Гуляць у лялькі

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Ці верыце вы ў казкі? Такое пытанне звычайна задаюць дзецям, а я пытаюся ў вас, дарослых. Я паверыла ў казку, калі пазнаёмілася з адным вельмі незвычайным чалавекам, лялечнікам. Так-так, ёсць такая цудоўная прафесія — гуляць у лялькі. Андрэй Рэцікаў жыве ў Наваполацку, але вядомы не толькі ў ім. Бо не адны дзіцячыя вочы загараліся, убачыўшы маленькі сіненькі аўтамабільчык, на якім развозіць свае казкі лялечнік. Аднойчы ўбачыўшы гэты цуд, назаўсёды застаешся вялікім прыхільнікам “КапелюШа” — менавіта так называецца калектыў, створаны Андрэем.

/i/content/pi/cult/505/10898/11-3.jpg

Пад час аднаго з прадстаўленняў.

/i/content/pi/cult/505/10898/11-5.jpg

Андрэй Рэцікаў з героямі батлейкі.

З чаго ўсё пачыналася? З захаплення лялькамі, якія пад рукамі майстра пачыналі ажываць у спектаклях. Першая пастаноўка ўбачыла свет у 1996 годзе.

Неяк у адным часопісе наш лялечнік прачытаў артыкул аб батлейцы. Аўтар пісаў, што батлеечнікаў на Беларусі шмат і ўсе яны не прытрымліваюцца агульных канонаў. Прачытаў, задумаўся і… не пагадзіўся з аўтарам.

З 2003 года Рэцікаў стаў выкарыстоўваць форму батлейкі як асноўную. Першымі прадстаўленнямі сталі “Маналог вандроўнага лялечніка з батлейкай” і “Авантуры паноў Кублiцкага ды Заблоцкага” па п’есе палачаніна Пятро Васючэнкі.

Андрэй Рэцікаў лічыць, што батлейка можа быць і вялізнай шафай у пакоі бацькоў, і скрыначкай на пісьмовым стале. Галоўнае — сам прынцып батлейкі, што прадастаўляе бяскрайняе поле для фантазій аўтара.

Сёння Андрэй Міхайлавіч — аўтар шасці батлеек. Сярод іх адна з’яўляецца поўнай рэканструкцыяй беларускай традыцыйнай двух’яруснай батлейкі ХІХ стагоддзя, адна — “Полацкая батлейка” з лялькамі-марыянеткамі, чатыры батлейкі — фантазіі аўтара. А побач з батлейкай жывуць і звычайныя лялечныя спектаклі. За васямнаццаць гадоў пад рукамі майстра ажылі дзясяткі лялек, ім пастаўлена блізу дваццаці спектакляў — цікавых, жывых, беларускамоўных...

А нядаўна “КапялюШ” перамог у Абласным свяце-конкурсе аматарскiх лялечных тэатраў у Сянне.

Кацярына ФЯДОТАВА, загадчык Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Цэнтра культуры 

Наваполацка