Кожнаму свая эстэтыка

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
Маё выказванне сёння атрымае разгорт у рэтраспекцыю. Адна фраза змусіла прыгадаць высілкі, зробленыя некалькі дзесяцігоддзяў таму для развіцця дзіцячай мастацкай адукацыі. Ці прынеслі яны вынікі? Дык вось, чытаю сёння ў Святланы Алексіевіч і праводжу паралелі з колішняй працай: “Уся наіўнасць, з якой мы […] рамантычна ўяўлялі сабе, што заўтра пачнецца іншае жыццё. Адкуль мы гэта ўзялі?..” Затым знайшоў свой стары артыкул у часопісе “Крыніца” (кастрычнік 1989 г.). Прывяду ў скароце некаторыя рэплікі-развагі з яго:

“Чаму мне цяжка глядзець на дзіцячыя малюнкі?

Бо страшна падумаць, што пройдзе год, тры, пяць, і дзеці вырастуць, і стануць, як мы, і будуць маніць, спрытнічаць, авалодаюць майстэрствам абыякавасці, неабавязковасці, не будуць ведаць сваёй гісторыі, песні, слова, стануць надаваць ненармальна вялікае значэнне занесеным невядома адкуль анучам, гукам і розным штучкам… І ўсё. Чарговае пакаленне канкрэтных па дакументах, самавітых па ашчаднай кніжцы людзей, але “ўсяго толькі”[…] без душы. […]

Дык каму ж гэта трэба, каб дзеці нашы былі касмапалітамі, каб прывучаліся не шанаваць святасці паняццяў самабытнасці і непаўторнасці, каб забываліся на нашы помнікі ды іншыя творы розуму чалавечага?.. […]

Як цяжка чалавеку, што не прайшоў у дзяцінстве граматыку, чытаць і пісаць, гэтаксама ж цяжка чалавеку, што не прайшоў граматыку фантазіі, цяжка ўспрымаць у далейшым любы эстэтычны пачатак, пісаў Джані Радары. Як зрабіць пакаленне, што ідзе за намі, не інертным ды індыферэнтным, а творчым і актыўным, з добрымі і разумнымі сэрцамі і душамі? Гэта пытанне да ўсіх нас.

Мастак заўсёды антычыноўнік.

Ён ніколі не прыстасоўваецца да сябе, да свайго мастацка-маральнага ідэалу, да таго, што ён з сябе ўяўляе, заўсёды ставячы вышэй за ўсё Дабро. Ідэя вечнага рухавіка, выведзеная Алесем Разанавым, — гэта Слова, якое становіцца Справай. Сёння або ніколі наш вечны рухавік павінен спрацаваць на поўную сілу. Тут неабходныя канкрэтныя, неадкладныя справы. […]

Сёння мы прызнаём, канстатуем, што пакаленні тры, а то і чатыры, з розных прычын і акалічнасцей, засталіся адрынутыя ад элеметарных “азоў” велізарнага шматфарбнага свету Цудоўнага…

Дык давайце не саромецца наведваць лікбез — вы будзеце ўражаны гэтым светам, як уражваюцца ім, адкрываючы кожнага разу новае, дзеці. Адыдзем ад формулы, што дзіця — разведчык прыроды, а дарослы — толькі слуга свайго досведу. Ніхто не ведае сваіх магчымасцей… Тады і ад тых людзей-фанатыкаў, якія “хварэюць” ды валодаюць майстэрствам прыдумванняў і адкрыццяў, не будзем адмахвацца, як ад тыпаў, нязвыклых у “дарослым асяроддзі”, а як толькі можна падтрымліваць і берагчы — як сваё нацыянальнае багацце".

Прайшло столькі гадоў — нямала чаго змянілася, але ж многае засталося, на вялікі жаль, як і ў мінулым стагоддзі… “А навошта майму дзіцяці эстэтыка? Дзве замежныя мовы і камп’ютар. Усё!” — кажуць сучасныя дзялкі, якія карыстаюцца сваёй этыкай і эстэтыкай. Таму, мабыць, не дзівіць, што і прыбралі са школьных праграм гадзіны сусветнай мастацкай культуры, малявання, музыкі? Ну а пра адмысловыя, дадатковыя, заняткі ўжо і казаць не стану: не бачу цікавасці да іх, не бачу як з боку дзяцей, так і бацькоў ды адміністрацыі навучальных устаноў… І мне тое баліць.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог