Родны народны

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Аматарскі тэатр Талачына ў маналогах рэжысёра
Народнаму тэатру ў Талачыне споўнілася 90 гадоў. Такім векам не кожная вялікая сцэна можа пахваліцца. Ад гуртка аматараў ён дарос, прынамсі, да статусу мясцовай славутасці. Напэўна, дзякуючы таму, што ім кіравалі неабыякавыя таленавітыя людзі: Цімафей Пляшко, Аляксей Савік... Апошнія дзесяцігоддзі “за стырном” — рэжысёр-пастаноўшчык Святлана Васільева. Прапануем некалькі яе маналогаў.

/i/content/pi/cult/508/10920/13-1.jpgЗ чаго пачынаецца тэатр?

— Прыйшла ў талачынскі ДК шасцігадовай. На тутэйшай сцэне ў дзяцінстве паказвала акрабатычныя нумары. Так і пачалося маё сяброўства з артыстычным асяроддзем. Пазней даведалася пра народны тэатр, але яшчэ доўга баялася нават пераступіць яго парог. Ды аднойчы, расхрабрыўшыся, зрабіла тое і неўзабаве атрымала першую ролю: Агнію ў Астроўскага. І пайшло: “Не ўсё кату Масленка”, “Трыбунал”...

Прасякнуўшыся атмасферай, вырашыла атрымаць рэжысёрскую адукацыю ў Мінску. Паступіла я ў Тэатральна-мастацкі інстытут, а на другім курсе нас перавялі ў новаствораны Інстытут культуры. Вучылася на завочным аддзяленні, а на апошніх курсах пачала працаваць у Талачыне, у сваім родным народным. Там аказаліся вольнымі дзве пасады: рэжысёр і мастак пастановачнай часткі. На апошняй я адпрацавала год, а пасля, у 1980-м, занялася дыпломам — спектаклем па творы Анатоля Ларчанкава “Адна бяроза ведае”. Заняла там 16 чалавек, сама выканала галоўную ролю. Калі на прэм’еру ў Талачын прыехалі мае выкладчыкі з Мінска, не на жарт расхвалявалася, але ўсё прайшло паспяхова: я атрымала высокія балы, а спектакль — добрыя водгукі.

Так тэатральная дзейнасць і пачалася нават без паступовага пераходу ад вучобы да работы: працавала спачатку рэжысёрам, а затым мне прапанавалі пасаду дырэктара Дома культуры. Пагадзілася, але, канешне, не пакінула і акцёраў. Вось у такім рэжыме, творча-кіраўнічым, пражыла 36 гадоў, да пенсіі. Потым саступіла дырэктарскія абавязкі сваёй дачцэ Кацярыне, а сама зноў акунулася ў тэатральныя справы. Дарэчы, з гонарам кажу, што сям’я ў мяне вельмі творчая, можна нават сказаць пра дынастыю. Напрыклад, у спектаклі Алеся Петрашкевіча “У спадчыну — жыццё” сярод сарака артыстаў на сцэне былі мае маленькія дочкі і я сама.

За плячыма — больш за 35 спектакляў. Сёлета наш тэатр зноў пацвердзіў званне “народны”. З апошніх поспехаў — ІІІ месца на фестывалі “Тэатральная вясна-2014”, калі нас вылучылі сярод 25 калектываў рэспублікі. Зараз жа працую над дзвюма казачкамі, а зусім нядаўна паставіла спектакль “Бабскі бунт” па апавяданнях Шолахава, што мае поспех. У творчасці ж збольшага займаюся беларускай драматургіяй, якая мне бліжэйшая: Дудараў, Чарот, Купала, Матукоўскі, Кавалёў, Галубок, Шамякін, Маўзон, Дзялендзік...

Праблемны фон

— Нельга не сказаць і пра нашы праблемы. Дом культуры ў будынку 1950-х гадоў знаходзіцца у амаль аварыйным стане. Заняткі я праводжу на сцэне, але ў залу спускацца небяспечна — сыплецца са столі. Па сутнасці, зараз тэатр, як і іншыя фарміраванні Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, знаходзяцца без даху: моладзь не мае “культурнага” прытулку, тэатр — нармальнай прасторы, заслоны, глядач — годнай залы.

