Супольнасць: рытмы ды сэнсы

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Калі форма звязвае ў адзінае цэлае
Нарэшце дабралася да выстаўкі конкурсу маладой беларускай фатаграфіі “Prafota”, які праходзіў у рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску. Хацелася б падзякаваць арганізатарам і мастакам: даследчая фатаграфія, фатаграфія як форма сучаснага мастацтва ёсць у Беларусі.

/i/content/pi/cult/505/10892/9-1.jpg /i/content/pi/cult/505/10892/9-2.jpg

Святлана Ярковіч. З серыі "Паміж лесам і ракой". /Аляксандр Міхалковіч. З серыі "Мінулае памірае сёння".

У сакавіку разам са Святланай Паляшчук мы зрабілі матэрыял пра выстаўку маладых беларускіх фатографаў “Працэс”, што выйшаў на адным з вэб-рэсурсаў. Праект гэты быў сыры. У тым ліку таму, што на выстаўцы мы пабачылі менавіта працэс. Аднак нашы інтуіцыі апраўдаліся: тое, што мы ўбачылі, аказалася тэндэнцыяй, а не выпадкам. Тэндэнцыяй афармлення новай беларускай фатаграфіі.Чаму яна новая і, урэшце, праз што, калі ставіцца строга, яна мае дачыненне да сучаснага мастацтва?

Па-першае, таму што яна прапануе сваю мову гутаркі пра агульнае або пра нашу разначасавую (асінхронную) супольнасць — у разрэзах-вымярэннях грамадства, культуры, палітыкі... І гэта менавіта мова, бо фатографы выразна фармулююць свае задачы. Мы адначасова можам іх бачыць (на здымках) ды прачытаць (у тэкстах да іх). Гэта значыць, што тая задача не схавана наўмысна пад невыразнай канцэпцыяй або пад яе поўнай адсутнасцю. Выразная ж канцэпцыя дапамагае разважаць над тым, што мы бачым, не замяняючы бачнага (!). І паказваючы тым самым, навошта патрэбны тэксты да выставак і чаму яны такія важныя.

Па-другое (пра гэта я таксама пісала ў папярэднім артыкуле), дзякуючы такім фотавыказванням мы адкрываем нашу сучаснасць і нашу супольнасць у іх разнастайнасці. Але пры гэтым не проста любуемся імі альбо разгадваем задумкі аўтараў, а ўступаем з імі і адно з адным у дыскусію пра цяпершчыну. Такім чынам фатографы дапамагаюць нам стаць сучаснікамі, яны ствараюць агульную прастору і час, якія пры гэтым выходзяць за межы выстаўкі. І тут я пераходжу да сваёй трэцяй тэзы, што будзе датычыцца менавіта візуальнай формы.

Дык вось, па-трэцяе. Практычна кожная серыя мае фігуру (першы план) і фон. Фігуры — гэта ветэраны, навука ў Беларусі, Халакост у Сеціве, жыхары закінутых мясцін, вобразы-канструкты ідэнтычнасці — гендэрнай, узроставай, якая фарміруецца Інтэрнэтам (праз Skype ды Instagram), войскам. Мы бачым сярод тых вобразаў час (праекты “Пасля” і “598 скрадзеных дзён”), мінулае ў сучаснасці (“Мінулае памірае сёння”), само фатаграфічнае бачанне (“See (ing)”), падзею, сябра... Я прывяла дадзены пералік, каб падкрэсліць: калі абагульніць прадэманстраванае нам, мы ўбачым даволі шматпланавы зрэз нашай рэальнасці, які, рызыкну выказаць здагадку, у СМІ, дыскусіях у Сеціве бачым фрагментарна. А вось выстаўка такога кшталту дае панараму разнастайнасці, якая ды становіцца сімвалам нашага грамадства і супольнасці, а таксама ключом да іх магчымага разумення.

Аднак у кожнай рабоце ёсць яшчэ і фон. Што я тут маю на ўвазе? Прывяду некалькі прыкладаў. На фотаздымках ветэранаў Вячаслава Цурапанава мы бачым не толькі людзей, але і — за іх спінамі — сацыяльны кантэкст іх жыццяў. Гэта нібы паўтаральныя вобразы, якія — у выпадку мужчынскага партрэта — дапаўняюцца газетай з фотавыявамі дзяржаўных дзеячаў, а калі казаць пра жаночы — здымкамі дзяцей і ўнукаў. Згаданае — на ўсіх фотаздымках — акружана прадметамі савецкага часу, які мінуў, знік, адзнакі яго не сустрэнеш ужо ў новых кватэрах. І гэты фон савецкага, гендэрна і біяграфічна структураванага, адкрывае нам цэлы пласт жыцця пэўнай супольнасці, што існуе ў сваіх часе і рытме.

Гэты фон можна супаставіць з фонам работ “Навука” Аляксандры Салдатавай, які паведамляе нам вельмі многае, ізноў жа, пра постсавецкія ўмовы магчымасці навуковай дзейнасці. Аднак фоны зусім розных работ не абавязкова сінхранізуюцца адно з адным. Нейкія творы скіроўваюць да большай гістарычнай працягласці — маю на ўвазе відавочныя адсылкі да Шагала ў работах Святланы Ярковіч (дарэчы, пераможца ў намінацыі “Дакументальная фатаграфія” конкурсу з праектам “Паміж лесам і ракой”) ці праца з памяццю Аляксандра Міхалковіча (таксама лідар у намінацыі “Мастацкае фота”, праект “Прымусіць Інтэрнэт памятаць Халакост”). Апошні, на маю думку, — ну проста парафраз гісторыі са сталічнай Асмолаўкай, якая актыўна абмяркоўваецца акурат цяпер.

Адрозненне фонаў праектаў (а тут і розныя краіны, непадобны досвед — арміі, турмы, гвалт над жывёламі, досвед сталення, — умовы і межы “вытворчасці” сябе і ведаў сродкамі электронных медыя, проста кантэксты і межы гвалту) паказвае на складанасць уладкавання нашай супольнасці, рознасць яе рытмаў, кантэкстаў ды сэнсаў. Аднак цудоўная форма звязвае іх у адзінае цэлае, што ніяк не атрымліваецца зрабіць многім разумным людзям у Беларусі. Мы прыходзім на выстаўку — і сітуацыйна ўтвараем супольнасць сумесна падзеленага сэнсу, пра які не проста думаем, а які перажываем. Ён і змацоўвае нашу, такую разначасавую і разнапланавую, супольнасць.

Абмеркаванне гэтых работ, тэм, якія закранаюць мастакі, альбом, новыя выстаўкі — вось толькі некаторыя сродкі, што дапамогуць падтрымліваць такую супольнасць надалей. Для мяне гэта і ёсць мая Беларусь: шматвобразная, адчувальная да праблем іншых, якая выходзіць за межы самой сябе, рэфлексіўная і крытычная. Так што — дзякуй удзельнікам і арганізатарам Месяца фатаграфіі. Вельмі чакаю працягу!..