Кошт слова

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва”, музычны крытык
Паняцце “слова”, відаць, няпроста вымераць у нейкіх адзінках. Прынамсі, гэта не грошы. Аднак часта здараецца, што якраз “слова” — нашмат каштоўнейшае за тое, што можна вызначыць у пэўных сумах.

/i/content/pi/cult/508/10929/5-3.jpgІнфармацыя пра тое, што прамоўтар Уладзімір Шаблінскі спрычыніўся да прыезду ў Беларусь з канцэртамі расійскага акцёра Івана Ахлабысціна, скаланула пэўны сегмент айчыннага Інтэрнэту. Мяркуючы толькі па адной сацыяльнай сетцы, дзясяткі карыстальнікаў накінуліся на прамоўтара, на розныя лады пляжучы Шаблінскага. Часцей за ўсё ў каментарыях па краснае слоўца далёка не лезлі: ад проста нязгоды з такім крокам прамоўтара можна было прачытаць катэгарычныя выказванні кшталту “Цяпер я ў “Шаблі” (хутар і буйная канцэртная пляцоўка Шаблінскага. — Д.П.) ні нагой!” і ледзь не да праклёнаў на адрас чалавека, якога да гэтага эпізоду тыя самыя людзі ці не абагаўлялі за мінулыя імпрэзы.

Ва ўсіх гэтых адмоўна-катэгарычных выказваннях мне бачацца, прынамсі, тры істотныя моманты. Аднак найперш я, што называецца, расстаўлю акцэнты. Першы: аніяк не з’яўляюся прыхільнікам поглядаў Ахлабысціна, якога не лічу і значным акцёрам, але прымаю да ведама ягоныя здольнасці апераваць пэўным сегментам глядацкай аўдыторыі. Другі: для большасці каментатараў, якія паднялі хвалю на Шаблінскага, паняцце дадзенага слова ў галіне бізнес-стасункаў вельмі далёкае і мала зразумелае. Па-трэцяе, уся гэтая гісторыя — камень у падмурак з’явы, якая, мне падаецца, з’яўляецца апошнім часам ці не выключна беларускай у Інтэрнэце наогул. Яна набірае абароты з любой нагоды і вымагае вывучэння сацыёлагамі. Назву той з’яве само ж Сеціва і нарадзіла — “бульбасрач” (ужо даруйце “за французскую”, але — амаль тэрмін). Што цікава: з’ява лёгка перакідваецца з адной на іншую “дзялянку”. Цяпер вось закранула і шоу-бізнес.

А калі паспрабаваць разабрацца ў сітуацыі спакойна і ўзважана? Можна прыйсці да высновы: амаль усе “закіды” былі пра-
дыктаваны выключна эмоцыямі, але аніяк не веданнем механізмаў гэтага роду бізнесу і адказнасці за дадзенае слова. Бо сам Уладзімір Шаблінскі патлумачыў, што выступы былі афіцыйна аформлены ў выглядзе дагавораў задоўга да падзей і выкліканых імі выказванняў артыста. Каментатары дзяўблі Шаблінскага: а ва Украіне, маўляў, прамоўтары, якія мелі доўгатэрміновыя дамовы, разарвалі кантракты...

Адкажу так: я ніколі б не параіў мець з імі справы праз тое, што дадзенае імі слова — хісткае і ненадзейнае. У сур’ёзным бізнесе гэта — скандал, калі з-за нейкай заявы, якая б яна крыўдная і нават абразлівая для некага ні была, прамоўтар адмаўляецца ад пракату. Прамоўтар дэманструе непадрыхтаванасць да грунтоўнага бізнесу, да трымання дадзенага слова, якое, часта здараецца, больш важкае за падпісаны дакумент. А гэта азначае на справе падрыў аўтарытэту і фірмы, якую ён прадстаўляе, і канкрэтнай асобы. У асяроддзі прамоўтараў імгненна пойдзе пагалоска: фірма “N” — ненадзейны партнёр. А такая пляма “змываецца” з рэпутацыі не адзін год...

Карацей, адзінай падставай у адмове ад пракату згаданых канцэртаў маглі б быць форс-мажорныя абставіны. Але такіх не было! Нідзе зала не згарэла, не здарылася анічога такога, з-за чаго правесці канцэрты было б немагчыма.

…У 1990-я на ганку мінскай філармоніі тутэйшыя камуністы зладзілі пратэст з нагоды прыезду Булата Акуджавы. Дык тое хоць быў чын! Які — іншая справа. Цяперашнія пратэстоўцы выліваюць цэбры памыяў, не жадаючы нават адарвацца ад манітораў. А дзе ж вы, калі раз-пораз да нас прывозяць з суседняй краіны “спевакоў”, чый мастацкі ўзровень знаходзіцца, прабачце, ніжэй за парог хлеўчука? Нешта ў Сеціве тады вас не відаць, не чуваць. Але ж уся гэтая папса разам са славутым “шансонам” — з’ява больш маштабна небяспечная.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ
намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва"