Не прапальвай сваё жыццё!

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

У сталіцы пачалася рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”. Яна праходзіць з мэтай папярэджання пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення і гібелі людзей. Удзел прымаюць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў, студэнты, работнікі МНС.

У Беларусі больш за палову ўзгаранняў у жылых дамах здараецца з-за незатушанай цыгарэты і курэння ў ложку. Ахвярамі такіх узгаранняў становяцца каля 70% ад агульнай колькасці загінулых у пажарах. У любым выпадку, кардынальна змяніць сітуацыю і зменшыць колькасць падобных ахвяр можна будзе толькі тады, калі кожны курэц усвядоміць асабістую адказнасць за жыццё блізкіх. Памылкова меркаваць, што аматары курэння ў ложку не здагадваюцца пра небяспеку сваёй звычкі. Кожны з іх выдатна разумее, што недакурак, пакінуты на матрацы або падушцы, можа за лічаныя хвіліны разгарэцца і спаліць увесь дом. Аднак курцы мяркуюць, што сітуацыя знаходзіцца ў іх пад кантролем і што з імі такое не здарыцца. Як правіла, менавіта саманадзейнасць, узмоцненая дозай алкаголю, і становіцца прычынай пажару.

Па статыстыцы, толькі ў сталіцы штомесяц рэгіструецца каля 30 пажараў і загаранняў з-за курэння ў нецвярозым стане. Пры кожным такім выпадку трацяцца немалыя бюджэтныя сродкі на выезд аварыйна-выратавальных службаў (тут і пажарныя разлікі, і брыгады хуткай дапамогі, і іншыя спецыяльныя службы). Для грамадзян падобнага кшталту здарэнне абарочваецца як мінімум закурадымленай кватэрай ды абгарэлай мэбляй. Для дамачадцаў і суседзяў, жыццё і здароўе якіх знаходзіцца пад пагрозай, нават невялікае ўзгаранне заканчваецца як мінімум стрэсам. А што казаць пра тыя выпадкі, калі з-за курэння ў ложку гіне чалавек? Як правіла, у такіх сітуацыях ачаг ўзгарання знаходзіцца на ложку, куды падае незатушаная цыгарэта нецвярозага курца. У падобных здарэннях бывае больш дыму, чым агню, і плошча гарэння невялікая, але рэчывы, якія выдзяляюцца пры гарэнні бялізны (асабліва сінтэтычнай) не прыдатныя для дыхання,.

Адным з самых дзейсных метадаў папярэджання трагедыі з’яўляецца выкананне элементарных мер бяспекі. Таксама рэкамендуецца ўсім грамадзянам усталёўваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія з дапамогай гукавога сігнала дазваляюць чалавеку ў кароткі час выявіць небяспеку ў сваім доме ці ў доме суседзяў. Ратавальнікі падкрэсліваюць, што ў эру высокіх тэхналогій, багацця электрабытавых прыбораў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў кватэры з’яўляюцца дзейснай мерай па прадухіленні гібелі людзей на пажарах і знішчэння хатняй маёмасці.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска