“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Што вы ведаеце пра Аляксандра Мазалёва?
…Мастак у аўтабіяграфіі піша: “…У катэгорыю мабілізаваных першай чаргі не трапіў у сувязі з сапсаваным станам кісці правай рукі, а тагачасная цяжкая хвароба жонкі Ганны Сяргееўны не дала магчымасць своечасова эвакуіравацца, і такім чынам мы засталіся на тэрыторыі, акупаванай немцамі. Пытанне “Што рабіць?” не стаяла: канешне ж, змагацца з лютым ворагам!.. Працавалі я і мая жонка на карысць Чырвонай арміі, на карысць партызанскіх атрадаў, якія змагаліся ў нашым краі... Мы ўвайшлі ў склад Руднянскай падпольнай патрыятычнай арганізацыі, якой кіраваў Уладзімір Марын і якая спачатку налічвала 32 чалавекі. Яна дзейнічала ад партызанскага палка будучага Героя Савецкага Саюза Грышына ды разведаддзела 4-й Ударнай арміі і была цесна звязана з партызанамі Міная Піліпавіча Шмырова. Коратка кажучы, наша кватэра была канспіратыўна-явачнай руднянскіх падпольшчыкаў…”

/i/content/pi/cult/505/10903/15-1.jpg

Аляксандр Мазалёў у 1930-я. / Фота даслаў у рэдакцыю праз нашу старонку ў Facebook мастак Ігар Бархаткоў

/i/content/pi/cult/505/10903/15-2.jpg

Аляксандр Мазалёў. "На канікулах".

Пачатак аповеду пра Аляксандра Мазалёва — у "К" № 45. Сёння — працяг эсэ Барыса Крэпака.

Пад выглядам правядзення рэстаўрацыйных работ у мясцовай царкве Мазалёў арганізаваў склад зброі і “кропку” для сустрэч з сувязнымі партызанскіх атрадаў. У гэтай справе яму дапамагалі мастакі Георгій Джумкоў і Васіль Капыценка. Такім чынам, жыллё Мазалёвых у Рудні стала важным канспіратыўным цэнтрам, дзе збіраліся падпольшчыкі, каб падрыхтаваць чарговую дыверсію.

Сам Аляксандр Мазалёў, выдатны рысавальшчык, вырабляў фальшывыя пячаткі нямецкай камендатуры, падробліваў аўсвайсы і праязныя дакументы, пры дапамозе якіх удавалася выратоўваць з фашысцкай няволі шмат савецкіх грамадзян. Разам з Ганнай Сяргееўнай па даручэнні падпольнай арганізацыі дастаўляў звесткі пра размяшчэнне фашысцкіх апорных пунктаў і гарнізонаў, вёў агітацыйную работу сярод насельніцтва, расклейваў лістоўкі, здабываў выбухоўку і зброю для партызан, садзейнічаў адыходу ў партызанскія атрады ваеннапалонных, якім удавалася ўцячы з канцлагераў… Асобная роля дасталася Ганне Сяргееўне: яна даставала медыкаменты, вельмі неабходныя для параненых і хворых народных мсціўцаў…

Але 22 лістапада 1942-га ў выніку здрады аднаго з сувязных падпольная арганізацыя была раскрыта. Усіх патрыётаў арыштавалі і кінулі спачатку ў лагер Гранкі, потым — у смаленскую турму СД. Мазалёва і яго няшчасных сяброў там пратрымалі больш за дзевяць месяцаў. Пасля жорсткіх здзекаў звыш дваццаці чалавек расстралялі. Сярод загінулых быў і 19-гадовы Васіль Капыценка, нядаўні студэнт Віцебскага мастацкага вучылішча, вучань Аляксандра Мазалёва. У Смаленскім гістарычным музеі захоўваюцца некалькі работ маладога мастака, у тым ліку “Аўтапартрэт”, створаны незадоўга да яго арышту, і накід пажылой жанчыны, пад якім — аўтарскі надпіс: “…42. Рудня. Турма…”.

