцыю некалі выконваў адзін з сімвалаў Сэйнаў — барочная Белая сінагога.

— Будынкі сінагогі і ешывы вы ператварылі ў культурніцкія пляцоўкі...

— Цяпер яны сталі тым месцам — размешчаным, дарэчы, акурат паміж польскім і літоўскім Дамамі культуры, — дзе могуць спаткацца носьбіты розных традыцый і моў. Нешта абмеркаваць, удосталь паспрачацца... Ці не найбольшая праблема сучаснага свету палягае ў тым, што мы жывем нібы на архіпелагу, складзеным з асобных выспаў, прычым кожны на сваёй.

— Праграма летняга фэсту сама сабою спараджае пытанне: хто наведвае ўсе гэтыя незлічоныя канцэрты і спектаклі? Дзе ўзяць столькі публікі ў маленькім гарадку?

— Сёлета імпрэзы “Лета ў памежжы” наведала каля 25 тысяч чалавек. Большасць з іх — канешне ж, турысты. Ведаю жыхароў Варшавы альбо Берліна, якія спецыяльна дастасоўваюць свой адпачынак да нашага фэсту. Натуральна, ім недзе трэба жыць і харчавацца. Таму спакваля развіваецца гэткая “ціхая” туріндустрыя: мноства аграсядзіб, раскіданых па ўсіх ваколіцах. Што асабліва радуе, ствараюць іх пераважна самі вяскоўцы. Уласна, гэта таксама ўваходзіць у нашы задачы: культура павінна стаць адным з колаў той машыны, якая рухае свой рэгіён наперад. Важна, каб у тутэйшай моладзі быў стымул заставацца ў сваіх вёсках. Дарэчы, а ці заўважылі вы па дарозе сюды, як яны пусцеюць?

— Гэта немагчыма не заўважыць — і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Беларусі. Цікава, а што прываблівае сюды жыхароў мегаполісаў? Навошта ім ехаць кудысьці, каб паслухаць аматарскі джаз-бэнд, калі ў сябе дома яны могуць схадзіць на канцэрт сусветных зорак?

— Але ж такі фэст, як “Лета ў памежжы”, не можа адбыцца ў буйным горадзе. Ён увогуле можа адбыцца толькі ў Сэйнах, бо гэтае месца мае асаблівую магію і прыцягальную сілу. Што да нашага джаз-ансамбля... Многія наведвальнікі яго канцэртаў чамусьці перакананы, быццам тыя музыканты — гэта прафесіяналы, якіх паназбіралі з усёй Польшчы і выдаюць за самавукаў. Але насамрэч хлопцы — выключна тутэйшыя. Вядома, прыязджаюць да нас і знакамітыя джазмэны, найчасцей яны выступаюць разам з нашымі музыкамі ды выглядаюць упоравень. Для нас важна не столькі запрашаць сюды цікавых творцаў “звонку”, колькі стварыць своеасаблівую “фабрыку творчасці” тут, на месцы.

— Стварэнне Міжнароднага цэнтра дыялогу ў рэвіталізаванай сядзібе Мілашаў ля вёскі Красная груда — ідэя неверагодна прыгожая, але... Немінуча ўзнікае пытанне: для каго можа працаваць культурная ўстанова, размешчаная, лічы, “у чыстым полі”?

— Па-першае, гэта тыя людзі, што жывуць у ваколіцах — я маю на ўвазе не толькі найбліжэйшыя вёскі, але таксама і Сэйны, Аўгустаў, Сувалкі. У цэнтры створана некалькі дзясяткаў гурткоў-майстэрняў, якія разлічаны менавіта на мясцовую супольнасць, і асабліва на дзетак: тэатр, музыка, кераміка, кіно, літаратура, ткацтва... Вынікам гэтай працы становяцца канцэрты, спектаклі, выстаўкі. Ёсць і краснагрудская спіжарня, якая даследуе традыцыі народнай медыцыны і мясцовай кухні.

А па-другое — гэта сапраўды міжнародны цэнтр, які ладзіць навучальныя праграмы для людзей не раўнуючы з усяго свету. Чакаем вось студэнтаў з Чыкага, а нядаўна была цэлая група з Італіі. Праблемы міжкультурнага дыялогу вельмі актуальныя для сучаснай цывілізацыі. Гэта раней сутыкненні культур адбываліся пераважна на геаграфічных межах дзяржаў — цяпер яны сталі паўсядзённай рэальнасцю заходніх мегаполісаў. На адлегласці выцягнутай рукі ад цябе жывуць пакістанцы, туркі, ураджэнцы афрыканскіх краін... Гэтая рознасць немінуча стварае напружанне, якое можа вылівацца ў канфлікты, але можа мець таксама і канструктыўны, творчы вынік. І таму той досвед, які мы назапасілі ў Сэйнах, прымяняльны таксама і ў Парыжы, і ў Нью-Ёрку...

Фота аўтара