Палац Вашкевіча

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Паміж зрэнкай і зрокам
Так мастак і дызайнер Алег Усціновіч, аднакласнік Руслана Вашкевіча па “Парнаце” (сённяшняй Гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка), паўжартам вызначыў маштаб часовай метамарфозы, якая адбылася з Палацам Румянцавых і Паскевічаў — Гомельскім палацава-паркавым ансамблем — у выніку мегавыстаўкі “Ідзі і глядзі” — найбуйнейшага сола-праекта сучаснага мастацтва за... нават цяжка сказаць, за колькі гадоў. Падобна на тое, што за ўвесь, як кажуць, прамінулы перыяд: гэта значыць, ад пачатку часоў.

/i/content/pi/cult/508/10930/8-1.jpg

З Алегам і іншымі членамі групы падтрымкі з Мінска мы прыехалі ў Гомель на адкрыццё маштабнай інтэракцыі. Ехалі арганізавана, і пра гэта варта сказаць не таму, што клопат арганізатараў выстаўкі пра камфортнае перамяшчэнне мінскіх “лідараў меркаванняў” крануў нашы сэрцы, а таму, што гэта і аказаўся пачатак праекта. Пралятаючы (ідучы, так бы мовіць, калі згадаць назву выстаўкі) па трасе Мінск — Гомель, мы ўжо глядзелі: на аўтобусным маніторы ішла “Танцуючая ў цемры” Ларса фон Трыера ў якасці ўступу ў тэму. І гэта быў першы з нажоў, кінутых аўтарам нам, наведвальнікам, проста ў вока (гляньце на афішу!).

Прысутнасць відэа не абмежавалася гэтай кінапрэлюдыяй: работы класікаў, пачынаючы з “Андалузскага сабакі” Сальвадора Далі, цягам усяго праекта служаць дадатковымі парталамі для ўваходу ў тэму чалавечай оптыкі, Вачэй і Зроку, мастацтва Бачыць — “мастацтваБачання”, як назваў працэс глядзельнага ўспрымання схільны да каламбуру сам творца. Ужо на вернісажы, правёўшы нас, разагрэтых аўтобуснай кіназалай, скрозь па-майстэрску выбудаваны маршрут лабірынта экспазіцыі, скрозь візуальныя і святло-гукавыя аб’екты, што па-ўсякаму эксперыментуюць над нашымі даверліва расплюшчанымі вачыма, Руслан не даў астыць ім, падпаленым калі не захапленнем, дык, па меншай меры, здзіўленнем, і пагрузіў іх у прахалоду старога нямога кіно, прымусіўшы прааналізаваць механіку свайго прыроднага цуда-інструмента, усвядоміць, што ж гэта такое — успрыманне ТОЛЬКІ вачыма.

Сам сабе куратар, архітэктар і рэжысёр, Вашкевіч, адпаведна, — тройчы дыктатар. Пра што, зрэшты, сапраўды папярэджвае нас загадны лад назвы. Ідзі туды! Ідзі сюды! Глядзі! Уважай! Адчувай! Думай! Адкрывай! Асацыюй! Гуляй! Разгадвай! Не будзь пасіўным тормазам! Гэта музей, дзеці мае, — гэта прастора гульні, узаемадзеяння і прыгод! Вось такія пасылы-каманды мы прачыталі ў тэксце экспазіцыі. І падпарадкаваліся.

Мы зрабілі, у ліку іншых гледачоў, наступнае адкрыццё: дзіўна, незвычайна, годна ўсялякай павагі ў гэтай экспазіцыі (і брава мастаку!) тое, што ўпершыню (у Беларусі? Еўропе? Ва ўсім свеце? Я проста не ведаю...) у ёй не толькі ўлічаны магчымасці ўспрымання для людзей з асаблівасцямі зроку — уласна слабым зрокам, дальтанізмам і нават поўнай фізічнай слепатой.

Так, калі б у праекце “Ідзі і глядзі” была толькі рэалізацыя цывілізаванай сацыяльнай пазіцыі музея ў адносінах да пэўнага сегмента аўдыторыі з абмежаванымі магчымасцямі, то гэта было б проста захаваннем сучасных музейных норм у адносінах да інвалідаў. Але ў Вашкевіча сам феномен іншага бачання з’яўляецца аб’ектам мастацкага даследавання, а ўдзельнікі і наведвальнікі з іншымі магчымасцямі ўспрымання візуальнай інфармацыі з’яўляюцца не проста роўнымі, але ў чымсьці нават тымі, якія маюць перавагі ў адносінах да валодання адноснай так званай “нормай”. Для разумення гэтага аспекту (і агульнага зместавага пасылу ў цэлым) вельмі важны падпраект “План уцёкаў”. Можна сказаць, гэта візуалізаванае аўтарскае крэда. Чорная зрэнка, з якой здзяйсняе дзёрзкія ўцёкі ўмоўны коміксавы персанаж, прымушае прыгадаць неверагодныя калізіі фільма “Быць Джонам Малкавічам” і запрашае, заплюшчыўшы вочы, пагрузіцца ў тактыльныя адчуванні ад прадстаўленай тут жа паверхні з рэльефным тэкстам з дапамогай шрыфта Брайля для чытання пальцамі слабавідушчымі, прачуць адноснасць зроку, пахіснуць хаця б у свядомасці яго дыктат.