З аўтабіяграфіі А.Мазалёва: “…У час вядзення следства ў засценках смаленскай СД я, як і іншыя мае таварышы, падвяргаўся фізічным і псіхалагічным здзекам. Каб зламіць маю волю, двойчы вывозілі ноччу ў смаленскія равы на расстрэл. Прымушалі распранацца, я ўжо адчуваў каля патыліцы халоднае дула пісталета… Потым раптам загадвалі апрануцца і везлі зноў у турму, дзе працягвалі жорстка дапытваць і біць…”

Але фашыстам не ўдалося зламіць волю падпольшчыка. За недастатковасцю яўных доказаў Аляксандра Пятровіча не расстралялі — перавялі ў віцебскі канцлагер, так званы Пяты полк (да вайны на тым месцы быў размешчаны 5-ы чыгуначны полк). На яго тэрыторыі знаходзілася два лагеры: адзін — для ваеннапалонных, другі — для грамадзянскага насельніцтва. Але напрыканцы 1943-га лагер стаў агульным. З 150 тысяч вязняў, якія прайшлі яго, 100 тысяч загінулі, астатніх пагналі ў Германію ды Чэхаславакію. Мазалёву і тут пашанцавала: у маі 1944 года яго, у ліку некалькіх тысяч вязняў, фашысты імкнуліся перавесці ў свой тыл, у іншы лагер, але своечасова падаспелі часці Чырвонай арміі, якія і вызвалілі асуджаных на смерць людзей…

А што да ягонай жонкі, то Ганну Сяргееўну пасля арышту і допытаў адправілі спачатку ў канцлагер Майданек, потым — у Асвенцым. Але пры перавозцы з аднаго лагера ў другі ёй удалося ўцячы, і пасля доўгіх ліхтуг яна выйшла да сваіх. А з мужам сустрэлася толькі пасля вайны. Аляксандр Пятровіч пасля вызвалення і адпаведнай праверкі органамі НКУС на пачатку чэрвеня быў залічаны палявым ваенкаматам у рады дзеючай Чырвонай арміі і працягваў змагацца з ворагам…

Але ваяваць яму давялося нядоўга. Неўзабаве ў баі пры вызваленні Каўнаса ён быў цяжка паранены ў галаву. Пасля гадавога лячэння ў шпіталях гвардыі радавы Аляксандр Мазалёў быў дэмабілізаваны са зняццем з воінскага ўліку. У 1945-м атрымаў медаль “Партызану Айчыннай вайны”, але да канца жыцця заставаўся інвалідам другой групы. Больш за тое, яго пастаянна мучыў галаўны боль, часам проста нясцерпны. Я быў таму сведкам: пару разоў з-за гэтых пакут нашы сустрэчы адкладваліся да лепшых часоў… У адной са сваіх запісак, знойдзеных у мастака пасля смерці, ён пісаў: “…У мяне пастаянна баліць галава. Рукі перастаюць слухацца маіх загадаў. Я адчуваю, што здаю адну пазіцыю за другой…”.

Але пра ўсё гэта мастак нікому не казаў. Так, калі-нікалі горка махне рукой: маўляў, нічога страшнага, пройдзе, і не трэба звяртаць увагу на яго персону. Ён пакутаваў, але працаваў. Не пераставаў пісаць з натуры, нават не выходзячы са сваёй майстэрні. Гледзячы ў акно, маляваў прыгожыя, трывалыя, добра скампанаваныя пейзажы. А потым пераходзіў на нацюрморты; асабліва любіў рысаваць яблыкі…

…Пасля Перамогі Мазалёў усё ж знайшоў у сабе сілы зноў узяцца за пэндзлі, фарбы і алоўкі. Некаторы час жыў у Рудні. Потым, праз год, пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Мінск ды пасяліўся разам з жонкай у доме № 66 на вуліцы Усходняй. Стары ягоны сябра па Віцебску Леў Маркавіч Лейтман запрасіў яго на выкладчыцкую работу ў толькі што адкрытае Мінскае мастацкае вучылішча. Запрашэнне Мазалёў з удзячнасцю прыняў, бо, па-першае, педагагічны досвед у яго быў ужо даволі сур’ёзны, а па-другое, сярод калег-педагогаў тут працавалі і ягоныя старыя даваенныя знаёмыя А.Бембель, У.Хрусталёў, П.Раманоўскі. Пачалася напружаная творчая работа…

