На мяжы рэальнага і ўяўнага

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Персанальная выстаўка Пятра Янушкевіча адкрылася ў Гродзенскай галерэі Тызенгауза. Кожная работа мастака — асобны свет, сатканы з гульні колеру, ліній, ледзь заўважных рэальных і фантастычных вобразаў. Асаблівы жывапісны, “імпульсіўны” почырк ставіць яго ў шэраг лёгка пазнавальных аўтараў. На яго думку, карціна павінна дасылаць гледачу своеасаблівы энергетычны імпульс, які фарміруецца за кошт рытму, плям, ліній і іншых ключавых момантаў кампазіцыі.

 /i/content/pi/cult/150/1093/Yanushkevich.jpg
 П.Янушкевіч. “Хлопчык у чырвоным каптане”.
Для Янушкевіча лінія і колер з’яўляюцца камертонам успрыняцця ўсёй кампазіцыі, дзе буйныя лакальныя і кантрастныя плямы, тонкія камбінацыі адценняў, доўгія і павольныя, кароткія і рваныя лініі то мякка перацякаюць адна ў адну, то раптоўна сутыкаюцца.

Адлюстроўваючы розныя бакі нашага быцця, мастак акцэнтуе ўвагу на каштоўнасці суб’ектыўных адчуванняў і ўражанняў. Ледзь улоўны сюжэт дазваляе дакладна выказаць ідэю, якую немагчыма аформіць у канкрэтныя словы. “Скарбы гарышча” — закінутыя рэчы з нашай і чужой мінуўшчыны — не старое ламачча, а артэфакты назаўжды зніклага свету. Дастаткова ўзяць штосьці адно — і нас апануюць успаміны. Сапраўдныя каштоўнасці — не дыяменты і золата, а нашы памяць і пачуцці.

“Зімовае сонцастаянне” — паўсон, паўпрывід, таямніца нараджэння Новага года. “Лясная фея”, “Хлопчык у чырвоным каптане”, “Куток райскага саду” — гэта ўжо іншы свет, што знаходзіцца па-за часам і па-за рэальнасцю...

 

Наталля ПАЎЛЕНКА,
мастацтвазнаўца

Гродна