“Зрабіць добрае для сваёй краіны”

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

24 снежня ў сталічным Палацы Рэспублікі прайшло дабрачыннае свята ў рамках акцыі “Нашы дзеці” з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

/i/content/pi/cult/508/10913/2-1.jpgІмпрэза ля Галоўнай ёлкі краіны ў будынку Палаца Рэспублікі стала цэнтральнай падзеяй акцыі. А перад тым Кастрычніцкая плошча сустрэла юных гасцей Галоўнай сталічнай “вышыванай” (як яе паспелі назваць у Сеціве) ёлкай, велічэзнымі ілюмінаванымі шарамі. Таму настрой для больш як дзвюх тысяч трохсот дзяцей ва ўзросце ад васьмі да чатырнаццаці гадоў адчуваўся і праз такую маляўнічую візуалізацыю навагодніх ды калядных дзён. А сярод гасцей Палаца Рэспублікі 24 снежня былі дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы інтэрнатаў, дзеці-інваліды. Вялікую частку запрошаных складалі тыя, хто дасягнуў высокіх вынікаў на конкурсах ды алімпіядах. Прысутнічалі і вучні Вільнюскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны. Казачнасць жа і незвычайнасць антуражу ствараў… заснежаны лес з аленямі ў фае Палаца Рэспублікі. За колькі часу да прадстаўлення дзеці маглі паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме, паслухаць выступленні навучэнцаў Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна і пабачыць работы выхаванцаў мастацкіх студый. Такім чынам культурны складнік займаў важкую частку ў падзеях традыцыйнай сустрэчы ў Палацы.

Як падкрэсліў перад пачаткам чаканай імпрэзы ў глядзельнай зале міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, такія акцыі — свята для дзяцей і дарослых, культурны складнік якіх неацэнны. Разам з тым, Барыс Уладзіміравіч зазначыў, што апошнім часам беларусы захапляюцца незнаёмымі нам святамі, якія прыйшлі з Захаду, але міністр упэўнены: больш увагі неабходна надаваць сваёй культурнай спадчыне. “Учора я наведаў імпрэзу ў Вілейскай школе-інтэрнаце, дзе звярнуў увагу на касцюмы, — распавёў ён. — Дзеці, у асноўным, былі апрануты ў касцюмы замежных герояў, але чамусьці амаль не ўвасаблялі персанажаў нашых, беларускіх, рускіх, украінскіх казак, здавалася б, больш блізкіх па духу. Таму, лічу, што такія падзеі, як Галоўная ёлка, спрыяюць сістэмнаму і патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення”.

...У глядзельнай зале шчырымі апладысментамі дзеці віталі выхад на сцэну Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У сваім прывітальным слове Кіраўнік дзяржавы заклікаў падрастаючае пакаленне заўсёды і ўсюды быць вернымі ды надзейнымі сябрамі, таму што, падкрэсліў беларускі Лідар, сяброўства на нашай зямлі заўсёды было ў пашане. Ён адзначыў, што для таго, каб Радзіма станавілася больш багатай і прыгожай, трэба любіць яе, звязваць з ёй будучыню. “Беларусь — гэта наш з вамі агульны дом, і мы павінны разам клапаціцца аб ім, як аб самым родным і дарагім месцы ў свеце”, — сказаў, у прыватнасці, у віншаванні Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пажадаў, каб дзеці і маладыя людзі больш цанілі жывыя стасункі і радавалі блізкіх добрымі адзнакамі, новымі поспехамі ды ўменнямі: “Кожны з вас можа зрабіць нешта добрае для сваёй краіны. Тым больш, што надыходзячы год абвешчаны Годам моладзі. Як вы разумееце, гэта і ваш год”.

Свята ж прадоўжылася казачным прадстаўленнем з удзелам Галоўнага Дзеда Мароза краіны — Уладзіміра Радзівілава. А па заканчэнні імпрэзы Лідару краіны ўручылі карціну “Зімовая раніца”, створаную Алінай Маравай і Антонам Конанавым  — навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах Арт-студыі “Бум” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Было падорана таксама і пано “Каза-калядоўшчыца” работы навучэнцаў Віцебскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ксеніі Ткачэнка і Вікторыі Сташкевіч.