Інвестыцыі ў культуру: рэаліі і перспектывы

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Крэатыўны сектар: час для практыкі
У сучасным грамадстве выдаткі на сацыяльную сферу, у тым ліку на культуру, усё часцей разглядаюцца як інвестыцыйныя, паколькі фарміруюць і развіваюць чалавечы патэнцыял ды ўмацоўваюць сацыяльны капітал. Апошнія ж, у сваю чаргу, з’яўляюцца фактарамі эканамічнага росту. Працягваем гаворку пра названыя захады адносна культурнай сферы.

/i/content/pi/cult/508/10923/5-6.jpg(Працяг. Пачатак у № 51.)
Культура на эканамічных форумах — гэта…

…Разам з тым, цягам апошніх дваццаці гадоў у нашай суверэннай краіне прайшла ўсяго адна навукова-практычная канферэнцыя “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці”. Яе генеральнай тэмай стала новая канфігурацыя культурнай прасторы і “новая” эканоміка культуры”, арганізаваная сумесна Міністэрствам культуры і Інстытутам культуры Беларусі сёлета. На ёй упершыню паспрабавалі вынесці на абмеркаванне пытанні эканомікі ў сферы культуры краіны асобнай тэмай. І брак форумаў, дзе можна было б абмяркоўваць культуру не ў творчым аспекце, а па яе эканамічна-прававых пытаннях, стаў тэмай выступленняў не аднаго ўдзельніка. Да ўсяго, у эканамічных ВНУ пытанні сацыяльнай сферы часцей аналізуюць ў кантэксце галіне адукацыі і аховы здароўя, сацыяльнай абароны і дэмаграфічных працэсаў. Гэткае практычна поўнае ігнараванне сферы культуры выклікае шэраг цяжкасцей з падрыхтоўкай аналітыкаў апошняй у эканамічным аспекце.

Урэшце, форумы патрэбны і пры абмеркаванні праблем па прыцягненні інвестыцый у сферу. Напрыклад, у расійскім Ульянаўску праведзены ўжо IV Міжнародны форум “Культура і інвестыцыі: рэгіянальны аспект” (такія мэтанакіраваныя форумы ладзяцца ў многіх рэгіёнах краіны-суседкі). Што на практыцы? Рэальны прыток фінансаў у сферу, а не толькі пошук магчымасцей прыцягнення інвестыцый у культуру. Але як таго дасягнуць?

У сувязі з гэтым неабходна ў нашай краіне весці, нарэшце, агрэсіўную рэкламу па прапановах інвестпраектаў у культуры. На сайтах абласных і раённых выканаўчых камітэтаў маецца шэраг інвестыцыйных прапаноў, але яны практычна не выходзяць на публічнае абмеркаванне і тым больш прасоўванне. Згаданы мной ульянаўскі форум засведчыў цікавасць да гісторыка-культурнай спадчыны, да розных форм існавання культуры (кіно, архітэктура, народныя рамёствы ды іншых). Выказваюць яе замежныя фірмы і прадпрымальнікі, маецца інтарэс у прадстаўнікоў UNESCO, але каналы атрымання інфармацыі — абмежаваныя. Вяду да таго, што культура і інвестыцыі — гэта не міф, а рэальная праца. Паступова прыходзіць разуменне: бізнес і наша сфера могуць зразумець адно аднаго і сумесна выпрацаваць механізмы, якія дазволяць выгадна ўкладаць грошы ў культуру. Менавіта інвеставаць, а не толькі аказваць дабрачынныя ахвяраванні.

Ад дзяржавы і для дзяржавы

Эканамічныя перадумовы па выкарыстанні механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы выяўляюцца і з боку дзяржавы.

Неаднаразова выказвалася меркаванне пра тое, што з дапамогай прымянення дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў культуры магчымае рашэнне такіх дзяржаўных задач, як актыўнае прыцягненне пазабюджэтных сродкаў з мэтай зняць нагрузкі з бюджэтаў рэгіянальнага ўзроўню, а таксама перанесці фінансавыя рызыкі з публічнага сектара на прыватны.

Трэба адзначыць, што і ў нашай краіне рэгіянальныя ўлады праводзяць працу па падрыхтоўцы інвестыцыйных прапаноў, прывабных для партнёраў-прыватнікаў, што тычацца, у першую чаргу, тых аб’ектаў культуры, на якія ў рэгіянальнага бюджэту не хапае фінансавых рэсурсаў. Такім чынам, можна сцвярджаць, што і дзяржава, і бізнес прызнаюць магчымасць сумеснага ўдзелу ў культурных праектах мэтазгодным і эканамічна выгадным.

Для дасягнення станоўчых вынікаў такога супрацоўніцтва, а таксама ў мэтах рэкламы інвестыцыйных прапаноў у рэгіёнах прапаную, прынамсі, штомесяц адводзіць месца ў газеце “Культура” і ў іншых рэспубліканскіх выданнях для публікацыі ды абмеркавання такіх праектаў. Гэта дасць магчымасць такога дэфіцытнага сёння інфармавання не толькі юрыдычных асоб, але і прыватнікаў. Адпаведна, падобная падача прапаноў будзе абмяркоўвацца публічна.

Факт дабрачыннасці

Варта сказаць, што культурная дабрачыннасць у Рэспубліцы Беларусь не адлюстравана ў асобным законе (на гэтую тэму існуе толькі Указ Прэзідэнта краіны), але факт ахвяраванняў на развіццё тых або іншых устаноў сферы існуе. Відаць, прыспеў час заканадаўча замацаваць дадзены від дзейнасці, тым больш размовы пра неабходнасць такога акта вядуцца не адно дзесяцігоддзе. Галоўным тормазам, на думку практыкаў, якія сутыкаюцца з праблемамі ў перыяд распрацоўкі праектаў, з’яўляюцца патэнцыйныя шлюзы для карупцыйных схем. Аднак праблема гэтая знаходзіцца ў зоне адказнасці праваахоўных органаў і кантрольна-рэвізійных ведамстваў, якія адсочваюць псеўдадабрачынныя ахвяраванні.

Асноўная ж задача патэнцыйнага закону аб дабрачыннай (мецэнацкай) дзейнасці — стымуляваць прыток дадатковых фінансавых сродкаў у сферу культуры і мастацтва праз актывізацыю не столькі заможных людзей, колькі, у першую чаргу, масавай прыватнай дабрачыннасці праз простага чалавека (спажыўца), гатовага ахвяраваць на культуру адносна невялікія сродкі са свайго сціплага бюджэту. Пакуль жа мы не можам прадставіць даныя статыстыкі наконт таго, якую частку сродкаў ахвяруюць фізічныя асобы ў нашай краіне на культуру, а пра патрэбы ў такіх дзеяннях з кожным годам усё часцей выказваюцца многія людзі публічна, у тым ліку — праз сацыяльныя сеткі.

Пры распрацоўцы закону варта даць вызначэнне таго, што такое “дабрачынная дзейнасць” (названае паняцце да гэтага часу не растлумачана ў нарматыўных актах, да ўсяго, яго не трэба блытаць з паняццем “спонсарства”), “дабрачынныя арганізацыі”, “суб’екты дабрачыннасці”… Патрабуецца таксама распрацоўка Палажэння аб валанцёрскім руху ў масавых мерапрыемствах (не толькі ў рамках БРСМ).

У Беларусі склалася ўстойлівае меркаванне, што калі арганізацыя дабрачынная, то ў першую чаргу гэта аказанне дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а не падтрымка творчай ініцыятывы і ўдзел у фінансаванні па прасоўванні культурнага прадукту. А напрамкі дабрачыннасці — розныя: гэта інфармацыйная і тэхнічная дапамога, праца з дабрачыннымі фондамі, грамадскімі і некамерцыйнымі арганізацыямі.

Стымуляваць для інвестыцый

Найважнейшым механізмам стымулявання дабрачыннай дзейнасці з’яўляецца падатковы вылік па дабрачынных ахвяраваннях. Урэшце, амаль усе дзяржавы СНД і Еўропы прадугледжваюць тыя або іншыя падатковыя стымулы. А што ў нас? Так, прыемна адзначыць, што адной з намінацый у III Нацыянальнай тэатральнай прэміі была “Мецэнат тэатра”. Прызнанне і публічная падзяка такім арганізацыям павышаюць статус апошніх у грамадстве.

Варта адзначыць, што па выніках аднаго з сацыялагічных даследаванняў, у 2011 годзе толькі 2% беларускіх бізнесменаў удзельнічалі ў мецэнацкай дзейнасці і толькі 7% хацелі б удзельнічаць, пры гэтым 26% не хацелі б такога ўдзелу наогул, а 22% — было цяжка даць адказ. На пытанне ж, ці хацелі б яны атрымаць маральную падтрымку ў выглядзе прызнання, вядомасці, падзякі грамадства, 43% адказалі, што не чакаюць ад дзяржавы якіх-небудзь заахвочванняў, 32% — хацелі б атрымаць, 11% — не чакаюць, але гатовы ўсё роўна быць мецэнатамі, 38% апытаных усё ж такі чакаюць ад дзяржавы кроку насустрач у выглядзе падатковых прэферэнцый...

Фота Юрыя ІВАНОВА

(Працяг артыкула — у наступных выпусках “Лічбавага" падыходу”.)

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: