Аўдыя & Відэа-9

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Лістападаўскія аўдыя-, відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант гурта “Цягні-Штурхай” Павел Тараймовіч (A) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег Клімаў (B).

/i/content/pi/cult/508/10932/9-1.jpg

Аўдыя

Гурт “Trubetskoy”, максі-сінгл “Ёлкі”

А.: Многіх, уключаючы і мяне, цікавіла пытанне: што будзе далей з удзельнікамі “Ляпіса Трубяцкога” пасля распаду гурта, а менавіта — з тымі, хто застаўся без Міхалка, і з тымі, хто сышоў раней? Праслухаўшы максі-сінгл “Ёлкі”, я зразумеў: усё будзе добра. Агонь, вада і шматлікія медныя трубы не адбілі ў тых, хто арганізаваў новы праект, жаданне тварыць рок-н-рол. Дадам: да задзейнічаных музыкантаў з колішняга гурта далучыўся і харызматычны Алесь-Францішак Мышкевіч!

“Don’t Touch My Bass” заводзіць адразу. Песня стадыёнаў і клубаў, а ўлічваючы англамоўны рэфрэн, то і любых замежных фестываляў. “Ёлкі” не менш забойная, а па сэнсе нават больш зразумелая для слухачоў. Выдатны загалоўны хіт. Прыкметна жаданне зрабіць музыку, адрозную ад той, што хлопцы рабілі ўсе гэтыя гады, і шмат у чым гэта атрымалася, у тым ліку дзякуючы запрошанаму скандынаўскаму саўндпрадзюсару. І вельмі цікавы момант: самая непадобная, на мой погляд, да творчасці “Ляпіса…” песня “Побач”, напісаная... былым яго фронтменам.

Высокі патэнцыял гурта так і выдае з дынамікаў, так і чуецца ў падсвядомасці: “Гэта толькі пачатак!” Што ж, чакаем паўнафарматны альбом.

В.: Калі адысці ад рэлізу і паразважаць пра будучыню аскепка легендарнага “Ляпіса Трубяцкога”, то бачыцца яна мне нявызначанай, туманнай, перш за ўсё таму, што, у параўнанні з харызматыкам Міхалком, фронтмен гурта “Trubetskoy” Павел Булатнікаў глядзіцца ў гэтых адносінах куды
больш сціпла. Урэшце, можа, выйшаўшы з-за спіны Сяргея, ён зараз і раскрыецца на ўсе 100 у дадзеным “амплуа”? Зноў жа, што будзе з рэпертуарам?.. Інструменталісты ж у калектыве сабраліся наймацнейшыя, з чатырох песень максі-сінгла дзве вельмі нават нічога — ураганная “Don’t Touch My Bass” і загалоўны трэк. У сухім астатку маем баявы рокавы склад, якi прамалінейна грае альтэрнатыву — ад “калiфарняка” да гранжа. Гэта значыць настрой і атмасферу стварае. А што яшчэ трэба натоўпу ў зале?..

Гурт “Крама”, альбом “Белая вада”

A.: Прыступаць да праслухоўвання альбома легендарнай “Крамы” было вельмі хвалююча. А раптам не спадабаецца?.. Але ўжо з першых акордаў я літаральна тэлепартаваўся ў кампанію сяброў, якая нясецца па аўтамагістралі ў новае падарожжа. Амаль у кожнай песні так ці інакш прысутнічае тэма дарогі, і ад гэтага пласцінка слухаецца цэласным і канцэптуальным творам. Гіпнатычны вакал, віртуозная гітара, выразная рытм-секцыя — усё складнікі поспеху каранаванага рок-гурта ў лепшым выглядзе. Сапраўдны “олдскул”! Саўнд мяккі і камфортны, за што дзякуй людзям, якія займаліся запісам і звядзеннем.

“Колькi дарог” упрыгожыла б любы фільм Таранціна, “Дзяўчынка...” — стопрацэнтны радыёхіт, загалоўная “Белая вада” — зачароўвае і “качае”. Трохі выпала для мяне з агульнага шэрагу рок-н-рольная “Шлях праз багну”, але і тое, хутчэй, з-за гумарнога тэксту. А мой фаварыт дыска — кампазіцыя “Дзякуй Богу, мы ідзём дамоў”, поўная гармоніі музыкі, вершаў і гітарных рыфаў. Дзякуй, “Крама”! Уразiўся. Пайшоў спампоўваць папярэднія альбомы...

B.: Не ведаю, чаго мне не хапіла ў гэтым альбом, але чагосьці дакладна не ставала, каб выгукнуць: “Ах, што за рэліз!” На мой дылетанцкі слых, запісана пласцінка выдатна, сам гук шчыльны, смачны, па-сапраўднаму разгуляўся ў трэках гітарэра Сяргей Трухановіч. Ёсць як мінімум тры баевічкі рознай ступені хітовасці — “Белая вада”, “Шлях праз багну”, “Вышэй за дахi”. Вельмі моцны, чэпкі дыск, адчуваецца, што прадуманы і выпакутаваны, і правільна выбудаваны: разгон — і вось павольная пругкая кода. У любым выпадку — поспех калектыву, але вось нейкай зухаватасці, большага драйву, якія могуць прысутнічаць і ў рэчах спакойных, мне, напэўна, і бракавала. І справа не ва ўзросце гурта і яго музыкантаў. Занадта акуратным выйшаў альбом... Баюся, заблытаў вас...

Гурт “iDAiNET”, альбом “Узлятай хутчэй”

A.: Ух! Віцебскія хлопцы “ўзарвалі” мне мозг у добрым сэнсе слова! А можа, такая задача перад імі і стаяла? Поўнае змяшэнне стыляў, жанраў, настрояў, тэмпаў. І гэта ў рамках толькі першай песні. Спецыфічна. Арыгінальна. Крэатыўна. З першага разу было вельмі няпроста паслухаць кожную песню да канца. А потым — уцягнуўся. Адзначу высокі прафесіяналізм музыкантаў. Усё сыграна смачна, гук сінтэзатара прабівае наскрозь, усе мелізмы вельмі нават у тэму. Сам таго не заўважаючы, хаджу, напяваю “Прачытай па вуснах”. А “Балет” для мяне — найлепшая песня альбома. Усё гэта дапаўняецца цікавым афармленнем вокладкі.

Я б назваў калектыў “iDAiNET” мадэрн-эклектык-панк-гуртом. Як кажуць самі музыканты ў анонсе пра песні: “Гэта ўражанні розных момантаў жыцця”. Мяркуючы па ўсім, іх жыццё вельмі разнастайнае.

B.: Свой альбом віцебскi гурт анансаваў у тым ліку і так: у ім няма сэнсавай нагрузкі, гэта — успышкі настрою. Сумленна. А то ад спеўных “сакратаў” беларуская сцэна літаральна стогне.

Артысты сапраўды не зманілі, калі прыняць за аксіёму, што адносіны і пачуцці паміж юнаком і дзяўчынай сэнсу ніякага не нясуць. Я наогул магу кіламетрамі бурчаць, бо нагода для гэтага была дадзена, а рэліз усур’ёз абмяркоўваць... сэнсу не бачу. Гітарная поп-рок-музыка, дзесьці — з мінімальным каліфарнійскім адценнем, у нечым з прэтэнзіяй на тэлеэфір у перадачах з сэнсавай нагрузкай у духу самога альбома. Лёгенька, часам (навошта?) крыху агрэсіўна, молада-зелена і з палётам, так. Разок праслухаў і забыўся. Мабыць, толькі фінальны “Балет” хоць неяк аранжыровачна цікавы.

Відэа

Гурт “Яnkey”, кліп на песню “Цішэй”

А.: На мой погляд, самы бяспройгрышны варыянт для кліпа — зняць, як музыканты граюць. Гэта заўсёды добра глядзіцца, і ў роліку гурта “Яnkey” у тым ліку. Прыгожая тратуарная плітка батанічнага саду толькі паляпшае ўспрыманне. Усё, як і павінна быць: музыканты “адрываюцца”, машына добрая, невялікая любоўная сцэна, вакаліст пакутуе па гераіні, яна ж — прыгожая (нездарма кастынг праводзіўся). І ўсё ж не стае, можа быць, нейкага адступлення ад канонаў. Але канцоўка цікавая: як дзяўчына назірае гурт на экране, а потым трапляе на пустую здымачную пляцоўку. Самае галоўнае, што аўдыя не канфліктуе з відэа. Настрой песні цалкам адпавядае настрою кліпа. Знята прыгожа, эмацыйна, яшчэ б крышачку крэатыву і было б наогул шыкоўна. Чаго і жадаю хлопцам з “Яnkey” у новых відэапрацах. А наогул — малайцы!

В.: Для тых, хто слаба сабе ўяўляе гэтую каманду, назаву імёны трох яе ўдзельнікаў. Вакаліст Ян Жанчак і клавішнік Павел Хасанаў адзначыліся ў аскепках “Песняроў”, а гітарыст Зміцер Мікуліч — той самы кудлаты хлопец з саставу Пятра Ялфімава. Гэта значыць, калектыў — неслабы, але, як гэта нярэдка здараецца, чамусьці такія практычна супергурты масавай папулярнасцю не валодаюць.

Кліп, зыходзячы з сэнсу, можна палічыць алюзіяй на, дапусцім, відэа “а-ha” на кампазіцыю “Take On Me”. Малюнкі кардынальна адрозніваюцца, але сутнасць ролікаў, у прынцыпе, тая ж: дзве палавінкі спрабуюць сустрэцца ў рэальным жыцці, а не згубіцца са сваімі марамі пра “прынца” і “прынцэсу” ў выдуманым свеце. У нарвежцаў, праўда, шмат яшчэ чаго ў сюжэце накручана. Наш кліп больш просты па ўсіх параметрах, але затое дзяўчына ў ім прыгажэйшая. Ды і Ян — што трэба.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"