У 1949 годзе Аляксандр Пятровіч выступае на рэспубліканскай выстаўцы з цікавымі графічнымі аркушамі пра вайну, пра перажытае — “Зверствы фашыстаў”. Потым узнікаюць іншыя апавядальныя творы пра нядаўнія старонкі Вялікай Айчыннай: “Партызаны прыйшлі”, “Атака чырвонагвардзейцаў”, “Палон. 1941 год”, “Сувязіст”, “У разведцы”, “Допыт партызана” і шмат цудоўных накідаў, замалёвак ды эцюдаў.

Скажам, вельмі цікавы аркуш “Разгром нямецкага гарнізона”. Ідуць у атаку партызаны. Іхнія невялікія фігуры выразна выдзяляюцца на фоне белага снегу. Складаныя ракурсы робяць іх крыху гіпербалізаванымі, але, відаць, толькі ў такім увасабленні можна перадаць імклівую дынаміку бою. Байцы апрануты вельмі страката. А вось побач з партызанамі ў вайсковым шынялі ідзе ў атаку былы ваенны марак. І гэта надзвычай сімвалічна: партызанская барацьба сабрала прадстаўнікоў усіх родаў войск, якія трапілі ў палон, а затым уліліся ў партызанскія атрады ды брыгады…

У 1956 годзе Аляксандр Пятровіч прыступае да працы алоўкам і вуглём над эскізам кампазіцыі “У партызанскім штабе Бацькі Міная”. Ён быў асабіста знаёмы з легендарным беларускім камбрыгам, заснавальнікам партызанскага руху на Віцебшчыне, і вельмі паважаў яго як сапраўднага патрыёта і чалавека вялікай душы. Мастак вырашыў паказаць яго ў баявой абстаноўцы, у партызанскім штабе, які размясціўся ў памяшканні вясковай школы. Характэрныя атрыбуты інтэр’ера — драўляныя парты і грубка ў левым куце — нагадваюць пра тое, што яшчэ зусім нядаўна тут віравала мірнае школьнае жыццё. Цяпер жа на партах у надзвычай маляўнічых позах размясціліся партызанскія камандзіры, сярод якіх, магчыма, ёсць бацькі ці старэйшыя браты тых самых школьнікаў, што нядаўна сядзелі вось за гэтымі партамі… У самым цэнтры групы — Мінай Піліпавіч Шмыроў, камандзір 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Перад ім на падлозе — стратэгічная карта. Цьмянае святло газоўкі вырывае з цемры суровыя твары партызан. Бацька Мінай шырокім жэстам рукі запрашае іх да ўдзелу ў распрацоўцы плана чарговай буйной стратэгічнай 
аперацыі…

Захавалася шмат падрыхтоўчых малюнкаў да гэтага твора. Напрыклад, “Партызан з аўтаматам”: моцна збітая фігура ў кароткай ватоўцы і кубанцы, што па-заліхвацку з’ехала на патыліцу. “Партызан ля печы”: у надзвычай падцягнутай постаці партызана адчуваюцца рашучасць і дысцыплінаванасць — рысы, якія набыты ў часе працяглых баёў ды паходаў. І разам з тым — нейкая зухаватасць ва ўсім абліччы… “Камандзір над картай”: вельмі складаны ракурс, упэўненая пастава, суровы стомлены твар. З-пад насупленых броваў глядяць вострыя, учэпістыя вочы чалавека, які прывык усё рабіць вельмі памяркоўна і трывала, без лішняй мітусні ды паспешлівасці…

Увесь графічны аркуш “У партызанскім штабе Бацькі Міная” выкананы ў складанай тэхніцы вугалем у спалучэнні з чорнай акварэллю. Чорную акварэль Аляксандр Пятровіч любіў асабліва. І хаця на Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1957 года графічны варыянт кампазіцыі атрымаў шырокае прызнанне гледачоў і прэсы, аўтар не задаволіўся творам...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"