Перамогі — у Сеціва

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Дзіцячая школа мастацтваў аграгарадка “Індура” Гродзенскага раёна
— Раён наш у вобласці — перадавы. Таму часта сустракаем розныя дэлегацыі, — адзначае дырэктар установы Алег КАЗЛОЎСКІ. — Вось і днямі прадстаўнікі Міністэрства фінансаў прысутнічалі на канцэрце, які мы давалі ў аграгарадку “Адэльск” (у нашай школе — тры філіялы, адзін з іх — у гэтай вёсцы).

Нічога дзіўнага ў словах Алега Казлоўскага: асобныя сельскія ўстановы вобласці аснашчаны лепш за гарадскія. Дарэчы, у Адэльску прайшло чарговае брэндавае мерапрыемства — свята млынароў. У іншых паселішчах праходзяць імпрэзы, прысвечаныя бульбе, ляльцы. Апрача Адэльска філіялы школы знаходзяцца ў Капцёўцы і Луцкаўлянах. З мінулага года рашэннем аблвыканкама для музычных школ рэгіёна было ўстаноўлена, што 5 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання накіроўваецца на набыццё інструментаў.

— У раёне — сем школ, — доўжыць Казлоўскі. — На іх забеспячэнне пайшло больш за 400 мільёнаў рублёў. Мы асвоілі 120 мільёнаў. Маем вучэбныя і канцэртныя баяны ды акардэоны, новыя цымбалы, скрыпкі…

І ў школе, і ў філіялах навучаецца сто дзяцей. Для іх больш эфектыўнага навучання мне прапанавалі яшчэ адзін стацыянарны камп’ютар. Я адмовіўся, бо патрэба ёсць толькі ў ноўтбуку, што забяспечыць мабільнасць педагога, які, да прыкладу, выкладае ў базавай установе, а потым — і ў філіяле… З’явіліся новыя праграмы для трэнажу музычных ведаў, якія дзеці ўстанаўліваюць з дапамогай настаўніка на ўласных планшэтах. З гэтай нагоды няма праблем і з нотнай бібліятэкай.

Бягучы рамонт будынка правялі летась. Капітальны быў у 2007-м, калі вёска стала аграгарадком.

Другі год запар выкарыстоўваем новую форму ўдзелу ў конкурсах і асацыяцыях музычных педагогаў. Запісваем відэа з выступленнямі, выкладваем у Сеціва. Конкурс праходзіць у Сербіі, удзельнікі з 22 краін. Штораз нашы вучні атрымліваюць дыпломы. За ўдзел у віртуальным спаборніцтве ўступны ўнёсак складае 30 еўра, за паездку за мяжу бацькам неабходна выплаціць па 300. Эканомім…

Аддзел ініцыяваў, а мы ўзяліся за выкананне так званых музычных рэканструкцый. Да прыкладу, для балю XIX стагоддзя сабралі інструментальны квартэт скрыпачоў. Такія дзеі прыцягваюць публіку. Ад процілеглага з’явілася думка: на канцэртах-лекцыях для вучняў паказаць сучасныя інтэрпрэтацыі класікі.

За апошні час у нашай сярэдняй школе ўдвая зменшыўся лік вучняў. Складаная дэмаграфія ўплывае і на тое, каб распрацоўваць новыя формы навучання, хоць набор у ДШМ вядзём на конкурснай аснове. Праз платнае падрыхтоўчае аддзяленне (у тым ліку — і ў філіялах) адбіраем здатных ды таленавітых. Упор робім на эстэтычнае выхаванне і максімальную занятасць дзяцей. І перспектыва — захаваць ды прымножыць напрацаванае…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"