Балоты запрашаюць "...кавалераў"

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Польскі гурт “Балотныя кавалеры” ўжо не ўпершыню прыязджае да нас з выступленнямі. Далучаюцца да яго і беларускія музыканты (ансамбль “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым, спявачка Наста Някрасава, дудар Яўген Барышнікаў), ствараючы сумесныя кампазіцыі. Але цікавым для нас можа быць не столькі сам факт паспяховай дзейнасці калектыву ці прыклад інтэрнацыянальнага супрацоўніцтва, колькі... непасрэдна музычная стылістыка “Балотных кавалераў”. Тым больш, што ў Беларусі яна знайшла як шчырых прыхільнікаў, так і таленавітых паслядоўнікаў.

/i/content/pi/cult/508/10933/14-1.jpg

Ужо ў назве калектыву злучаюцца рэчы быццам бы супрацьлеглыя. Бо “балота” так і цягне ў бок сялянскага жыцця (маўляў, не панская гэта справа — балота мясіць). А “кавалеры” — гэта нешта шляхетнае, што наўпрост асацыюецца з устойлівым спалучэннем “дамы і кавалеры”. Для нас, беларусаў, назва мае і свой асацыятыўны шэраг, бо вядзе не толькі да ментальна замацаванага ў нас архетыпу балота-багны-дрыгвы, але і да Балотных Ялін, дзе адбываецца дзеянне “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча і цэлай повязі тэатральных твораў паводле гэтай аповесці.

Тое ж — у стылістыцы гурта. З аднаго боку — рэчы фальклорныя. З іншага — не проста прафесійныя, а вытанчаныя, каларыстычна імпрэсіянісцкія, папраўдзе эстэцкія, у самым высокім сэнсе гэтага слова. Сапраўды, выкарыстанне прафесійнымі музыкантамі фальклорных тэм і самыя разнастайныя варыянты іх апрацоўкі — гэта ўжо класіка, асабліва ўласцівая рамантызму. ХХ стагоддзе прынесла так званы неафалькларызм, на постсавецкіх прасторах больш вядомы як новая фальклорная хваля: спалучэнне фальклорных вытокаў з сучаснымі сродкамі выразнасці, развенчванне прыгладжанай ідылічнасці, пастаральнасці, уласцівай класіцызму, усёй той буколікі, што вядзе адлік ажно ад старажытнагрэчаскай культуры.

Але ўсё роўна — горад і вёска заўсёды адлюстроўваліся ў мастацтве як антаганісты. Колішні праект “SON((O))SPHERE — Метраполіі і міфы”, паказаны “Балотнымі кавалерамі” не толькі ў Варшаве і Мінску, але і ў Берліне, Брусэлі, Маскве, з’яднаў саму гукавую прастору еўрапейскіх сталіц і прыроднага наваколля. Тое ж, толькі ў іншым вырашэнні, мы ўбачылі і пачулі на нядаўнім канцэрце “Зерне” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у Камернай зале імя Рыгора Шырмы.

Метафара ўзрастання “з зерня” рэалізоўвалася на ўсіх узроўнях — ад фальклорнай глебы да мінімалісцкай тэхнікі кампазіцый і прыёмаў інструментальнага тэатра. А яркая нацыянальная аснова спалучалася з менш выразнымі інтэрнацыянальнымі павевамі, спалучэннямі музычных інструментаў розных народаў — ажно да індыйскіх сарангі. Выкарыстоўваліся і разнастайныя прыродныя, побытавыя “падручныя” рэчы — тыя ж каменчыкі, што бразгаюць адно аб адно ці ў пэўным рытме сыплюцца ў металічную пасудзіну. І побач, у абсалютнай гармоніі, — усялякія электравынаходніцтвы, пачынаючы з тэрменвокса. А ператварэнне полькі ў мазурку — чым не чарговы доказ знойдзенай непарыўнасці сялянскага і шляхетнага пачаткаў?

Прыцягваў ужо сам антураж. Музыканты няспешна выходзілі на сцэну — дакладней, “прасоўваліся”, быццам “спазніўшыся”. Чым не “прынцыповая” альтэрнатыва традыцыйным канцэртам, калі артысты з’яўляюцца пасля аб’яўкі іх імёнаў пад шквал апладысментаў? Надзявалі навушнікі — і пачыналі не граць, не выступаць, не “прэзентаваць”, а... варажыць, ствараючы не проста музыку ў спалучэнні розных ліній-тэмбраў-галасоў ды побытавых шумаў, а нейкую агульную фотасферу. У выніку адбывалася не супрацьстаўленне сялянскай даўніны і цяперашняга урбанізму, а іх спалучэнне, разуменне повязі часоў ды розных тыпаў культуры. Авангард успрымаўся абсалютна лагічным зваротам да памяці, а не адмаўленнем ад яе — усяго толькі гэткім яе пераходам у іншае вымярэнне.

Усё гэта, калі разабрацца, мае дачыненне не толькі да музыкі, але і да самой філасофіі. Еўрапейская культура здаўна выпрацавала дзве формулы нацыянальнага мастацтва. Адна — з апорай на фальклор. Другая — як працяг нацыянальных прафесійных дасягненняў. У Беларусі апошняя тэндэнцыя атрымала азначэнне “ліцвінская культура”, зусім нядаўна ўведзенае ў навуковы ўжытак і звязанае з традыцыямі, што ідуць ад мастацтва часоў Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай. У ХХ стагоддзі, як няцяжка зразумець, арыентацыя на ліцвінскую культуру (і, шырэй, увогуле на інтэлігенцыю як эліту нацыі) была перапынена. Таму падобныя праекты — гэта яшчэ і вяртанне на новым узроўні да ранейшай шляхетнасці, надзвычай актуальнае для сучаснай Незалежнай Беларусі, якая пазіцыянуе сябе цэнтрам Еўропы.

Цікава, што ў складзе “Балотных кавалераў” — не проста прафесійныя музыканты з вышэйшай акадэмічнай адукацыяй, але і вядомыя медыйныя асобы, нават, як сказалі б у нас, “начальнікі”. Ежы Карновіч (фартэпіяна) — старшыня Польскага саюза кампазітараў. Кшыштаф Кнітэль (сэмплер, сінтэзатар) — старшыня Польскай музычнай рады. Тадэуш Вялецкі (кантрабас) — дырэктар Міжнароднага фестывалю “Варшаўская восень”, арыентаванага на найноўшыя авангардныя творы з усяго свету. Звярну ўвагу не столькі на сам факт іх канцэртных выхадаў на сцэну (для нас гэта не навіна), колькі на тое, што сваёй кампазітарска-выканальніцкай дзейнасцю (а гэта менавіта тая музыка, дзе кожны — крыху аўтар) яны адкрываюць новыя гарызонты.

— Грамадству патрэбна не адно поп-культура, — упэўнены Ежы Карновіч. — Неяк на ўгодкі Варшаўскага паўстання мы выступалі перад 12-тысячнай аўдыторыяй. І хаця прымалі нас вельмі добра, лічу, што такія “стадыённыя” маштабы для нашых выступленняў — гэта ўжо зашмат. Камерныя залы маюць сваю асалоду — звароту да кожнага гледача ці слухача асабіста. Наша супрацоўніцтва з вашымі музыкантамі не выпадковае. У вас вельмі добрыя прафесійныя школы — і кампазітарская, і выканальніцкія. Увогуле, беларускія музыканты — гэта ўжо своеасаблівая гарантыя якасці і майстэрства. Але для далейшага прасоўвання тых жа нацыянальных ідэй, акадэмічнага мастацтва, фальклорнай аўтэнтыкі (іншымі словамі, усёй сферы духоўнасці) вашым творцам, здараецца, не стае не грошай (у нас іх таксама небагата — вечная і ўсюдыісная праблема), не залаў ці абсталявання, а ўласна цікавых праектаў. Проста добрая музыка — на сёння гэтага замала. Патрабуецца нейкая новая, нешараговая ідэя, “разыначка”, здольная прывабіць тых, хто раней усім гэтым, можа, і не цікавіўся…

Дадамо: не толькі ўласна ідэя, але і яе прыгожая, прыцягальная “абгортка”. Ну а з боку публікі — кожнаму не перашкодзіла б тое ўнутранае адчуванне сябе хай і балотным (геаграфію не зменіш), але — кавалерам (чытай, шляхцічам, адданым свайму роду ды радзіме).

Фота Сяргея МАХАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"