Па версіі аргана

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Лучанок і Манюшка — у Брно
Культурныя сувязі паміж Беларуссю і Чэхіяй склаліся даўно. Ля вытокаў гэтых трывалых ды плённых стасункаў стаяў Францыск Скарына, які значную частку свайго жыцця (так склалася!) пражыў менавіта ў Празе, дзе і надрукаваў у 1517 — 1519 гадах амаль 20 кніг.

/i/content/pi/cult/505/10902/14-5.jpg

На здымку (злева направа): спявачка Ірына Кучынская, арганістка Кацярына Нікалаева, кампазітар Ганна Кароткіна.

У 2012-м у Празе быў рэалізаваны праект “Францыск Скарына ў Еўропе”. Тады ў адным з сабораў чэшскай сталіцы прайшлі два канцэрты арганнай музыкі. У іх бралі ўдзел асобы, вядомыя ў беларускім мастацтве, — арганістка Ксенія Пагарэлая, спявачка Гання Бяляева (сапрана) і кампазітар Ганна Кароткіна.

А сёлета ў кастрычніку ў горадзе Брно, у самым старадаўнім касцёле краіны, адбыўся канцэрт духоўнай музыкі. У ім побач з творамі класікаў мінулых вякоў — Іагана-Себасцьяна Баха, Д.Букстэхудэ, Дж.Пергалезі, Станіслава Манюшкі — гучалі і сачыненні сучасных беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка і Ганны Кароткінай. Праграма, якая доўжылася амаль паўтары гадзіны, складалася з сачыненняў для аргана сола і вакальных нумароў у суправаджэнні гэтага інструмента. Цікава, што ў адзін вечар выконваліся два опусы з адной і той жа назвай. Калі “Ave Maria” Лучанка шырока вядомая, дык “Ave Maria” Кароткінай сталася прэм’ерай. Гэтыя творы выконвалі арганістка Кацярына Нікалаева і спявачка Ірына Кучынская.

Майстэрствам абедзвюх артыстак невыпадкова былі захоплены чэшскія слухачы. Кацярына Нікалаева — лаўрэат ІХ Міжнароднага конкурсу-фестывалю арганнай музыкі. Ірына Кучынская набыла вакальную адукацыю ў Пецярбургу, стажыравалася ў знакамітай Марыінцы. З’яўляецца лаўрэатам міжнароднага конкурсу Ізабелы Юр’евай, які ладзіцца ў Эстоніі. Пэўны час была салісткай Беларускага музычнага тэатра, а цяпер з’яўляецца стажорам у нашай Нацыянальнай оперы. Калі канцэрт, складзены з твораў арганнай і вакальнай музыкі, выконваецца ў культавым будынку, гэта заўсёды надае сачыненням асаблівы сэнс і прыгажосць. Агульнавядома, якую выдатную акустыку маюць саборы эпохі барока. Прыгажосць іх інтэр’ераў, багацце роспісаў, ляпніны, скульптурных аздабленняў, настройвае слухачоў і выканаўцаў на ўзвышаны лад.

Паколькі праект быў ажыццёўлены з дапамогай Пасольства Беларусі ў Чэхіі, Каардынацыйнай рады расійскіх суайчыннікаў у Чэшскай Рэспубліцы і Рускага культурна-асветніцкага таварыства ў Маравіі, на канцэрце прысутнічалі чэхі, славакі, беларусы, рускія, украінцы. Праект зацікавіў і прадстаўнікоў фірмы, якая вырабляе і ўстанаўлівае арганы ў культавых будынках ды філарманічных залах.

“Ідэя падобных канцэртаў — паказаць Беларусь у кантэксце еўрапейскай культуры, пераканаць слухачоў у тым, што наша арганная музыка мае даўнія і глыбокія еўрапейскія карані”, — кажа кампазітар Ганна Кароткіна, аўтар ідэі канцэрта, якая і ўзначальвала культурна-музычную вандроўку.

Таццяна МІХАЙЛАВА