ДШМ — паўвека

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў пачала працаваць у 1964 годзе як філіял Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала 20 чалавек. Афіцыйна ўстанова адкрылася 1 верасня 1965-га. Пад яе перадалі будынак Дома піянераў.

У 1969-м у школе займалася сто чалавек (па класе фартэпіяна, баяна і акардэона). Потым адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш і Макраны. Установа атрымала статус школы мастацтваў, а праз год музычныя школы вёсак Олтуш, Хаціслаў, Чарняны былі рэарганізаваны ў філіялы Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.

— Каб зразумець сутнасць мастацтва, гэтым неабходна проста жыць, — пераканана дырэктар установы Ірына Пятрухіна. — Свет мастацтва, у прыватнасці — музыкі, з’яўляецца надзвычай гарманічным, чароўным, прываблівым…

Сёння ў школе мастацтваў да эстэтыкі, суладнасці, гармоніі і творчасці далучаецца 360 дзяцей на інструментальным, харэаграфічным, выяўленчым, эстрадным вакальным і тэатральным аддзяленнях. З 1 верасня 2011 года наша школа першай на Брэстчыне адкрыла тэатральнае аддзяленне. Ва ўстанове дзейнічае 20 вучнёўскіх і 6 педагагічных калектываў, з іх 7 — у філіялах. Школа аказвае 13 відаў платных паслуг. На пазабюджэтнай форме займаюцца 150 чалавек.

Толькі за апошнія пяць гадоў у творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню прынялі ўдзел 522 вучні. На рахунку педагогаў — 75 дыпломаў, 70 грамат, 2 Гран-пры… Школа стала пераможцай у спаборніцтве сярод устаноў культуры Брэсцкай вобласці за высокія вынікі ў сацыяльна-эканамічным развіцці за 2011 год.

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта