Любоў да трох апельсінаў і цымбалаў

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

У час восеньскіх канікулаў адбыліся гастролі Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра. Калектыў выступіў у Мінску, Магілёве, Казані, Маскве.

/i/content/pi/cult/505/10893/9-3.jpg

Маладзёжны аркестр пад час канцэрта.

Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр — калектыў новы і адначасова з шасцігадовай гісторыяй. Створаны ў 2008-м пад патранатам Парламенцкага сходу і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, ён штогод абнаўляе свой склад, і з’ява гэтая абсалютна нармальная. Бо ўдзельнікамі аркестра з’яўляюцца лепшыя навучэнцы (ад 14-ці да 18-ці гадоў) дзвюх вядучых сярэдніх музычных устаноў Беларусі і Расіі: ЦМШ пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага і Рэспубліканскага каледжа пры нашай Акадэміі музыкі. Кіруюць аркестрам таксама двое дырыжораў: лаўрэат міжнародных конкурсаў Вячаслаў Валееў (Расія) і наш Іван Касцяхін, якога пастаянна можна бачыць за пультам аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. За гады існавання калектыў выступаў не толькі ў розных гарадах краін-удзельніц, але і ў Англіі, Германіі, Італіі, Чэхіі.

Цяперашні канцэрт аркестра ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі сабраў, як заўсёды, паўнюткую залу. Праграма была разнастайнай, утрымлівала як сусветную класіку, так і творы кампазітараў Беларусі ды Расіі. Цікава, што ўдзельнікі кожнай з краін рэпеціравалі яе спачатку паасобку, разам жа сышліся толькі непасрэдна напярэдадні гастрольнага тура.

У павольнай частцы 23-га Фартэпіяннага канцэрта В.-А. Моцарта Іван Касцяхін падкрэсліў розніцу паміж цёплай, з уважліва праслуханымі шматлікімі падгалоскамі, кантыленай аркестра — і амаль “шклянымі”, па-класіцысцку халаднаватымі гукамі раяля (саліст — Аляксандр Захараў). У фінале ж кантраст змяніўся адзінствам: на першы план выйшла пагоня за хуткасцю.

“Успаміны пра дарагое месца” П.Чайкоўскага ў аркестроўцы А.Глазунова (дырыжор — Вячаслаў Валееў) сабралі ажно трох салістаў-скрыпачоў, прычым усе музыканты аказаліся з гэтага аркестра: па чарзе ўставалі з-за пульта, выходзілі на авансцэну, саліравалі і потым зноў вярталіся да сваёй аркестравай партыі. Ілья Цярэшчанка скарыў хваляўнічым вібрата (“Роздум”), Наіна Кобзарава — шалёным тэмпам (Скерца), Дар’я Ушакова — прыгажосцю гуку (“Мелодыя”).

Інтрадукцыя і Ронда-капрычыоза Сен-Санса ў пералажэнні для ксілафона атрымалі казачнае, літаральна “цацачнае” гучанне, дапоўненае артыстызмам і абаяльнасцю саліста Мікалая Ціханава.

За сорак гадоў, што мінулі з часу напісання, Другі канцэрт Дзмітрыя Смольскага для цымбалаў з аркестрам назбіраў безліч розных інтэрпрэтацый. Яна Славашэвіч і дырыжор Іван Касцяхін надалі яму асаблівую далікатнасць, нават “крохкасць”, быццам спалучыўшы фальклорныя інтанацыі твора, яго прысвячэнне Іосіфу Жыновічу — рэфарматару беларускіх цымбалаў — з гістарычным мінулым інструмента, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага гучаў пры каралеўскім двары дуэтам з лютняй.

Знакаміты вальс “Маршанскі полк на сопках Манжурыі”, створаны ўдзельнікам Першай сусветнай вайны, ваенным дырыжорам Ільёй Шатровым, быў папярэджаны аповедам Вячаслава Валеева пра гісторыю яго ўзнікнення і прагучаў без аніякага налёту “паркавага” выканання, з цудоўным валторнавым сола. На біс задзірыста грымнуў Марш з оперы “Любоў да трох апельсінаў” Сяргея Пракоф’ева, у чарговы раз даказаўшы, што таленавітая моладзь — адзін з найбольш дзейсных сродкаў амаладжэння класікі і… яе слухачоў!

Фота Аляксандра ПАЛЯКОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"