Наш “анклаў” у Друскінінкаі

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

“Вертыкальныя сувязі” і паўтары тысячы пельменяў
Абставіны майго знаёмства з актывісткамі беларускай суполкі Друскінінкая ўжо самі па сабе красамоўныя. Набралі мы літоўскі нумар, каб дамовіцца пра сустрэчу з імі цягам сёлетняга велатура “Гродзенскі трохкутнік”, і пачулі ў слухаўку: “Дык а мы ў Мінску — на экскурсіі ў Музеі Якуба Коласа”. Музей той знаходзіцца амаль насупраць рэдакцыі, таму грэх было туды не падбегчы...

/i/content/pi/cult/505/10906/13-1.jpg

Для ўладальнікаў літоўскіх пашпартоў сёння адкрыты не раўнуючы ўвесь свет. Але замест Барселоны і Парыжа нашы суайчыннікі выбіраюць іншыя турмаршруты — на Радзіму. І не бачаць у гэтым абсалютна нічога дзіўнага. Не зважаючы на блізкасць беларускай мяжы (да Гродна — усяго 40 км), друскеніцкая суполка “Спадчына” не надта шматлікая: добра, калі некалькі дзясяткаў чалавек набярэцца. Тым не менш, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Людміла Лебедзь, якая аказала нам неацэнную аргдапамогу ў падрыхтоўцы велатура, настойліва параіла завітаць у Друскінінкай. І шкадаваць пра тое не давялося...

— Гэта мая мама вышывала з Магілёўшчыны. А гэты ручнік — з Гродзеншчыны, яго падарылі майму дзядулю па бацькавай лініі, калі ён вярнуўся з вайны, — пачынае свой аповед арганізатар суполкі Валянціна Іваноўская.

Невялічкі пакой у санаторыі “Беларусь” ператварыўся ў міні-музей. Апрача разнастайных антыкварных ды этнаграфічных прадметаў, тут захоўваюцца таксама і памяткі пра амаль 25-гадовы шлях суполкі: дыпломы, фотаальбомы, запісы дзіцячага калектыву “Спадчына”...

На жаль, жыўцом пачуць апошні не ўдасца: ансамбля, які двойчы выступаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, шмат разоў выходзіў на іншыя паважныя сцэны ў Беларусі, Літве і Польшчы, сёння ўжо не існуе. Бо, як вядома, дзеці маюць уласцівасць станавіцца дарослымі. А “новай змены” не з’явілася: усе школы ў гарадку — цяпер літоўскія. Як падаецца, Друскінінкай чым далей тым больш становіцца монаэтнічным. І каб “захавацца” ў гэтых варунках, трэба прыкладаць намаганні.

— Родам я з Расіі, але мае суайчыннікі тут надта вялікай актыўнасці не праяўляюць, — распавядае актыўная ўдзельніца “Спадчыны” Ірына Мудрова. — Таму далучылася да беларускай суполкі, і з часам настолькі ўвайшла ў гэты вір, што ён стаў неад’емнай часткай майго жыцця…

Самі ўдзельніцы “Спадчыны” займаюцца творчасцю хіба толькі “для душы”. Прыкладам, у тым самым пакойчыку рэгулярна ладзяцца майстар-класы з удзелам спецыяльна запрошаных беларускіх майстроў. Калі і спяваюць, дык таксама толькі “для душы”, бо лічаць, што кожны мусіць рабіць сваю справу. Іх справа — арганізацыйная, папулярызатарская і, не пабаімся гэтага слова, менеджарская. Штогод у Друскінінкаі ладзяцца Дні беларускай культуры. Летась у гарадской бібліятэцы прайшла выстаўка “Дарогай Якуба Коласа” з фондаў аднайменнага музея, а пералік аматарскіх калектываў з усёй Беларусі, якія паспелі выступіць у Друскеніках, папраўдзе ўражвае. І ўсё гэта робіцца перадусім на асабістых, “вертыкальных” сувязях ды выключна на энтузіязме.

Прычым беларускія ансамблі ўдаецца прасоўваць не толькі на вузкапрофільныя імпрэзы “нацменшасці”, але таксама і на агульнагарадскія святы. У праграму аднаго з іх трапілі знакамітыя “Лялечкі” з Абухава. Раней Заслужаны дзіцячы калектыў ужо выступаў у Друскеніках на Днях беларускай культуры, і публіцы ён, пэўна, добра запомніўся.

— І вось, уявіце сітуацыю: на сцэне адбывалася дзея, але пляцоўка перад ёй — амаль пустая, бо гледачы аддавалі перавагу размешчаным па перыметры яткам, — распавядае Валянціна Іваноўская. — Што душой крывіць: так часта бывае на гарадскіх святах… Але як толькі вядучы аб’явіў “Лялечак” — раптам такі тлум усчаўся! Усе пакідалі свае шашлыкі і рынуліся бліжэй да сцэны…

Юныя танцоры з-пад Гродна выступалі на святах у Друскеніках неаднойчы. Палюбіліся мясцовай публіцы і іншыя калектывы: “Гарадніца” з Гродна, “Ніва” з Верцялішак, “Крыжачок” з Мінска... Апошні добра пасябраваў з тамтэйшым ансаблем “Кадагіс” ды запрасіў яго на Беларусь. Вядома, каб запрасіць ды прыняць вялікі калектыў, патрэбны немалыя сродкі. Здабываюцца яны “са свету па нітцы”. Сякія-такія грошы на гэтую дзейнасць дае муніцыпалітэт, ёсць дамоўленасць з санаторыем “Беларусь” аб размяшчэнні артыстаў па льготных тарыфах. Сёе-тое — і ўласным коштам. Скажам, у не лепшыя для эканомікі Літвы часы адна з удзельніц “Спадчыны” асабіста нарабіла пельменяў на ўвесь аўтобус прыезджых артыстаў. Спатрэбілася недзе паўтары тысячы штук!..

Прасякнуўшыся імпэтам руплівіц, я падумаў, што іх праца магла б быць і больш эфектыўнай — пры наяўнасці мэтанакіраванай падтрымкі з беларускага боку. Яе канкрэтны алгарытм нават і вынаходзіць неабавязкова. Прыкладам, арганізатар імпрэзы, які хоча запрасіць у сваю краіну нейкі польскі калектыў, можа звярнуцца па грант у адзін з некалькіх фондаў, што напаўняюцца з дзяржбюджэту Польшчы. У нас звяртацца асабліва няма куды.

Тым больш, у дадзеным выпадку для такой падтрымкі, як падаецца, існуюць дадатковыя магчымасці, дый матывацыі. Бо папулярызаваць нашу культуру тут даводзіцца не толькі для літоўцаў... Беларусь мае ў Друскінінкаі свой “анклаў” — у выглядзе аднайменнага санаторыя. У час распаду СССР і характэрнага для той пары перадзелу маёмасці яго лёс вырашыўся не без удзелу тутэйшых беларусаў — ён стаў уласнасцю нашай краіны. Цяпер большасць актывістаў “Спадчыны” працуе ў школе санаторыя, прызначанай для беларускай дзятвы, якая прыязджае адпачываць.

— Абавязкова праводжу ўрок у этнаграфічным кутку, зразумела ж, па-беларуску, — распавядае Валянціна Іваноўская. — І ў вучняў літаральна на вачах змяняецца стаўленне да нашай мовы ды спадчыны...

