Задаволіць “задавальненне”

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Тэма майго тэксту — чыста празаічная. І паўстала з-за таго, што мне не хапіла білетаў на “Soiree Allemande-2014” — зборнік кароткаметражных нямецкіх фільмаў, якія дэманстраваліся на пачатку кастрычніка ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” пад час Тыдняў Германіі ў Беларусі.

Не ведаю, з якой такой нагоды, але мне захацелася паглядзець у сталічных кінатэатрах не абрыдлыя расійскія камедыі з трывіяльнымі сюжэтамі ці чарговы амерыканскі блокбастар з рэкамі крыві, страляніны ды хэпі-эндам напрыканцы, а нешта больш сур’ёзнае… Бергмана ці Таркоўскага, напрыклад. На жаль, мінскія — ды, думаю, не толькі мінскія — кінатэатры пераважна дэманструюць прадукцыю, разлічаную на шырокага спажыўца… Які, зазвычай, прыходзіць у кінатэатр не думаць, а атрымліваць задавальненне ды адпачываць пасля працоўнага дня…

Задавальненне… На мой погляд, з усіх разнастайных ядаў, якія наша цывілізацыя паволі сінтэзуе ў сваім улонні, наўрад ці знойдзецца больш дзейсны, чым такая дзіўная з’ява, якая пазначаецца ва ўжытку тэрмінам “задавальненне”. Бяру гэтае слова ў двукоссе, каб паказаць, што гавару не пра сапраўдныя задавальненні, а пра распаўсюджаныя ў нашым грамадстве шматлікія віды арганізаванага вольнага часу. У прыватнасці, гаворка мая — пра кіно.

Не, я не буркун і не скептык. І я, падобна да любога іншага разумнага чалавека з нармальнай псіхікай, люблю бавіць час з сябрамі. Але ж лепш пагаджуся штодня выседжваць па восем гадзін за сталом у нейкай канторы ці падмятаць вуліцы, чым быць асуджаным на жыццё, поўнае “задавальнення”. І асабліва — кіношнага “задавальнення”, дзе ад гледачоў патрабуецца толькі сядзець, бяздумна глядзець на экран, хрумстаючы пры гэтым папкорнам ды запіваючы колай…

А ўспомніце, быў жа час, калі забавы патрабавалі ад людзей пэўных разумовых намаганняў. Напрыклад, стагоддзі таму члены каралеўскіх сем’яў ды іх прыбліжаныя атрымлівалі сапраўдную асалоду, слухаючы прамовы эрудыраваных прапаведнікаў, дыспуты на тэалагічныя ды навуковыя тэмы ці наведваючы тэатральныя прэм’еры Мальера ці Гогаля... Дый у савецкі час імпрэзы Тэатра на Таганцы або выступленні Высоцкага ці Акуджавы рабіліся тэмай для абмеркавання і прымушалі задумацца… Не кажучы пра класічнае савецкае кіно, якое і сёння глядзіцца — і пераглядаецца ў стотысячны раз — з задавальненнем ды прымушае “ўключаць” свае глузды і сваё “шэрае рэчыва” напоўніцу…

Наш час усё гэта змяніў. На месца старых задавальненняў, што патрабавалі розуму ды асабістай ініцыятывы, мы паставілі гіганцкія інстытуцыі — згадайма той жа Галівуд, — якія забяспечваюць нас гатовай забаўляльнай прадукцыяй, што не патрабуе асаблівага інтэлектуальнага напружання. Таму мільёны кінатэатраў частуюць публіку адной і той жа прэснай ахінеяй, або, кажучы больш далікатна, існуюць у сусветным трэндзе, мэйнстрыме, глабальным кінатэатральным працэсе — называйце гэта як заўгодна.

Выйсце для ўдумлівага гледача — чытача, слухача і г.д. — у такіх выпадках сёння толькі адно: не хадзіць у кінатэатры, на папсовыя канцэрты, раскручаныя мюзіклы… А пампаваць з Інтэрнэту тое, што яму падабаецца… Бо змяніць мэйнстрым “задавальненняў” мы, на жаль, ужо не ў стане…

Дарэчы, у той жа дзень я схадзіў на фільм “Вікторыя”, зняты паводле вядомага рамана Кнута Гамсуна, што дэманстраваўся ў рамках Фестывалю скандынаўскага кіно ў кінатэатры “Перамога”... Але ж ці маюць такі шырокі выбар кінапляцовак і кінафестываляў удумлівыя кінаманы, якія жывуць па-за межамі Мінскай кальцавой дарогі? Вельмі ў гэтым сумняваюся…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"