D.I.Y. у музеі-кватэры

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Канцэпцыя музея: нам не трэба станавіцца ДК, але…
У Літаратурным музеі Петруся Броўкі зладзілі кінапрагляд пад дэвізам “D.I.Y.”. Саму імпрэзу я, прызнацца, прахварэла. Але неўзабаве, сустрэўшыся з гаспадынямі паэтавай хаты, пагутарылі пра канцэпцыю невялікага музея наогул. Такім чынам, мае візаві — загадчык філіяла Наталля МІЗОН і малодшы навуковы супрацоўнік Таццяна ТКАЧОВА.

/i/content/pi/cult/505/10905/12-2.jpg

Таццяна ТКАЧОВА і Наталля МІЗОН.

— Рух “Do It Yourself” (“Зрабі сам”) каранямі сыходзіць у панк-культуру. Як Музей Петруся Броўкі далучыўся да такога кірунку?

Т.: — Для тых, хто нешта чуў пра D.I.Y., навіна пра падобную падзею ў дзяржмузеі выклікае, прынамсі, цікавасць. Я вырашыла трошкі зламаць стэрэатыпы, як гэта аднойчы зрабіў і сам Пятрусь Броўка: нарадзіўшыся ў беднай шматдзетнай вясковай сям’і, ён ужо ў дзевятнаццаць гадоў самастойна зрабіў сабе кар’еру. А чаму менавіта ў гэтых сценах прайшоў паказ, лёгка патлумачыць: кіно і літаратура не так далёка адно ад аднаго. Вось у нас праходзіла выстаўка малюнкаў людзей з хваробай Альцгеймера, і фотавыстаўка, прысвечаная інтэлектуальным вандроўкам Іосіфа Бродскага... Я да таго, што да літаратуры можна прыцягваць увагу рознымі спосабамі.

— Якога кшталту публіка наведала імпрэзу?

Т.: — Па-першае, хачу падзякаваць ініцыятарам — фестывалю “Cinema Perpetuum Mobile”. Гэтыя людзі штогадова ладзяць форум кароткаметражнага кіно пасля падобных праглядаў. Ну а публіка была вельмі разнастайнай: ад тых жа панкаў, дарэчы, у чыстай вопратцы, насуперак стэрэатыпам, і інтэлігентных, да звыклых тыпажоў наведвальнікаў музея. Пустога месца ў нас не было, і гэта — перамога, якой быў бы рад і Броўка.

— Па якім прынцыпе адбіраліся кароткаметражкі?

Т.: — Цікавілі тыя фільмы, што закраналі нейкія жыццёвыя моманты і нават праблемы. Тэматыка: гендэрныя пытанні, сэксізм — тое, што ў свеце стаіць “на алоўку”. Новыя прагляды мы плануем на снежань і ў 2015 годзе.

— Як гаспадар гэтай кватэры ставіўся да кінамастацтва? На вашу думку, ці падтрымаў бы Броўка ініцыятывы падобнага кшталту ў прынцыпе?

Т.: — Ды па яго рамане “Калі зліваюцца рэкі” быў зняты фільм. Добра ставіўся, гэта ж такі сінтэз.

Н.: — Мы задаём сабе гэтае пытанне…

Т.: — Трэба памятаць пра тое, што Броўка быў не толькі паэтам, але і грамадскім дзеячам. Думаю, ён не быў бы супраць таго, што мы заўважаем сацыяльныя праблемы, дапамагаем пачаткоўцам. Па сутнасці, ён як дэпутат займаўся тым жа. А зараз такі рух у культурнай прасторы, і мы можам уздзейнічаць на гэтыя працэсы. Таму цяпер важна нават не прапагандаваць ці выхоўваць: публіка сама хоча быць крытыкам і ўдзельніцай, сутворцай.

Н.: — Мы паступова адыходзім ад класічных экскурсій і пераарыентоўваемся на музейна-педагагічныя заняткі. Часцей за ўсё чалавек ахвотна плаціць грошы за тое, каб быць саўдзельнікам: сухую інфармацыю лёгка здабыць самому. Музей пачаў супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. У мінулым месяцы былі ў літаратурных музеях Рыгі, заключалі дамовы на наступныя гады. Адзіная наша праблема, што фонд — закрыты і пакуль няма галоўнага захавальніка. Да 110-годдзя Броўкі налета плануем наладзіць працу з фондам.

— А што запазычылі ў музейным замежжы?

Н.: — З Захаду прыйшла тэндэнцыя аб ‘яднання літаратурных музеяў у адзіную структуру. Мы зараз таксама рухаемся ў гэтым кірунку. Нехта лічыць, што тое шкодзіць існаванню музея, нехта падтрымлівае... Карацей, мы на складаным шляху знаходзімся. Што да досведу, дык у Літве, напрыклад, вялікая колькасць праектаў, але фінансуецца толькі пэўная частка з іх. У іх больш гатовых канцэпцый. Ды іх праекты выбіраюцца не толькі па крытэрыях літаратурнасці, але і з пункта гледжання акупнасці. Замежныя ж літмузеі, як і мы, фінансуюцца не ў першую чаргу. Бо і літаратура як від мастацтва не вельмі запатрабавана. Таму трэба, каб дзяржава апекавалася намі найперш, бо мы здольны ажыццяўляць большую колькасць ініцыятыў...

— А як бачыце план па выпраўленні сітуацыі?

Н.: — Лічу, што ў музей павінны прывесці дзяцей менавіта бацькі, а не настаўнікі ці іншыя людзі. У нас для гэтага распрацаваны праект “Усёй сям’ёй у музей”, прычым кожны бок павінен хацець нешта атрымаць ад удзелу: скажам, бацькоў падтрымаць у жаданні бавіць час з дзецьмі і нават завуалявана вучыць іх гэтаму, скажам так, мастацтву. Якім чынам? Можна, да прыкладу, выстаўляць дзіцячыя работы, і гэта будзе прыцягваць бацькоў як магніт. З нашага боку — выдатная падрыхтоўка, каб паказаць адразу музей, наладзіць, скажам, сустрэчу з пісьменнікам, які яшчэ і кнігу падпіша. Ёсць шанц, што дзіця прачытае яе, а можа, яшчэ і разам з бацькамі. Я да таго, што сямейная публіка — выдатная: і для ўстановы, і для радзіны, якой ёсць пра што вечарам пагаварыць, акрамя “Што паеў?” і “Што атрымаў у школе?”.

— Ці складана весці дыялог з сучаснымі дзецьмі, якія храналагічна і ідэалагічна знаходзяцца далёка ад эпохі Броўкі?

Т.: — Як я тлумачу дзецям карысць ад энцыклапедый, у складанні якіх прымаў удзел Броўка? Кажу ім, што ў 1960-я не было “гуглаў” і “яндэксаў”, што адзінай інфармацыйнай базай, пошукавай сістэмай магла стаць толькі навуковая кніга. Нельга недаацэньваць тую працу, якую зрабіў Пятрусь Броўка ў гэтай галіне. Падаецца, дзеці тое разумеюць.

— У музеі мелася адбыцца яшчэ адна імпрэза?..

Т.: — На жаль, план сарваўся. Гэта была б лекцыя Барыса Прадухі, вядомага ў краіне рэабілітолага: гэткі “лікбез” на тэму, як паводзіць сябе на рабочым месцы, каб не нанесці шкоды арганізму. Работа музейшчыка — статычная, таму трэба ведаць, як дыхаць, як сядзець, як спраўляцца з хандрой, — не зашкодзіць. Вось такія майстар-класы па стаўленні да самога сябе…

— Не ва ўсіх музеях культывуецца такое трапяткое стаўленне да супрацоўнікаў… Крыху пра этыку. Дзе тая мяжа, баланс для супрацоўнікаў мемарыяльных музеяў, якія важна знайсці, каб не было, скажам так, несумяшчальнага побач з іменем класіка?

Н.: — Наша місія, якую мусіць пацвярджаць кожны здзейснены праект, — папулярызацыя творчасці Петруся Броўкі, дый літаратуры ўвогуле, бо мы з’яўляемся філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Урэшце, місія галаўнога музея таксама трансфармуецца, і мы яе нясём поруч са сваёй. Тыя мерапрыемствы, што мы ладзім, нясуць характар культурна-асветніцкі. Пры складанні іх плана адсочваем, што цікава грамадству, няхай тэмы не заўсёды звязаны наўпрост з імем Броўкі. Мы заўважылі, што ў многіх людзей ёсць нейкае стэрэатыпнае меркаванне наконт музея, таму яны туды не ходзяць. Але зараз можна спачатку запрасіць на імпрэзу, а там і цікавасць да ўстановы з’явіцца. Мы стараемся прыцягнуць увагу да асобы Броўкі, сказаць, што ён — не толькі народны паэт і пісьменнік, але і грамадскі дзеяч. І ў многіх насамрэч змяняецца меркаванне наконт гэтага аўтара. Але ж з прасторай, сапраўды, трэба абыходзіцца акуратна, бо можна пашкодзіць экспанатам, пакрыўдзіць памяць. А дзе гэтая мяжа? Цяжка сказаць. Нам не трэба станавіцца Домам культуры. Напрыклад, у Амерыцы музеі зусім іншага кшталту: яны, па сутнасці, — забаўляльныя цэнтры з рэстаранамі, гульнявымі пляцоўкамі. Але і нам не трэба быць надта кансерватыўнымі, хаця досвед трэба адаптаваць пад свае ўмовы ды задачы. Асабліва гэта тычыцца літаратурнага музея, бо гэта не тая ўстанова, якую турысты спяшаюцца адразу наведаць. Пакуль жа нам хочацца запрашаць сюды сучасных літаратараў, паэтаў, пісьменнікаў, што мы і робім. Вяртаем нейкім чынам моду на чытанні, якая была ў 1960-я.

Т.: — Але музей не павінен быць масавым. Трэба арыентавацца на культуру, а не на папсу.

Н.: — Таму, калі на мерапрыемства прыходзіць трыццаць чалавек, то маем менавіта тых, каму гэта цікава і патрэбна. І такія людзі адразу не сыходзяць — яны дыскутуюць, дзеляцца ўражаннямі. Нам пашчасціла, што ў нас невялікая прастора і збіраецца тая колькасць людзей, якую чакаем…

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст