У Залессі Агінскага

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Квартал музея. Першы
Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага пасля рэстаўрацыі адкрыў свае дзверы шырокай грамадскасці і рыхтуецца адзначыць 250-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара. Да гэтай падзеі музейныя залы папаўняюцца арыгінальнымі прадметамі, вядзецца праца па добраўпарадкаванні паркаў, а таксама рыхтуецца праграма ўрачыстасцей.

/i/content/pi/cult/508/10917/3-1.jpg

/i/content/pi/cult/508/10917/3-3.jpg

Акурат у гэтым квартале стала даступнай для гасцей славутае Залессе, што на Смаргоншчыне. Трапіць сюды я павінен быў яшчэ пару гадоў таму — пад час воднага падарожжа “К” па Віліі. Але ўрэчаіснілася задуманае толькі некалькі дзён таму. Візіт прыйшоўся дарэчы: налета сусветнай супольнасцю будзе адзначацца 250-годдзе з дня нараджэння кампазітара і дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. І дзе, як не ў колішняй рэзідэнцыі Агінскіх у Залессі, мусяць адбыцца запамінальныя мерапрыемствы!

Заблукаць у Залессі, так і не знайшоўшы палац самастойна, — сітуацыя рэальная. Як пазней патлумачылі ў музеі, указальнікі яшчэ ўлетку расставілі ў дастатковай колькасці. Але яшчэ да афіцыйнага адкрыцця літаральна ўсе яны былі… скрадзены вандаламі. Пэўна, на сувеніры. Дзякуючы падказкам мастацкага кіраўніка мясцовага СДК, я знайшоў-такі палац, які нават у слоту выглядае шыкоўна.

Што ж зроблена за некалькі гадоў рэстаўрацыі ўнутры колішняга маёнтка Агінскіх? Дырэктар музея-сядзібы Людміла Градзіцкая правяла невялікую экскурсію, якая, да слова, складаецца з дзвюх частак. Спачатку госці палаца глядзяць дакументальны фільм, а пасля выпраўляюцца ў падарожжа па залах, а ў добрае надвор’е — і па маляўнічым парку.

Практычна ўсе рэстаўрацыныя работы ў палацы завершаны. Ужо збірае гасцей канцэртная зала (якая, дарэчы, была створана тут пасля смерці кампазітара). А вось аранжарэя пакуль не працуе: спецыялісты мусяць выправіць пэўныя хібы ў гідраізаляцыі памяшкання. Але ўжо сёння ў “зімовым садзе”, як і ў часы Агінскага, багата разнастайных экзатычных раслін, у тым ліку — фінікавая пальма. І ўсё гэта — падарункі вяскоўцаў! Побач можна ўбачыць скрынкі з рассадай. Хто ведае, мо неўзабаве музей стане атрымліваць прыбытак і з продажу раслін. Прынамсі, Людміла Уладзіміраўна гэтага не выключае. У перспектыве ж у аранжарэі можна будзе пакаштаваць кавы: у суседнім пакоі пад гэтыя мэты абсталявана кухня.

Зараз жа галоўнае пытанне для работнікаў музея (сёння там працуе сем чалавек) — напоўніць прастору экспанатамі. Балазе сертыфікат на 130 мільёнаў рублёў на набыццё музейных прадметаў дырэктар музея атрымала пару месяцаў таму з рук старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Ужо прыдбаны більярдны стол — цэнтральны аб’ект адной з залаў палаца, які толькі засталося прывезці з Мінска. Знакавым бачыцца і тое, што зусім новы музей ужо мае шмат сяброў, якія без усялякіх просьбаў прыносяць каштоўныя прадметы для экспазіцыі і рэчы для аздаблення інтэр’ераў.

Можна адзначыць у музеі і багатую сувенірную прадукцыю, якая амаль уся тым ці іншым чынам прысвечана Залессю і Агінскаму. Рэалізуецца і ўласная змястоўная друкаваная прадукцыя. Не пазбягае кіраўніцтва музея і арганізацыйных клопатаў. Толькі пры мне Людміле Уладзіміраўне давялося вырашыць пытанне па набыцці бялізны для гасцінічных нумароў, якія неўзабаве адкрыюцца для гасцей палаца.

Пры ўсіх відавочных і аб’ектыўных недахопах для мяне як для журналіста і турыста важна, што ў музеі сёння гучыць славуты Паланэз Міхала Клеафаса ды іншыя ягоныя музычныя кампазіцыі. Праводзяцца інтэрактыўныя гульні ў парку, прысвечаныя мемарыяльным валунам, якія прывабліваюць не толькі дзяцей, але і дарослых. Хочацца верыць словам Людмілы Уладзіміраўны, якая запэўнівае, што з цягам часу з’явяцца ў музеі і аўдыягіды, і інфакіёскі. І ўсё ж, думаецца, было б не лішнім, з улікам фінансавых магчымасцей, пераняць пэўны досвед (інтэрактыўны, мультымедыйны) тых жа музеяў Бетховена ў Боне і Моцарта ў Вене ці Шапэна ў Варшаве. Наш Агінскі гэтага заслугоўвае!..

Грошы — у “рэале”, а што ў ідэале?

Намеснік старшыні райвыканкама: як культуру задзейнічаць у турызме?

/i/content/pi/cult/508/10917/6-1.jpgПазнаёміцца з намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзем Бычко давялося пад час прэзентацыі кнігі “Апошні прытулак салдата”, якая прайшла колькі месяцаў таму ў Мінску. У час той кароткай размовы я быў уражаны, што перада мной стаяў не проста чыноўнік, а чалавек, які не аддзяляе дзяржаўнае ад нацыянальнага, разумее вялікую ролю культурнай спадчыны як сродку павышэння самаацэнкі грамадства і, адпаведна, дабрабыту апошняга. А таму з цікавасцю прыняў прапанову Генадзя Паўлавіча грунтоўна паразмаўляць пра дзейнасць сферы культуры Смаргоншчыны. І ў першую чаргу — пра рэаліі ды перспектывы Сядзібна-паркавага комплексу Агінскіх у Залессі.

— Адносна Залесся маем багата задумак. Але для таго, каб аб’ект набыў максімальна аўтэнтычныя рысы, давядзецца зрабіць вельмі шмат. Неабходна працягнуць работы па зімовай аранжарэі, на-

даць першаснае аблічча вежы, аздобленай у часы Міхала Клеафаса гадзіннікамі з чатырох бакоў і глобусам уверсе. Той шпіль, які цяпер можна ўбачыць на вежы, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці і будзе абавязкова перароблены.

У нас стаіць задача і па далейшай музеефікацыі палаца. Ужо распрацавана канцэпцыя экспазіцыі, напісаны тэматычна-экспазіцыйныя планы. Вядома, самы галоўны клопат — знайсці і набыць неабходныя артэфакты. Па папярэдніх падліках толькі на гэта трэба выдаткаваць каля пяці мільярдаў рублёў. Вяду да таго, што неабходна, каб ажылі сцены. Набыты ўжо некаторыя каштоўныя экспанаты. Дзякуючы дапамозе Уладзіміра Шчаснага ў Залессі з’явілася арыгінальная гравюра 
Леанарда Ходзькі, прыжыццёвае выданне кнігі з успамінамі Міхала Клеафаса Агінскага. Засталося днямі забраць і прывесці з Мінска старадаўні напольны гадзіннік. Варта разумець, што сам па сабе будынак — гэта толькі абалонка, якая без унутранага зместавага (у тым ліку рэчавага) напаўнення не мае вялікага значэння.

— Відаць, як і без аўтэнтычнага прыроднага ландшафту?

— Безумоўна! Таксама мяркую, што будынак нельга разглядаць без уліку навакольнага парку. Даводзілася бываць на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны ў суседніх краінах, тым жа Тракайскім замку, у сядзібе Юзафа Тышкевіча ў літоўскім Ужутракісе. Названыя мясціны пазіцыянуюць сябе як палацава- альбо сядзібна-паркавыя ансамблі. І ад гэтага толькі выйграюць! А таму кожны турыст мусіць пабываць у самой залесскай сядзібе, пазнаёміцца з адметнымі артэфактамі, пашпацыраваць па парку ля возера і атрымаць натхненне ад краявідаў, якое атрымліваў і сам Міхал Клеафас. Калі мы зможам прапанаваць такі набор гасцям, тады і можна будзе казаць пра завяршэнне праекта рэстаўрацыі.