А патэнцыял і вынікі — немалыя. Да нас сюды столькі артыстаў прыязджалі, мы праводзілі розныя конкурсы, былі цэнтрам прыцягнення ў горадзе! Ды і з гастролямі па сельскай мясцовасці праехалі: людзі нас пасля спектакля адпускаць не хацелі. Вось яшчэ аргумент на карысць таго, што падабаемся публіцы, а значыць — заслугоўваем прыстойных умоў для працы.

Хто акцёры?

— За час кіравання тэатрам праз яго прайшлі больш за сто чалавек. У нашай камандзе — і настаўнікі, і ахоўнікі, і музыканты, нават тэхнічка ёсць. Ёсць і тыя, не беларусы, каго навучала нашай мове. Заўсёды хапала на ролі і жанчын, і, як ні дзіўна, мужчын: нават крыўдуюць людзі часам, што не трапляюць у пастаноўку. Многія з майго калектыву, на жаль, ужо пайшлі з жыцця: гэта больш за дзясятак выдатных артыстаў-аматараў… Бывалі і такія моманты, калі нехта з акцёраў рэзка выходзіў з трупы, але заўсёды за кароткі час знаходзіла замену, каб не прыпыняць гастролі і выступленні. Сёння ж наймаладому акцёру — 18 гадоў, а самай дарослай актрысе — 50.

Увагу надаю прыцягненню моладзі. А каб зацікавіць дзяцей тэатрам і мастацтвам наогул, узялася за распрацоўку казак. Да ўсяго, з такім рэпертуарам можна завітваць у дзіцячыя садкі і школы. А граюць у гэтых пастаноўках дарослыя.

Як кіраўніка мяне ўсцешвае, што людзі зараз ідуць у тэатр. Многія натхняюцца рэжысёрскай справай і кажуць, што стануць паступаць ва Універсітэт культуры і мастацтваў. Нават ходзіць пагалоска: пасля заняткаў Святланы Васільевай дзеці паспяхова вытрымліваюць экзамены. Магу гэта патлумачыць толькі тым, што мы з вучнямі пачынаем з асноў, з ігры, з грыму, са сцэнічнага руху, музыку вучымся падбіраць, самі ж шыем касцюмы і робім дэкарацыі. Дарэчы, тэатр амаль не патрабуе грошай на тое, каб нешта набываць.

Бясплатна — няправільна

— Нядаўна канчаткова вырашыла: рабіць бясплатныя спектаклі — няправільна. Атрымліваецца, работа артыста абясцэньваецца. Заўсёды неабходна сімвалічная плата, таму што людзі ў нас любяць прыраўноўваць бясплатнае да другаснага. Але тут лагічная і наступная думка: народныя калектывы павінны сёння падцягвацца да прафесійных, бо калі не будзеш у форме — да цябе ніхто не пойдзе.

Займаемся з артыстамі штодзень, у каго як атрымліваецца. Па выхадных праводжу індывідуальныя заняткі. Часам чую, як бурчаць на іншым канцы проваду на словы: “Мама, я ў тэатры!” або “Жонка, я рэпецірую!”… Ніякавееш, але ўзнагародай становяцца моманты, калі акцёры так праўдзіва граюць, што я сяджу ў зале і разам з імі хвалююся.

Што глядач не прыме?

— Гастралюем па суботах у асноўным па раёне, бо далей трэба браць дазволы. Але выступалі мы і ў Мінску — для тэлебачання. Падабаецца з акцёрамі выязджаць у сталічныя тэатры, у бліжэйшых планах — Віцебск. Дарэчы, апошнім разам у Мінску наведалі Музычны тэатр, дзе глядзелі трохгадзінную камедыю “Бабскі бунт”: убачылі сапраўднае шоу, танцы, але для свайго тэатра я выбрала больш драматычную, класічную версію.

