Прычым не адно сваёй творчасцю, але і складаным лёсам: ваяваў, трапіў у нямецкі палон, зведаў жахі нацысцкага лагера смерці, быў вызвалены Чырвонай Арміяй, пасля чаго стаў вязнем ГУЛАГа… Рэабілітаваны ён у 1956 годзе. Перажытае Эдуард Станіслававіч адлюстроўваў у сваіх творах, у канкрэтных і сімвалічных вобразах. У ягонага сына, які з дзяцінства знаходзіўся ў атачэнні бацькоўскага змрочнага рэалізму, што не надта стасуецца з уласцівай моладзі аптымістычнай ментальнасцю, натуральна ўзнікла жаданне ісці ў мастацтве не паралельным з бацькам шляхам, а іншай дарогай, і нават — у адрозным напрамку. Гэта, дарэчы, звычайная сітуацыя, калі сын з’яўляецца спадкаемцам бацькавай творчай прафесіі, але бачыць яе са свайго гледзішча…
Аднак рэалізаваў ён сваё памкненне ствараць мастацтва па-за межамі канкрэтыкі, сацыяльнай ці побытавай, не адразу. На першым этапе самастойнай творчасці Уладзіславу Куфко давялося пашчыраваць і на ніве сацрэалізму, хоць і разумеў ён яго неартадаксальна.
Нядаўна ў Брэсце праходзіла персанальная выстаўка Уладзіслава Куфко. На ёй творчасць мастака прадстаўлена як канцэптуальна выбудаваная сістэма на мяжы фігуратыўнага і абстрактнага бачання свету. Уладзіслаў трактуе свае карціны як прастору для свабодных асацыяцый, а на просьбу патлумачыць, што ён намаляваў, звычайна не адгукаецца. Аднак ён яшчэ не падышоў да той мяжы, каб, па аналогіі з музыкай, ствараць безназоўны жывапіс, каб колер і форма былі самадастатковымі, пазбаўленымі “літаратурнай”, сюжэтнай прывязкі. Скажам, дзеля таго, каб пагуляць з сінім ды чырвоным колерамі, мастак малюе сіні акварыум з чырвонымі рыбкамі і называе карціну “Сіні пакой”, замест таго, каб немудрагеліста выявіць чырвонае на сінім і менавіта так і назваць опус — “Чырвонае на сінім”. Такі падыход, калі натура абстракцыяніста маскіруецца ў прадметнасць ды фігуратывізм, а выява праз, так бы мовіць, неадпаведную назву набывае новы сэнс, я назваў бы творчым метадам Уладзіслава Куфко. Для мяне асабіста такая методыка, як у формуле, адлюстравана ў карціне, дзе фрагмент сцяны з адбітай тынкоўкай мае назву “Цяжарная жанчына, якая падміргвае”.
Па экспазіцыі відаць, што двухвымернасць для Куфко часам бывае зацеснай, таму ён звяртаецца да пластыкі ды інсталяцый. Саму экспазіцыйную прастору мастак ператварыў у візуальна структураваны аб’ект, у межах якога чыннікі, што могуць быць самадастатковымі (тыя ж жывапіс ды пластыка), ствараюць адмысловы кантэкст.
Сам мастак свае творы не тлумачыць — і правільна робіць: патлумачыць карціну (ды проста даць ёй назву) — значыць акрэсліць; акрэсліць — абмежаваць. Яго ж вабіць бязмежнасць. Але, вядома, і такі шлях можа быць тупіковым. І на гэтым напрамку можна ўперціся ў сцяну, накшталт той цаглянай, што так рэалістычна намалявана на адной з карцін выстаўкі…
На пачатку экспазіцыі вісеў постар, які інфармаваў пра ўдзел Уладзіслава Куфко ў Арт-праекце “Zabor”. Тое, што сярод немалой колькасці мастакоў Брэста і Брэстчыны ў праект запрасілі менавіта яго, сведчыць пра аўтарытэт, які Куфко мае ў прафесійным асяродку. Дый глядач свой у мастака ёсць. А што яшчэ творцу трэба?