Суполка “Спадчына” выступіла з прапановай стварыць у старэнькім будынку на тэрыторыі “Беларусі” выставачную залу. Дырэктар Музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская паабяцала дапамогу ў афармленні мемарыяльнага пакоя класіка. Дый той жа этнаграфічны куток было б дзе разгарнуць... З аўдыторыяй праблем бы не ўзнікала, бо заезды ў санаторый — раз на 24 дні. Прычым Валянціна Іваноўская ўпэўнена, што наведвалі б гэтую залу і мясцовыя жыхары:

— У Друскінінкаі бракуе такіх пляцовак, і таму санаторый мог бы здаваць яе ў арэнду альбо прымаць нейкія “небеларускія” выстаўкі, Адпаведна, была б нагода заявіць пра сваю прысутнасць…

На жаль, з тым праектам пакуль “нешта не склалася”, а будынка таго наогул "няма ў жывых". Але няўдачы тут не бянтэжаць — жыццё працягваецца. За гарбатай актывісткі абмяркоўваюць планы, у тым ліку — і экскурсіі на Беларусь. Такія выправы заўсёды задзіночваюць, натхняюць, дамагаюць кантактамі...

Перапыніў іх, каб запытацца: ці ёсць візавая падтрымка для культурных “пілігрымак”? У адказ пачуў: можа, пра гэта не трэба пісаць? Бо візы ж — платныя, на агульнай аснове... Маўляў, якая розніца: беларус ты ці не, па салярку ты едзеш ці ў музей?.. Упэўнены ў адваротным: узнімаць гэтую балючую тэму трэба абавязкова! Ужо хаця б таму, што суседнія краіны такую розніцу адчуваюць. Іх суайчыннікі з беларускімі пашпартамі за “свае” візы не плацяць ды ў чэргах не стаяць.

...Тым не менш, удзельніцы “Спадчыны” ні на каго не крыўдзяцца і нічога не патрабуюць. Як і многія іншыя рупліўцы з розных куткоў свету, яны па меры сіл і магчымасцей робяць сваю справу: падтрымліваюць агменьчык беларушчыны. Але добра было б падкінуць у яго паленца...

Кажа эксперт

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама:

— Мы вельмі актыўна працуем з нашымі замежнымі суайчыннікамі. Віцебшчына, як вядома, — вобласць фестывальная. І гэта таксама спрыяе нашым творчым стасункам.

Пад час фестываляў “Славянскі базар у Віцебску”, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне, “Браслаўскія зарніцы” мы пастаянна бачым і самадзейныя калектывы, і проста гасцей — нашых землякоў, што жывуць цяпер у замежжы. Так атрымалася, што найбольш кантакатаў у нас з беларусамі, якія пераехалі калісьці ў Прыбалтыку.

Такія сустрэчы дапамагаюць усвядоміць, што ў зямляцтва няма межаў, а наша нацыянальная культура даўно стала неад’емнай часткай культуры сусветнай…

Хэдлайн рэгіёна

Некалькі гадоў таму, пад час Дзён беларускай культуры ў Санкт-Пецярбургу, пераканаўся, што важкую частку гасцей, якія завіталі на мерапрыемствы ў розных кутках горада, склалі нашы суайчыннікі. Яны аддзячвалі сувенірамі, а настаўніцы паведамлялі, што выклікалі на свята калег з Беларусі і такія стасункі — сталыя. Настальгія — хвароба балючая, але ў яе ёсць эфектыўныя лекі — трывалае сяброўства.

Калісьці, праглядаючы архівы, я быў вельмі здзіўлены тым, з якім імпэтам Інбелкульт у 1920-х клапаціўся пра стан беларускіх школак не толькі ў блізкім Смаленску, але і за Уралам. Да беларускіх суполак выязджалі цэлыя дэлегацыі, везлі літаратуру, падручнікі, сцэнічныя касцюмы, аказвалі метадычную дапамогу і наладжвалі стасункі з мясцовым кіраўніцтвам…

Таго Інбелкульта няма. Стасункі з суайчыннікамі цяпер падтрымліваюць аддзелы райвыканкамаў, у першую чаргу — тыя, што знаходзяцца непадалёк ад мяжы. Аб’ядноўвае нашых тутэйшых ды нашых замежных не толькі мова, але і культура: творчыя праекты, скіраваныя на ўмацаванне сяброўства. Прынамсі, так павінна быць.

Фота аўтара