Новы год без клапот

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

З 8 па 29 снежня ў рэспубліцы праходзіць акцыя “Бяспечны Новы год!”. Колькасць пажараў, гібель і траўматызм людзей у зімовыя святы прымушаюць задумацца. А каб пазбегнуць трагедыі, варта зноў нагадаць аб правілах пажарнай бяспекі.

Адна з праблем — неналежнае захоўванне і няправільнае выкарыстанне петард, феерверкаў і іншых піратэхнічных вырабаў. Ахвярамі часта становяцца дзеці. Штогод у Мінску траўмы ад піратэхнікі атрымліваюць 50-60 чалавек. Не купляйце пратэрмінаваныя петарды і феерверкі. Не запускайце салюты, калі адлегласць да пабудоў, дрэў, ліній электраперадач бліжэй за 30 метраў.

У працэсе прыгатавання кулінарных сюрпрызаў іншым разам вельмі карціць адцягнуць увагу на нейкую тэлепраграму. Кухонная пліта, пакінутая без нагляду, можа ператварыць свята ў бяду. Так, ратавальнікі прыйдуць вам на дапамогу. Але ж у іх і ў вас ёсць памочнік — аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

І не забывайце, што пры ўстаноўцы ёлкі ў кватэры неабходна прыбраць дываны, выкарыстоўваць трывалыя падстаўкі. Вярхушка і галіны не павінны датыкацца сцен, столі, мэблі. Калі на ёлцы загарэлася электрагірлянда, трэба яе абясточыць. Потым — вывесці з памяшкання людзей і выклікаць ратавальнікаў. Калі ўзгаранне невялікае, можна паспрабаваць справіцца з ім самастойна: паваліць ёлку і накрыць шчыльнай тканінай. Калі ёлка натуральная, можна выкарыстаць ваду; калі штучная — выкарыстанне вады катэгарычна забараняецца: сінтэтычныя матэрыялы плавяцца. Вада іх распырсквае — плошча ўзгарання павялічваецца. Выкарыстоўвайце пясок ці вогнетушыцель.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска