Знак і калона

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Пад час Абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” на новай плошчы ў Слоніме 14 лістапада каля будынкаў райвыканкама і Цэнтра культуры быў адкрыты знак “Герб горада”.

/i/content/pi/cult/505/10901/14-2.jpg

/i/content/pi/cult/505/10901/14-4.jpg

Гэты герб нагадаў слонімцам пра гетмана Вялікага Княства Літоўскага, слонімскага старасту Льва Сапегу. Пад гербам на знаку наступны тэкст: “1252 — заснаванне горада, 1531 — атрымаў Магдэбурскае права, 1591 — зацверджаны герб”. Праўда, многіх жыхароў здзівіла дата заснавання горада, бо Слонім, як яны лічаць, значна старэйшы: пад 1252-м ён упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, але слонімскія палі ўжо прыгаданы (а значыць, горад ужо існаваў) пад 1036 — 1040 гадамі, дзе кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч спаткаўся з ліцвінамі... Таму на цудоўным помніку павінен, відаць, быў быць тэкст: “1252 — першая згадка ў Іпацьеўскім летапісе”. А каля будынка Слонімскага драматычнага тэатра тым жа днём з’явілася мармуровая калона з нагоды адкрыцця будынка, якую ўстанавілі ля ўвахода ва ўстанову. Калона — падарунак мясцовай фірмы. Дарэчы, дзякуючы яе дырэктару Уладзіміру Вількіцкаму і мясцоваму скульптару Леаніду Богдану сёлета на адной са сцен будынка тэатра ўстанавілі мемарыяльную шыльду, прысвечаную старасту слонімскаму Міхалу Казіміру Агінскаму…

Сяргей ЧЫГРЫН, Слонім

Фота аўтара