А 19 снежня пабывалі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа і паглядзелі прэм'еру "Загадкавыя варыяцыі" ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка трупы, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Валерыя Анісенкі. Ён жа дапамагае нам і крытыкай, і парадай. (Але нікому не дазваляла ставіць спектаклі за мяне: чакаю ад прафесіяналаў падказак і не больш за тое.) Вось у той час, калі рабіла пастаноўку “Пра Фядота-стральца”, звярталася да Леаніда Філатава: нешта планавала выдаліць з тэксту, таму вырашыла атрымаць дазвол. Ён, канешне, даў дабро, а на прэм’еру ад яго прыйшоў падзячны ліст. Ставіла я і два спектаклі Анатоля Дзялендзіка, а калі ён прыязджаў у Талачын, рабіла яму творчы вечар.

Наогул жа, талачынцы любяць тэатр. Як рэжысёр бяруся за ўсё, што прапаноўвае сучаснасць. Вось нядаўна прачытала аповесць “Пахавайце мяне за плінтусам” Паўла Санаева. Твор мне спадабаўся, ды і калектыў ухваліў ідэю пастаноўкі, таму ў планах — праца над гэтым спектаклем.

Мая задача на сёння — знайсці сабе пераемніка. Ёсць у мяне ідэя з’ездзіць ва Універсітэт культуры і мастацтваў, каб пагутарыць са студэнтамі: я гатова вучыць, падказваць, перадаць, урэшце, мясцовую тэатральную справу таму, хто гэтага варты.

Аліна САЎЧАНКА

Фота аўтара

 

Кажа эксперт

Аляксей СЯРМЯЖКА, з 1973-га, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, — мастацкі кіраўнік народнага драматычнага калектыву ў Хойніках:

— Асноўная праблема для народнага тэатра — людзі. Рэжысёру трэба напрацаваць немалы аўтарытэт, каб артысты яго слухаліся і разумелі… Тады і тэатр аўтарытэт набудзе. Тады кіраўніцтва раёна паспрыяе і з выдаткаваннем сродкаў на касцюмы, на дэкарацыі. Прынамсі, да нашага калектыву менавіта так і ставяцца. І з рэпертуарам праблем не будзе, калі рэжысёр не лянуецца чытаць. Сучасныя беларускія драматургі — вельмі актыўныя творцы. Так што стаўлю спектаклі толькі на беларускай мове!..

 

Хэдлайн рэгіёна

 

 

Песціць ды пялегаваць

Не маё гэта меркаванне, але цалкам яго падзяляю. Калі ёсць народны тэатр у райцэнтры, дык любы мудры кіраўнік раёна імкнецца песціць яго ды пялегаваць. Па той простай прычыне, што мясцовы тэатр становіцца пакрысе не абы-якой культурнай з’явай. А кожная ягоная прэм’ера (сам неаднаразова бачыў) збірае нязменныя аншлагі.

І тут спрацоўвае сіндром мясцовага (не блытаць з местачковым) гонару за сваё, раённае. Гэта на канцэрт заезджай зоркі можна падумаць: пайсці ці не. А калі сусед Вася ці Коля ў ролі Атэла выступае, дык ці ж можна, затапчы яго камар, праігнараваць? Вось так пакрысе глядач становіцца тэатралам, а самадзейны артыст усведамляе сваю ўплывовасць. На гэтым стыку ўзаемакарысных інтарэсаў і нараджаецца неверагодна цікавая з’ява, якую я назваў бы “раённы тэатр”.

Баюся памыліцца, але адзіны недахоп такога тэатральнага ўтварэння — кепска падабраны рэпертуар. Не маю на ўвазе, што трэба, маўляў, чагосьці папрасцей. Справа ў тым, што вёска наша размаўляе на цудоўнейшай трасянцы, дзе беларускіх слоў — усё ж болей. І Шэкспір у такім моўным перастварэнні гучыць трошкі сюррэалістычна. Там, дзе гэта разумеюць, у пашане Купала, Крапіва, Макаёнак, мясцовыя аўтары. Гомельшчыне, да прыкладу, пашанцавала: у яе ёсць драматург Васіль Ткачоў — цудоўны знаўца райцэнтраўскіх рэалій... Караля робіць світа, а нацыянальны тэатр як з’яву — рэпертуар. Нават калі не стае сцэнічных касцюмаў і належнага асвятлення.

Яўген РАГІН

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст