Свята ў Песках

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы ў Бярозаўскім раёне, паведаміў нам начальнік аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама Антон Барашка, пройдуць, як і заўжды, пры самай актыўнай падтрымцы і работнікаў культуры, і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Бярозаўшчыны. “Усё будзе зроблена для таго, каб людзі ў гэтую нядзелю прыйшлі на выбарчыя ўчасткі са святочным настроем, выканалі свой грамадзянскі абавязак і насычана, цікава правялі выхадны дзень”, — зазначае Антон Антонавіч…

/i/content/pi/cult/109/109/st3_1.jpg

Добра падрыхтаваліся да выбараў у аграгарадку “Пескі”, які здадзены напрыканцы мінулага года. Выбарчы ўчастак працуе ў капітальна адрамантаваным сельскім Доме культуры. Паводле слоў старшыні Пескаўскага сельсавета Мікалая Марчука, які кіруе выбарчай камісіяй, больш за дзве тысячы жыхароў вёсак Пескі, Ярцавічы і Вайцяшын стануць удзельнікамі не толькі выбараў, але і самых разнастайных святочных мерапрыемстваў.

Асноўнае — канцэрт з удзелам народнага фальклорнага калектыву “Пескаўскія весялухі”, якім не першы год кіруе дырэктар мясцовага СДК Святлана Чайчыц. Для ансамбля, у склад якога ўваходзяць настаўнікі, работнікі культуры і працаўнікі аграгарадка “Пескі”, гэты святочны канцэрт стане генеральнай рэпетыцыяй перад удзелам у міжнародным фальклорным фестывалі, што пройдзе ў Іванаве 19 студзеня.