У пошуках брэндавасці

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Святлана ЗАВАДСКАЯ, начальнік Івацэвіцкага райаддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі
За апошнія гады Івацэвіччына праславілася ўзорнымі ўстановамі культуры ў аграгарадках і паспяховым асваеннем грошай на іх узвядзенне. Але гэта толькі будаўнічы складнік агульнай справы. А ёсць яшчэ творчы, гістарычны, культурна-асветны, выхаваўчы… І ў кожным з гэтых кірункаў — немалыя здабыткі.

/i/content/pi/cult/505/10904/12-1.jpg— Асаблівая ўвага сёлета надавалася сельскім установам культуры. Яны пад час аптымізацыі павінны працаваць з асаблівай якасцю. Сямнаццаць народных і ўзорных самадзейных калектываў — паказчык, пагадзіцеся, неблагі, але маем намер яго павялічыць. На сёння ў нас — 15 СДК, столькі ж — сельскіх клубаў, Цэнтр культуры і дасугу, Цэнтр культуры і народнай творчасці, 3 дамы сацыяльных паслуг і аўтаклуб. За тры гады сетка скарацілася на 12 адзінак, у тым ліку — на пяць бібліятэк і сем клубаў. Сёлета закрылі бібліятэку і дзве клубныя ўстановы. Вы бачыце, што стараемся не скарачаць, а аптымізаваць. Брэстчына ўвогуле адстаяла рацыянальны працэнт у дадзеным працэсе. Таму нейкіх негатыўных наступстваў мы, на вялікую радасць, не адчулі.

Апошнім часам да нас прыехалі 23 маладыя спецыялісты, у тым ліку сёлета — 12. Яны пайшлі працаваць у ДШМ, Музей Касцюшкі ў Косаве… Так, на сяле кадравая праблема — адчувальная. На мой погляд, цяпер яе можна вырашыць толькі за кошт мясцовых рэзерваў. Таму актывізавалі прафарыентацыю.

Не меншая праблема — захаванне нашай спрадвечнай традыцыйнай культуры. У раёне — 274 майстры народнай творчасці. Гэта неацэнны скарб, якім мы ганарымся! Сёння працуем над тым, каб пераняць рамесніцкія ўменні, развіць іх і ўдасканаліць. Урэшце, моц народнага мастацтва — менавіта ў пераемнасці…

Чарговая генеральная лінія дзейнасці — пазабюджэтная. За 10 месяцаў года толькі па ўстановах клубнага тыпу даходы склалі больш за 800 мільёнаў рублёў. Таму раённыя ўлады ставяцца да культуры самым належным чынам. За студзень — кастрычнік на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы яны накіравалі 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў, з пазабюджэткі — 9 мільёнаў. Дарэчы, грошы з яе ідуць і на павышэнне заробкаў лепшых работнікаў культуры.

У раёне — чатыры ДШМ. Гэта — звыш 850 навучэнцаў. Сёлета, пасля вывучэння запыту, на базе целяханскай установы адкрыўся клас мастацкага кірунку. Цяпер яго наведваюць дзеці нават з Пінскага раёна. Днямі ў Гомелі праходзіў IV Міжнародны музычны конкурс “Залатая ліра Палесся”. Выхаванка Івацэвіцкай ДШМ Айла Сауціна атрымала дыплом ІІІ ступені.

Цяпер — пра перспектыўныя праекты. Да прыкладу, працуем над стварэннем брэндавага раённага мерапрыемства на базе палацава-паркавага ансамбля ў Марачоўшчыне. Літаральна ў наступным годзе мы запросім усіх ахвотных у Косава. Пра маштабныя тэатралізацыі на музейнай сядзібе Тадэвуша Касцюшкі ведаюць ужо многія. У 2015-м задзейнічаны будзе і палац Пуслоўскіх. Не адкрыю таямніцы, але брэндавае свята павінна ўразіць.

Вялікі спадзеў ускладаю на народны драматычны калектыў пры Івацэвіцкім ГДК, якім кіруе рэжысёр Валянціна Кулецкая. Мэта любога тэатральнага праекта — аншлагавая. Калектыў — у пастаянных гастролях, якія нязменна папаўняюць нашу пазабюджэтную скарбонку. Удасканальваць свае праграмы збіраецца і Школа эстэтычнага выхавання (таксама — пры Гарадскім доме культуры), дзе цяпер займаюцца 95 дашкалят. І ўвогуле, ГДК, якім кіруе дасведчаная Тамара Воўк, — канцэнтруе ці не самыя цікавыя творчыя праекты. Прынамсі, работнікі культуры раёна прыязджаюць сюды і па досвед, і па веды…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"