Куды вядзе сэлфі?

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Чалавек ды гаджэт: і адбываецца, дарэчы, рознае…
Як змяняецца паўсядзённасць і свядомасць сучаснага грамадства пад уплывам мабільных тэхналогій? Ці становімся мы больш хуткімі? Больш бачнымі? Ці сціскаецца час? Альбо чалавек спрабуе жыць ужо ў іншай часавай прасторы? Такія пытанні справакавала ў мяне міжнародная выстаўка “Transition”, што нядаўна завяршылася ў Галерэі візуальных мастацтваў “Ў”. Міжнародны праект сабраў арт-выказванні аўтараў з дзесяці краін, прадэманстраваўшы сваю адкрытасць да масавага гледача і прадставіўшы работы, здольныя паглядзець на мабільныя тэхналогіі як на рэч сэнсаўтваральную, а не на выключна функцыянальную.

/i/content/pi/cult/508/10931/8-3.jpg

Міжнародная куратарская група ў складзе Святланы Кашуба, Вольгі Мжэльскай (Беларусь) і Рэйчал Хіл (Вялікабрытанія), мне падаецца, мякка рабіла акцэнт менавіта на незабаўляльнай частцы паслання. “З аднаго боку […], [на выстаўцы] будуць прадэманстраваны трансфармацыі фатаграфічных практык і зададзена пытанне пра ролю фатографа ды новыя спосабы працы з выявай, якія адбываюцца дзякуючы развіццю мабільных тэхналогій, — пазначаеццца ў анатацыі да выстаўкі. — З іншага […] — “Transition” прадстаўляе арт-рэфлексію на тэндэнцыі ў грамадстве, якія выяўляюцца разам з узнікненнем і ўдасканаленнем мабільных гаджэтаў і дадаткаў”. Іншымі словамі, куратары імкнуліся паказаць, што мы робім з мабільнымі тэхналогіямі, як іх выкарыстоўваем і што з намі пад час гэтага працэсу адбываецца.

І адбываецца, дарэчы, рознае… Мабільны апарат у якасці сродка запісу, нататніка, калі фатаграфуем, скажам, кошты прадуктаў… У якасці “схаванай камеры” — калі робім фатаграфіі людзей у тым жа транспарце… Мабільны ў якасці інструмента самапрамоўшна, нават наяўнасці, калі “шчоўкаецца” тое самае сэлфі… Гэтыя “жэсты” ўжо сталі часткай паўсядзённасці сучасніка, тым досведам, які прайшоў амаль кожны ўладальнік сродкаў сувязі. Але пэўныя з нявінных “рытуалаў” ужо ператварыліся ў сацыяльны і культуралагічны феномен, паглядзець на якія з пэўнай адлегласці сучаснае грамадства мае сэнс і патрэбу. І некаторыя аўтары выстаўкі акурат і спрабуюць тое зрабіць.

Напрыклад, “кінуць позірк з адлегласці” ў літаральным сэнсе гэтага слова ўдалося фатографам з Беларусі Аляксею Шлыку і Юрыю Кукарэку, якія на прыкладзе іх серыі далі іранічную ацэнку папулярнаму феномену сэлфі. У сваіх работах аўтары нібыта “рассунулі” кадр, у які змяшчае сябе стваральнік аўтапартрэта, прадэманстраваўшы часам зусім вар’яцкае атачэнне апошняга. Фатографы ў гратэскнай форме паказалі, як “насамрэч” можа выглядаць той, хто фатаграфуецца, як тое, што ён робіць, дзіўна, калі не недарэчна.

Сэлфі наведвальнікаў музеяў побач з жывапіснымі творамі, у сваю чаргу, сталі “кропкай адліку” праекта амерыканскай каманды “DIS” і французскага выдавецтва. Сабраўшы ў асобную кнігу выявы, зробленыя людзьмі ў музеях, галерэях на фоне аб’ектаў мастацтва, аўтары, з аднаго боку, паспрабавалі выявіць “сярэдні” партрэт масавага гледача, з іншага — задалі гарызонт пытанняў: а што ўвогуле фіксуе чалавек, робячы падобны кадр? Сваё падабенства да героя карціны? Прыналежнасць да “знатакоў мастацтва”? Уласную фанабэрыю? Ці сэлфі — турпазнака кшталту “тутбыўвася”?

Момант “распылення” ідэнтычнасці ў эпоху сучасных тэхналогій становіццай аб’ектам мастацкага выяўлення інданезійскага аўтара Эйда Санторы. Выкарыстоўваючы лічбавыя маніпуляцыі, мастак робіць маляўнічыя калажы, дзе выява чалавека рассыпаецца і, здаецца, адначасова аднаўляецца, візуалізуючы тым самым няўстойлівасць, размытасць, амаль эфемернасць карыстальнікаў тэхналогій.

А аб’ектам рэфлексіі расійскага мастака Ніка Дзегцярова становяцца ўвогуле візуальныя знакі, якія мы прызвычаіліся бачыць у розных дадатках — і не толькі да мабільных прылад. Ужо не з’яўляючыся для нас пэўным дзівам, яны сталі часткай візуальнай памяці. Гаворка ідзе, па сутнасці, пра дызайн праграм, які становіцца такім жа важным, як і дызайн рэальных рэчаў.

І, бадай, самая маляўнічая серыя выстаўкі за аўтарствам французскай мастачкі Катрын Бале — “Незнаёмцы ў святле”. У ёй мастачка спрабуе паразважаць над феноменам святла мабільных тэхналогій, якое стала істотнай часткай нашай светлавой сферы. Ды, вядома, не толькі над ім. Зрабіўшы варыяцыі-фотарымэйкі вядомых жывапісных твораў — “Смерць Марата” Давіда, “Сняданне на траве” Манэ, “Пакланенне валхвоў” Леанарда да Вінчы ды іншых, — Катрын прапануе ўбачыць у сучасніках герояў слынных сюжэтаў. Але за гэтым пазнаваннем паўстае і пытанне: а хто насамрэч тыя людзі, што, з’яўляючыся нашчадкамі культурнай цывілізацыі, ужо па-іншаму ўспрымаюць рэальнасць? Хто гэтыя незнаёмцы, якіх так маляўніча высвятляе святло іх тэлефонаў і гаджэтаў?

Выстаўка “Transition”, чыя назва перакладаецца як “пераход”, па сутнасці, пазначыла працэс змяненняў ад аднаго стану да іншага ў многіх сэнсах. Яна, у тым ліку, і сама стала прыкладам узаемадзення лакальнага мабільнага аператара з культурнымі агентамі, у якім — вядомы сцэнарый! — можа перамагчы спонсар. Тым не менш куратарам удалося адстаяць сваё права і на рэфлексіўныя выказванні. Спадзяюся, што рух менавіта ў гэтым кірунку будзе прадоўжаны.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"