— Вернемся да перспектыўных задумак. Што яшчэ неўзабаве змогуць пабачыць турысты?

— На наступны год адкрываецца новая магчымасць фінансавання за кошт сумесных трансгранічных праектаў з Літвой. Мяркуем працягнуць супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі па праекце — Тракайскім нацыянальным паркам, з якім з 2011-га па сакавік 2014-га рэалізоўвалі праект па аднаўленні музычна-тэатральных залаў на аб’ектах у Залессі і ў Тракаі. У задумах пабудова ратонды ў кітайскім стылі, якую можна ўбачыць на старадаўніх гравюрах побач з ужо адноўленай альтанкай Амеліі. Але добраўпарадкаваць 25 гектараў парку — задача з няпростых. Тым больш, што перад правядзеннем работ трэба мець вывераную і зацверджаную Міністэрствам культуры Беларусі дакументацыю.

— Не магу не закрануць тэму святкавання 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Дата ж у календары UNESCO…

— Не стану раскрываць усе сакрэты. Магу толькі зазначыць, што да гэтай падзеі ў нас запланавана навукова-практычная канферэнцыя. Акрамя таго, восенню наступнага года ў Смаргоні пройдзе конкурс юных выканаўцаў камернай музыкі. У планах запрасіць усіх вядомых нам нашчадкаў Міхала Клеафаса. Толькі за той зусім невялікі перыяд, што дзейнічае ўстанова, палац наведала каля чатырох тысяч турыстаў. Адпаведна, хай сабе і невялікі — каля 36 мільёнаў, — ды ўсё ж прыбытак пачала атрымліваць. Спадзяюся, у юбілейны год гэтыя лічбы істотна вырастуць.

— Гатэль, размешчаны на тэрыторыі палаца, разлічаны толькі на 9 месцаў. Ці хопіць месцаў усім турыстам, якія прыедуць у жніўні на ўрачыстасці?

— З гэтай нагоды не варта хвалявацца. У Смаргоні маецца дастаткова вялікая гасцініца. А зусім нядаўна прадпрымальнік з Мінска выкупіў у Залессі колішні дзіцячы садок з мэтай перапрафілявання памяшкання ў гатэль, разлічаны на 30 — 40 месцаў. Бізнесмен — не навічок у турыстычным бізнесе і, спадзяюся, паспее да ўрачыстасцей.

— Думаецца, акрамя канцэртаў і экскурсій, музей у перспектыве можа прапанаваць турыстам за пэўную плату выпіць кавы, згуляць у більярд...

— Толькі ўявіце, што будзе з тым більярдным сталом пасля некалькіх дзясяткаў гульняў! Таму гэта магчымасць пакуль не разглядаецца. Няхай лепш більярд застанецца музейным экспанатам. А вось кавярня — іншая справа. Больш за тое, сёння ў прадпрымальнікаў ёсць магчымасць пад кавярню ўзяць у арэнду памяшканне млына, што размяшчаецца побач з сядзібай. Гатовыя разгледзець любыя прапановы! Галоўная ўмова, каб усё было зроблена з розумам. Маю на ўвазе, што ў кавярні павінен прысутнічаць дух Агінскага — праз класічную музыку, стравы старадаўняй беларускай кухні, адпаведнае ўнутранае аздабленне. Несумненна, гэта ўсё будзе прапісана ў дагаворы.

— Ці ёсць на Смаргоншчыне выпадкі, калі бізнесмен інвеставаў у сферу культуры?

— У сітуацыі з Залессем выкарыстоўваліся толькі бюджэтныя сродкі ды 200 тысяч еўра з трансгранічнага праекта. Падтрымка з боку замежных партнёраў дала штуршок да далейшай актыўнай працы па добраўпарадкаванні палаца. З іншага боку, вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся і аказаў любую дапамогу, у першую чаргу мясцовым жыхарам, работнікам сферы культуры, работнікам нашага ЖКГ, ЖРЭС, бо вялікі пласт працы зроблены менавіта імі, прычым — на энтузіязме.

— Не магу абысці пытаннем будучыню знакавага для ўсёй Беларусі аб’екта на Смаргоншчыне — Крэўскага замка…

— Гэта адначасова наш гонар і наш боль. Пакуль вядзецца толькі распрацоўка праекта кансервацыі замка. Не можам дачакацца, калі будзе выдадзены нам гэты праект у гатовым выглядзе. І чым больш затрымліваецца названы працэс, тым больш руйнуецца памятка нашай мінуўшчыны. Скажу шчыра, да Крэва ў такой ступені, як да Залесся, у нас яшчэ рукі не дайшлі. Мы рады любой дапамозе звонку, але трэба быць рэалістамі: справа захавання знакавых помнікаў нашай архітэктуры — у руках дзяржавы.

— Але ж менавіта Залессе і Крэва — самыя прыцягальныя для турыстаў.

— Вядома. Падзялюся невялікім сакрэтам: у Міністэрстве фінансаў ляжыць на ўзгадненні падпісаны яшчэ ўлетку праект гранта на 300 тысяч еўра — на развіццё турыстычнай інфраструктуры раёна. Перш за ўсё, будзе створана электронная інтэрнэт-платформа — культурна-турыстычны партал Смаргонскага раёна, дзе будзе ўлічана ўсё да драбніц. Чакаецца каардынацыя ўсіх аб’ектаў, цікавых для турыста, у тым ліку — устаноў культуры. Таксама ў межах праекта закладзены сродкі на правядзенне шэрагу мерапрыемстваў у Залессі і Крэве, у тым ліку на набыццё касцюмаў для тэатралізацыі.

— Мемарыял ахвярам Першай сусветнай вайны, адкрыты сёлета, таксама будзе ўключаны ў турыстычную інфраструктуру раёна?

— Адназначна! Ужо распрацаваны і веласіпедны маршрут па мясцінах Першай сусветнай. На маю думку, ваенны турызм на Смаргоншчыне — адзін з самых перспектыўных накірункаў. Гісторыя ў нас насычаная на знакавыя падзеі — пачынаючы ад трагічных старонак Крэўскага замка, вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім княствам, Паўночнай вайны (на Смаргонскай зямлі пэўны час былі стаўкі цара Аляксея Міхайлавіча і Карла XІІ) і процістаяння з войскам Напалеона Банапарта да жахаў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. Гэта наша памяць. Думаецца, не выпадкова экспазіцыя Смаргонскага краязнаўчага музея, прысвечаная падзеям Імперыялістычнай вайны, на сёлетнім ІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” атрымала першую прэмію.

— Хто, калі не сакрэт, займаецца напісаннем грантавых заявак і ўсімі адпаведнымі паперамі для раёна?

— Па Залессі праект быў падрыхтаваны тады яшчэ аддзелам культуры і непасрэдна яго кіраўніком Таццянай Ражавай. Грант па турыстычным накірунку пісалі спецыялісты з Мінска. Яны зацікаўлены, бо будуць на платнай аснове задзейнічаны ў рэалізацыі праекта. Вывучыўшы патэнцыял Смаргонскага раёна, яны самі выйшлі на райвыканкам і прапанавалі паслугі. Сярод групы, што распрацоўвала праект, ёсць дасведчаныя эканамісты, праграмісты, словам, тыя, хто сабаку з’еў на праектнай дзейнасці.

— Работнікі ўстаноў культуры раёна неяк будуць уцягнуты ў працу з турыстамі?

— Калі браць ідэал — то тут нам, як кажуць, яшчэ працаваць і працаваць. Але зрухі ёсць. Гаспадары аграсядзіб пачалі больш актыўна звяртацца да сельскіх устаноў культуры, скіроўваць турыстаў у музеі. Трэба ўлічваць, што ў раёне ў нас тры школьныя музеі, якія маюць званне народных. Вялікі патэнцыял і ў мясцовых краязнаўцаў. Чаго варты адзін Уладзімір Прыхач! Так што працаваць ёсць каму...

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"