Руслан Вашкевіч уключыў у комплекс экспазіцыі багаты аўдыяльны кампанент: на вернісажы лінію трымалі Сяргей Пукст, гурт “Насарогаў і Ко” і Ягор Забелаў. Пад час працы праекта ў прасторы экспазіцыі выступіў хор невідушчых і слабавідушчых Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, народны жаночы вакальны ансамбль “Легат” са спецыяльна падрыхтаванай праграмай “Чуць нябачнае”. Кожнаму нумару папярэднічала анатацыя-ўступ лектара з мэтай максімальнага пагружэння (напрыклад, некаторыя творы наведвальнікі слухалі ў поўнай цемры, каб спазнаць, як адчуваюць свет татальнікі — тыя, хто пастаянна жыве ў поўнай цемры (прафесійны тэрмін).

Актывізаваўшы сваімі кінаэпіграфамі і відэаінтэрлюдыямі цэлы пласт маіх уласных асацыяцый, аўтар сам напрасіўся: ды ён жа па тыпу паводзін і абыходжання з рэальнасцю натуральны Фіцкаральда — галоўны герой аднайменнага і ўжо класічнага фільма Вернара Херцага, скончаны маньяк з пункту гледжання разважлівых персанажаў фільма, ды і яго, Руслана, уласных персанажаў з серыі фотапастановак “Ідзі і глядзі” (назва пашырылася потым на ўвесь мегапраект), якія з тупаватай насцярожанасцю аднолькава тарашчацца на ўсе запар цуды і страхі жыцця — ад зніжак у гіпермаркеце да цела ў моргу, ад стрыптызу ў начным бары да смеццевай кучы. Уяўляю, як яны тарашчыліся на самога Руслана, калі ён іх ствараў. Дарэчы, нават чупрына ў аўтара, калі не паспявае пастрыгчыся, тырчыць амаль як у Клауса Кінскі, які геніяльна адыграў атамна прабойнага мужыка, што быў задумаў у джунглях Амазонкі пабудаваць оперны тэатр. Трэба перагледзець стужку...

Але гэта маё асабістае — і ў кожнага яно было сваё, а ў агульным меню, каб глядач не расслабляўся (гуманна, зрэшты, даўшы больш за тыдзень на страваванне вернісажных феерверкаў), з’явілася новае ўліванне — магчымасць не толькі ўбачыць, але і абмеркаваць, як у мастацтве ХХ стагоддзя мастакі праблематызуюць сам феномен зроку. Як шырока раскрыліся б, напэўна, вочы Румянцавых і Паскевічаў, калі б пабачылі яны экранныя выказванні Марсэля Дзюшана, Сальвадора Далі, Эндзі Уорхала, Марыны Абрамовіч ды іншых аўтарытэтаў сучаснага арта ў Белай гасцёўні свайго Палаца.

Руслан Вашкевіч, для каго даследаванне оптыкі і візуальнага ўспрымання — адна са скразных тэм шматгадовых мастацкіх штудый, уключыў у праект лекцыю-гутарку Святланы Малянок пра спецыфіку праблемнага фізічнага зроку і правёў адмысловую экскурсію для невідушчых па выстаўцы. Руслан сказаў пра велізарнае ўражанне ад гэтага вопыту: “Пасля экскурсіі я адказваў на іх пытанні не толькі ў залах экспазіцыі, але і яшчэ доўга ў аўтобусе, калі мы разам вярталіся ў Мінск. Гэта было неверагодна!”

Рэзюмуючы рознанакіраваныя ўражанні, можна сфармуляваць пра гэты праект шмат азначэнняў са словам “самы” перад імі, а таксама “першы” ў адносінах да арт-прасторы, да музейнай прасторы і наогул да публічнай прасторы ў Беларусі. І яшчэ — гэта найвялікі персанальны праект мастака, панарама яго працы за шмат гадоў. Ні разу столькі праектаў творцы не выстаўлялася адначасова і ў адным месцы. Акрамя ўжо згаданых, гэта — “Лесвіца”, “Не гледзячы ні на што”, “Паляванне на Мінатаўра”, “Новыя ногі для маёй бабулі”, “Тайная архітэктура. Кветкі Зла”, “Шкала Рыхтара”, “Музей”, “Канец свету”, “Дальтанічныя аб’екты”, “ХЭ”, адзінкавыя аб’екты... Дадам хіба, што “Ідзі і глядзі” працуе ў Гомелі да 25 студзеня.

Таццяна БЕМБЕЛЬ, мастацтвазнаўца, арт-куратар