Будуць песні — стане цікавым фестываль

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

У размове — пра спевы на роднай мове...
"Рыхтуй колы ўзімку" — гэтай прыказкі прытрымліваўся народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, калі сабраў прадстаўнікоў сферы культуры з усіх рэгіёнаў краіны на свой майстар-клас. Насамрэч гэта была, хутчэй, нарада, прысвечаная падрыхтоўцы да конкурсу маладых выканаўцаў, што ладзіцца ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

Як ніколі рана былі акрэслены тэрміны правядзення Маладзечанскага фестывалю — дарэчы, 15-га па ліку: ён пройдзе ў першыя выхадныя чэрвеня. Але шукаць будучых канкурсантаў і, галоўнае, песні для іх трэба ўжо цяпер. Пра гэта і пайшла 
размова.

Будуць новыя добрыя песні — цікавым стане і ўвесь фестываль. Гэта старая аксіёма сёння як ніколі актуальная. Бо апошнім часам менавіта беларускамоўны рэпертуар зрабіўся галаўным болем выканаўцаў, іх педагогаў, а таксама ўсіх тых, хто займаецца арганізацыяй і правядзеннем разнастайных песенных праектаў. Калі ж на конкурсе гучыць па некалькі аднолькавых твораў, гэта прыводзіць да дадатковага “спаборніцтва ў спаборніцтве”. Міхаіл Якаўлевіч звярнуўся да прысутных з просьбай, каб патэнцыйныя ўдзельнікі больш чыталі добрай паэзіі і тым выхоўвалі свой густ, што не дазволіць ім надалей звяртацца да нізкапробных узораў “вершапляцення”. Маэстра выказаў свае пажаданні невыпадкова: Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, якім ён кіруе, падрыхтаваў ажно 34 праграмы на вершы беларускіх паэтаў-класікаў, склаўшы своеасаблівую песенную энцыклапедыю нашай паэтычнай спадчыны (Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Адам Міцкевіч, Адам Русак, Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў і многія іншыя імёны).

Аркестр выгадваў не адно пакаленне выдатных выканаўцаў, у тым ліку шырока вядомых за межамі. Да многіх з іх першая слава прыйшла менавіта на конкурсе ў Маладзечне, які шмат у чым стаў паваротным у іх творчым лёсе. Прадстаўнікі сферы культуры ў рэгіёнах таксама павінны больш папулярызаваць сваіх удзельнікаў і лаўрэатаў, бо гэта будзе садзейнічаць развіццю нацыянальнага эстраднага мастацтва. Да таго ж пераможцы Нацыянальнага конкурсу, звярнуў увагу Міхаіл Фінберг, атрымалі права паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў без іспытаў. Дый адбор удзельнікаў Міжнароднага конкурсу ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску” павінен грунтавацца менавіта на тых, хто паспяхова прайшоў выпрабаванне Маладзечнам. Тым больш, што Міністэрствам культуры Беларусі прынята рашэнне, каб сваіх кандыдатаў на гэты адбор былі абавязаны прадстаўляць усе абласныя філармоніі і профільныя навучальныя ўстановы краіны. Аркестр жа, у сваю чаргу, заўсёды адкрыты для праслухоўванняў маладых талентаў, творчых кансультацый і іншых форм супрацоўніцтва. Шкада бывае, заўважыў Міхаіл Фінберг, калі на месцах, здараецца, “адсейваюць” тых, хто не ўпісваецца ў звыклы фармат. Бо менавіта сярод іх могуць быць яркія, неардынарныя асобы, якіх так не хапае нашай эстрадзе. Добры голас маюць многія, навучыцца правільна ім карыстацца — магчыма. Але галоўнае — гэта асоба. Бо без гэтага — якая ж творчасць?

Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, а таксама намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала "СТБ" Павел Каранеўскі падкрэслілі важнасць сцэнічнага выгляду канкурсантаў: ён павінен не толькі працаваць на змест і эмацыйнае напаўненне песні, але і, галоўнае, ствараць яркі, запамінальны вобраз. З гэтым пагадзіліся ўсе. А вось наконт таго, як дасягнуць жаданага, думкі выступоўцаў разышліся. Салісты аркестра, да прыкладу, самі шыюць ці купляюць свае сцэнічныя строі. Як мяркуе Міхаіл Фінберг, канкурсанты таксама павінны самастойна адказваць за свой касцюм, а каб быць у курсе модных трэндаў, больш глядзець тэлебачанне, гартаць гламурныя часопісы — і падбіраць сабе штосьці падобнае. Але ж у беларускіх дызайнераў, паведаміў Павел Каранеўскі, знайшла сабе адзенне нават знакамітая Ванэса Мэй у час свайго нядаўняга да нас прыезду. Бо ў іх назапашана шмат добрых калекцый, дзе заўсёды можна падабраць усё неабходнае і, што вельмі важна, арыгінальнае. А заадно і прыслухацца да прафесійных парад!

Рэальныя шляхі пошуку песень для канкурсантаў прапанавала кампазітар Алена Атрашкевіч:

— Першы шлях — гэта зварот да нашай песеннай класікі. Але тут патрабуецца нейкае новае прачытанне — сваё, не падобнае на ранейшыя. Адпаведна, новая аранжыроўка, можа, нават прынцыпова іншая стылістыка, чым гэта было ў арыгінале. Другі шлях — пошук новай песні, лепш — прафесійных аўтараў. Не абавязкова гэта мусіць быць “сусветная прэм’ера”. На сённяшні дзень прафесійнымі кампазітарамі напісана шмат новых песень, якія яшчэ не паспелі атрымаць належнай папулярнасці. Гэта і песенная праграма Алега Молчана на вершы Янкі Купалы, і кампазіцыі Дзмітрыя Далгалёва, Алега Елісеенкава, Эдуарда Зарыцкага, Леаніда Захлеўнага, Валерыя Іванова, іншых творцаў.

Былі закрануты і пытанні фарміравання агульнай фестывальнай праграмы. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок звярнулася да прадстаўнікоў рэгіёнаў, каб тыя да 30 снежня дасылалі свае прапановы па ўдзеле аматарскіх калектываў беларускай песні — эстрадных і фальклорных. Кожны з іх, калі будзе адабраны, зможа выступіць з праграмай на 40 — 45 хвілін на адкрытай фестывальнай пляцоўцы. Асноўныя патрабаванні — сцэнічнасць, яркасць выступленняў і, вядома, беларускія песні.

Па заканчэнні пасяджэння, калі ўдзельнікам прапанавалі па кубачку кавы ці гарбаты, наспеў час нязмушанага абмеркавання пачутага.

— Такія нарады, прысвечаныя падрыхтоўцы Нацыянальнага фестывалю ў Маладзечне, Міхаіл Якаўлевіч ладзіць ужо другі раз, — падзялілася ўражаннямі загадчык аддзела аматарскай творчасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марыя Аласюк. — Мне давялося прысутнічаць і на першай, што праходзіла два гады таму ў Бабруйску. Але цяперашняя — з больш шырокім разгортам, з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры краіны, Мінаблвыканкама, абласных філармоній. Гэта вельмі важна, бо арганізатары самі зацікаўлены, каб свята станавілася ўсё лепш ды лепш. Са свайго боку, мы таксама робім для гэтага ўсё магчымае. Абласны адборачны тур сёлета ўжо трэці раз пройдзе акурат у Міжнародны дзень роднай мовы — 21 лютага. Мы невыпадкова прымяркоўваем конкурсныя праслухоўванні да гэтай даты. Невыпадкова яны называюцца “Жывыя вытокі”. Бо нават такія простыя меры ў стане яшчэ больш узняць прэстыж і адбору на конкурс, і самога конкурсу, а з ім і фестывалю. А каб канкурсанты лепш трымаліся на сцэне і адчувалі аркестр, мы пачалі ладзіць яшчэ адзін праект — “Дэбют з аркестрам”. Упершыню ён адбыўся ў Брэсце ў 2013 годзе, наступны будзе — у 2015-м. Адбор вядзецца вельмі сур’ёзны, у некалькі тураў, і фіналісты атрымліваюць права выступіць з аркестрам. Дарэчы, аркестр для “Дэбюта...” складаем з двух калектываў: да сімфанічнага складу Музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы далучаецца Брэсцкі гарадскі духавы аркестр. Гораду — свята, спевакам — яшчэ і неацэнны досвед.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"