Спадчына ў 3D-мадэлях

№ 52 (1178) 27.12.2014 - 02.01.2014 г

Навука і культура: шляхі ўзаемадзеяння
Віртуальныя інтэр’еры часоў Радзівілаў, сацыялагічныя апытанні ў раённых дамах культуры ці кіназалах, высокакваліфікаваныя экспертызы помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны… Усе гэта і многае іншае сёння робіцца дзякуючы, у першую чаргу, шматгадоваму ды плённаму ўзаемадзеянню спецыялістаў і шматлікіх інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі са сферай культуры.

/i/content/pi/cult/508/10911/10-5.jpg

Вынікі супрацоўніцтва

Ва ўсім гэтым можна было ўпэўніцца пад час сумеснага пасяджэння Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрства культуры краіны, што адбылося напрыканцы мінулага тыдня. Вынікі і перспектывы супрацоўніцтва былі прааналізаваны ў выступленні міністра культуры краіны Барыса Святлова, які адкрыў мерапрыемства сваім дакладам.

Пералічваць усе маштабныя праекты, што ажыццяўляюцца паводле Праграмы навуковага супрацоўніцтва на 2010 — 2015 гады паміж НАН Беларусі і Міністэрствам культуры, наўрад ці варта. Згадаю хоць бы некалькі фактаў. Напрыклад, за апошнія гады Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі апублікавана значная колькасць навуковых і навукова-метадычных прац. Сярод выданняў — такія фундаментальныя шматтомныя працы, як “Архітэктура Беларусі”, “Беларусы”, “Нарысы гісторыі культуры Беларусі”, “Гарады і вёскі Беларусі”, “Этнакультурныя працэсы Беларусі ў мінулым і сучаснасці”, “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” ды многія іншыя.

Яшчэ адзін факт: летась адбылася важная навуковая і культурная падзея агульнадзяржаўнага значэння, калі ў Мінску прайшоў XV Міжнародны з’езд славістаў, арганізаваны Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У міжнародным форуме прынялі ўдзел звыш паўтысячы замежных дэлегатаў з больш чым трыццаці краін свету, у тым ліку — устаноў навукі і культуры краіны. Не варта і казаць, што правядзенне падобнага маштабнага мерапрыемства садзейнічала ўмацаванню міжнароднага аўтарытэту Беларусі ў славянскім ды еўрапейскім свеце.

Плённа развіваецца ўзаемадзеянне спецыялістаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, прычым як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай. Напрыклад, Інстытутам культуры Беларусі пры падтрымцы UNESCO і пры ўдзеле супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук краіны нядаўна быў створаны Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і адпаведны сайт, выдадзены альбом нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Жывая спадчына Беларусі”, а таксама Практычнае кіраўніцтва па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Да таго ж, як адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі, спецыялісты НАН прымаюць удзел у распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі для выканання рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння многія аб’екты ўжо дзейнічаюць, у тым ліку Мірскі і Нясвіжскі замкі, палац у Жылічах, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Вялікі аб’ём работ выкананы на такіх аб’ектах, як палац у Косаве і ў Ружанах, распачаты работы ў Навагрудскім і Гальшанскім замках...

Таксама Ігар Чарняўскі распавёў і аб працы па стварэнні 3D-мадэлей помнікаў архітэктуры, якія выконваюцца Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі. Напрацоўкі гэтыя, натуральна, могуць быць выкарыстаны ў музейнай справе, што дазволіць наглядна прадэманстраваць экскурсантам працэс трансфармацыі інтэр’ераў, напрыклад, таго ж Нясвіжскага замка. Акрамя таго, 3D-мадэлі — выдатная магчымасць для візуальнай рэканструкцыі аб’ектаў спадчыны. Гаворка — пра тыя архітэктурныя ”перліны” Беларусі, якія дайшлі да нашых дзён у выглядзе руін і не могуць быць адноўлены ў поўным аб’ёме. Да такіх адносяцца, напрыклад, Крэўскі, Навагрудскі, Гальшанскі ды многія іншыя замкі Беларусі, якія пацярпелі ад часу і ад людской нядбайнасці...

Праблемы і перспектывы

Як бачна, узаемадзеянне спецыялістаў са сферы навукі і культуры сёння паспяхова ажыццяўляецца ў самых розных кірунках. Разам з тым, патэнцыял гэтага супрацоўніцтва выкарыстоўваецца ўсё ж такі не напоўніцу. Менавіта на гэтым аспекце засяродзіў увагу міністр культуры Барыс Святлоў пад час размовы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі перад пачаткам пасяджэння.

“Так, варта адзначыць, што супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства культуры павысіла навукаёмістасць культуры, дапамагло ўдасканаліць нарматворчую дзейнасць, паспрыяла росту кадравага патэнцыялу ў галіне ды ўнесла ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, — сказаў Барыс Святлоў. — Аднак патэнцыял супрацоўніцтва, на маю думку, не выкарыстаны ў поўнай меры. Неабходны комплексны аналіз стану культуры”.

Як адзначыў кіраўнік Міністэрства культуры, сёння ў краіне вядзецца гаворка пра новую канфігурацыю эканомікі культуры, якая развіваецца ва ўмовах новай сацыяльнай рэальнасці. Менавіта таму распрацоўка інавацыйных эканамічных мадэлей, механізму кіравання імі, а таксама вывучэнне попыту спажыўцоў на тавары і паслугі — найважнейшыя задачы супрацоўніцтва навукі і культуры. Акрамя таго, сёння наспела неабходнасць у распрацоўцы мадэлей развіцця культуры ва ўмовах станаўлення інфармацыйнага грамадства.

Ёсць, натуральна, і іншыя задачы на будучыню. Напрыклад, як адзначыў на сумесным пасяджэнні дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, прафесар Ігар Катляроў, ва ўстановах культуры варта абавязкова праводзіць апытанні ды даследаванні на тэму запатрабаванасці таго або іншага фільма, новай тэатральнай пастаноўкі ці маштабнага культурнага мерапрыемства, вывучаць меркаванні наведвальнікаў... А дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакотка ў сваім выступленні засяродзіў увагу на тым, што ва ўмовах масавай культуры, якая нясе сумніўныя каштоўнасці ды агрэсіўна завалодвае свядомасцю грамадства, важна не страціць самабытнасць беларускай культуры.

На жаль, на думку навукоўца, сёння многае ў беларускай культуры ўжо непазбежна згублена. Напрыклад, у манументальным мастацтве. Так, з фасадаў будынкаў знікаюць мазаікі, з інтэр’ераў — вітражы. А месца манументальных кампазіцый, якія можна было раней назваць сапраўдным летапісам мінулага, — такіх як на гасцініцы “Турыст”, у кінатэатрах “Партызан”, “Вільнюс”, — заняла стракатая рэклама. Дарэчы, “К” пісала пра гэта ў шэрагу публікацый неаднойчы...

Натуральна, пад час сумеснага пасяджэння Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і калегіі Міністэрства культуры краіны былі агучаны і многія іншыя праблемныя пытанні, што сёння назіраюцца ў сферы культуры краіны. Цяпер галоўнае, каб усе яны з цягам часу займелі лагічны шлях да вырашэння…

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"