Жаданне збліжэння

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Так называецца выстаўка акварэлі Галіны Раманавай, якая працуе ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва. Чорнае і белае, узнёслае і зямное, гарачае і халоднае — напружанасць паміж гэтымі полюсамі, вечнае імкненне да збліжэння нязбліжанага стварае свет яе вобразаў. Чалавек на працягу ўсёй сваёй гісторыі аб гэтым гаворыць, тужыць, моліцца, пяе,малюе… На ўсіх узроўнях: ад пранізлівага смутку, маркоты — да невычарпальнай палкай любові.

 /i/content/pi/cult/150/1092/Ramanava.jpg
 Г.Раманава. “Кампазіцыя № 3”.
Жывапісныя імправізацыі Галіны Раманавай інтэрпрэтуюць вечную тэму мовай колеру. Гледзячы на яе творы, удумлівы глядач разумее: яна любіць джаз. Менавіта так. Рытмы, блюзы, сінкопы і такты — усё гэта ёсць у яе акварэлях, абстрактных альбо паўабстрактных. Зразумела, што, пры ўсім жаданні, збліжэнне магчымае не з кожным гледачом…

Падкрэслю, што акрамя акварэлі Галіна Раманава працуе ў аллейным жывапісе, стварае вітражы, распрацоўвае мастацкія канцэпцыі інтэр’ераў.

Выхавальніца Мінскага мастацкага вучылішча і БДТМІ, яна шмат разоў удзельнічала ў выстаўках на Беларусі і за мяжой, а таксама ў міжнародных пленэрах. Але персанальная экспазіцыя акварэлі на радзіме арганізавана ўпершыню.

 

Таццяна БЕМБЕЛЬ,
мастацтвазнаўца