Каму сёння па плячы шэдэўр?

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Пагаворым пра самую чаканую кнігу для Беларусі
На сённяшнім "Форуме" — абмеркаванне новых літаратурных твораў, вартых падтрымкі дзяржавы і цікавых самаму шырокаму колу чытачоў. Мы сабралі тры меркаванні, якія падкрэсліваюць актуальны і зразумелы тэзіс: такая работа мусіць з'явіцца, патрэба ў ёй — неаспрэчная, а вось якім чынам і хто патэнцыйна можа яе стварыць — пытанне дыскусійнае. Запрашаем далучыцца да дыскусіі ўсіх ахвотных, і найперш тых, чый лёс непасрэдна знітаваны з кнігай.

/i/content/pi/cult/505/10874/7-11.jpg

Давайце супаставім...

Самым папулярным творам кастрычніка стала талстоўская “Вайна і мір”. Яе згадваюць, з ёй параўноўваюць, яе чакаюць… (Зразумела, пасля сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі пісьменніцкіх арганізацый. — Рэд.) У абноўленай форме, на сучасным матэрыяле. Ці магчыма сённяшняму чытачу атрымаць раман такога ж маштабу і ад каго можам чакаць падобнага твора?

Перш за ўсё варта нагадаць, што Леў Талстой напісаў свой раман зусім маладым чалавекам. Нарадзіўся пісьменнік у 1828 годзе, а ствараў эпапею ў 1863 — 1869 гадах, хоць працу над ёй распачаў яшчэ раней, калі ў 1856-м пачаў пісаць твор, героем якога мусіў стаць дзекабрыст. Такім чынам, чакаць беларускую “Вайну і мір” варта ад тых, каму сёння каля трыццаці пяці гадоў. А прататыпам галоўнага героя павінен стаць, відаць, чалавек, які ў рэальнасці жыў недзе ў 1980-я, у часы перабудовы. Менавіта тады ў Беларусі фарміраваліся перадумовы для набыцця незалежнасці краіны… Нагадаем, менавіта ў барацьбе за свабоду і незалежнасць народа, калі казаць шчыра, праяўляюць лепшыя нацыянальныя рысы героі талстоўскай “Вайны і міру”.

Раман Талстога, як вядома, задумваўся як твор не столькі пра вайну, колькі пра норавы сучаснага пісьменніку грамадства. Нездарма некаторыя даследчыкі лічаць, што назву рамана варта перакладаць як “Вайна і свет”. Адпаведна, і аўтар беларускага твора павінен быць чалавекам, здатным да глыбокага сацыяльнага аналізу, аднолькава абазнаным у жыцці як свецка-гламурнай тусоўкі, так і, скажам, вёскі (Талстой, дарэчы, добра ўпісваўся і ў палацы маскоўскай арыстакратыі, і ў башкірскае качэўе Каралык).

Эпапея ўпершыню пабачыла свет пад назвай “1805 год” у часопісе “Русский вестник” за 1865 год. Але з’яўляўся раман па частках — у адказ на чытацкую цікавасць. У 1868-м выйшлі тры яго часткі, за якімі з’явіліся яшчэ дзве. Першыя часткі хутка разышліся, спатрэбілася другое выданне, якое і з’явілася ў 1868 годзе. Такім чынам і наша ўмоўная “Вайна і мір” павінна, мяркую, з’яўляцца паступова, разгортваючыся ў шматтомнае выданне толькі тады, калі выдаўцы пабачаць рэальны поспех у чытачоў, а не толькі ўхвальныя артыкулы журналістаў, крытыкаў ды піяршчыкаў.

Знакавым раман Талстога стаў не столькі таму, што пісьменнік здолеў намаляваць мастацкае палатно, дзе знайшлося месца і вайне, і грамадству. Найбольш каштоўным у рамане лічаць уменне пісьменніка геніяльна выявіць нацыянальны характар. Галоўнай характарыстыкай рускага чалавека ў Талстога становіцца здольнасць гартавацца ў цяжкіх умовах, ва ўмовах выкліку. Але загартоўка гэтая — не выпадковая: яна — вынік асэнсавання сябе часткай цэлага, свядомай адмовы ад асабістых амбіцый дзеля агульнай перамогі над ворагам. Відавочна, што беларускі аўтар, які падорыць нам нашу “Вайну і мір”, павінен як мінімум разумець нацыянальны характар беларуса, а значыць, добра ведаць не толькі беларускі народ, але і яго мову, культуру, гісторыю. Прынамсі, ведаць не горш за графа Льва Талстога (калі праводзіць паралелі), які атрымаў выдатную адукацыю, і, рыхтуючыся да напісання свайго эпахальнага палатна, прачытаў не адзін фаліянт па гісторыі сваёй краіны.

Як вядома, нягледзячы на захапленні “Вайной і мірам” сучаснікамі, сам Леў Талстой гэты твор не надта любіў, лічыўшы яго недастаткова сур’ёзным. Так, калі ўлетку 1909 года адзін з наведвальнікаў Яснай Паляны стаў расхвальваць твор, пісьменнік сказаў, сярод іншага: “Я прыпісваю значэнне зусім іншым сваім кнігам”. З гэтага вынікае, што будучы аўтар павінен быць не толькі філосафам, мысляром, майстрам пяра, але, перадусім, яшчэ і чалавекам, здатным да глыбокога аналізу ўласнай творчасці ды самакрытыкі.

Ганна КІСЛІЦЫНА,  літаратурны крытык, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

А Караткевіча даўно гарталі?

Помніцца, за савецкім часам, недзе на мяжы 1970 — 1980-х, было праведзена апытанне сярод людзей, неабыякавых да друкаванага слова, з мэтай вызначыць, як сёння сказалі б, рэйтынг твораў ды аўтараў. Вынікі засмуцілі сацыёлагаў, культуролагаў і асабліва выкладчыкаў літаратуры, стаўшы падставай для дыскусіі пра заняпад культуры і дэградацыю грамадства.

А ўсяго ж высветлілася, што класікі (Пушкін, Лермантаў, Талстой ды іншыя) не ўваходзяць у першую дзясятку самых папулярных аўтараў, — іх па рэйтынгу абагналі пісьменнікі сучасныя. І знайшоўся, аднак, сярод дыскутантаў літаратар, які параіў не драматызаваць гэты факт, а тым больш — не рабіць з яго трагедыі. А сказаў ён наступнае. Вось уявіце: свеціць сонца, але ў хаце ўсё адно холадна. Трэба печку распаліць. Пушкін з Талстым — сонца, якое свеціць здалёк, а творы сучаснай літаратуры, вылучаныя рэспандэнтамі, — гэта ладная вязанка дроў, каб сагрэць хату. Тут не пакутаваць трэба, а радавацца, што людзі ўвогуле яшчэ чытаюць кнігі…

Гэтая думка падаецца мне слушнай і прыдатнай для нашага часу, калі кніга (прынамсі, папяровая) займае ў глабальнай культурнай прасторы месца значна меншае, чым ў даінтэрнэтную эпоху. Я і сам не часта гартаю кнігі беларускіх класікаў, прытым што лічу іхнюю творчасць падмуркам духоўнага суверэнітэту нашай краіны. Сапраўды, Купала, Колас, Багдановіч ды іншыя — гэта сонца. А “ролю” “дроў для печы” адыгрываюць іншыя кнігі іншых аўтараў. І сцвярджаю: трапіць у такую “вязанку” — ганарова. Значыць, аўтар — папулярны, значыць, ягонае слова грэе!..

Цяпер наконт “Вайны і міру”. Я належу да людзей, выхаваных на ўзорах рускай і савецкай літаратуры. Для мяне “Вайна і мір” — гэта эталон эпапеі, і мяне не здзіўляе тое, што ва ўсім свеце, па ўласным пакліканні альбо па дзяржаўнай замове, літаратары імкнуцца зрабіць на нацыянальным матэрыяле нейкае падабенства талстоўскага шэдэўра. Справа ў тым, што Леў Мікалаевіч не тое каб першым прыдумаў, але распрацаваў, “давёў да звону”, як кажуць скульптары, вельмі ўдалую літаратурную канструкцыю: лёсы невялікай групы людзей, звязаных сямейнымі і сацыяльнымі варункамі, на фоне вызначальных для краіны і грамадства падзей. Паводле той жа схемы былі створаны “Блуканне па пакутах”, “Ціхі Дон”, а таксама наша класіка: “Палеская хроніка” Івана Мележа, тэтралогія пра Заходнюю Беларусь Вячаслава Адамчыка, “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.

Дазволю сабе не пагадзіцца са спадарыняй Кісліцынай. “Раман з’яўляўся па частках — у адказ на чытацкую цікавасць”, — піша яна. У матэрыяльным сэнсе граф Талстой у Яснай Паляне, як вядома, не пакутаваў, не жыў “ад авансу да зарплаты”. Літаратура была для яго не сродкам выжывання, а магчымасцю сацыяльнага самасцвярджэння. І планаваў ён зрабіць цыкл з некалькіх раманаў, дзе збіраўся адлюстраваць расійскую гісторыю — ад пятроўскай эпохі да Крымскай вайны, у якой ён і сам браў удзел, ды адмены прыгону. Цыкл не атрымаўся, але ўсё, што аўтар меўся ў ім сказаць, у канцэнтраваным выглядзе трапіла ў славуты раман. Менавіта акалічнасць, што пісьменнік, асэнсоўваючы адзін са стрыжнявых эпізодаў расійскай нацыянальнай гісторыі — вайну з Напалеонам, — трымаў у галаве некалькі стагоддзяў расійскай мінуўшчыны ды надзённую рэчаіснасць, надала твору той глабальны маштаб, які так уразіў і дагэтуль уражвае чытачоў. А пасля геніяльнага фільма Бандарчука — і гледачоў.

Я не маю адназначнага адказу на пытанне спадарыні Кісліцынай, ці магчымае ў сённяшняй Беларусі з’яўленне эпапеі маштабу рамана “Вайна і мір”. Справа ў тым, што раман-эпапею пра станаўленне ды гартаванне нацыянальнай ідэі (а менавіта пра нацыянальную ідэю на прыкладзе жыццяў задзейнічаных у гісторыі асоб пісаў Леў Талстой) мы ўжо маем. Гэта згаданая вышэй кніга “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Калі чытаць гэты раман уважліва, удумліва, дык знойдзеш у ім усё тое, што хвалявала нас у роспачна-радасныя 90-я, і тое, чым жывём сёння. Думаю, гэтай кнігай Уладзімір Сямёнавіч не столькі распавёў пра мінулае, колькі выказаўся наперад, выразна акрэсліўшы гістарычную ролю нашай краіны. Прычым выказаўся вельмі канкрэтна, без зашмальцаванай беларускай “сціпласці”.

І было б някепска, каб кожны беларус ведаў гэтую кнігу Караткевіча, як рускія ведаюць “Вайну і мір”, палякі — трылогію Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”, “Патоп”, “Пан Валадыеўскі” або “Попел” Стэфана Жаромскага. Дзеля гэтага і дзяржаве трэба парупіцца, і інтэлігенцыі, найперш — творчай.

Грошы, укладзеныя ў праект, — яшчэ не гарантыя яго паспяховай рэалізацыі. Асабліва гэта датычыцца культуры. Да прыкладу, “Ціхі Дон” быў напісаны Шолахавым паводле душэўнага паклікання, а на раман “Яны змагаліся за Радзіму” меўся загад-замова Сталіна. А вось Быкаў пісаў пра вайну не па замове выдавецтва, а таму, што не мог не пісаць. Ізноў жа, вынік — адпаведны.

Да шэдэўра спачатку мусіць “даспець” грамадства, а потым з’явіцца і аўтар. А вось у якой форме трапіць да чытача/гледача новая “Вайна і мір” — пытанне дыскусійнае. Баюся, што кнігу фаліянтнага памеру (а раманы “эпапейнага” стандарту выглядаюць так) сучасны спажывец і ў рукі не возьме…

А вы самі даўно гарталі Талстога, Мележа, Караткевіча?..

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"

 

А як прадаць?

У меркаваннях Ганны Кісліцынай і Пётры Васілеўскага закрануты тэматычны, кантэкстуальны і працэсуальны бакі творчай часткі стварэння патэнцыйна вартага ўвагі нацыянальнага літаратурнага твора першых дзесяцігоддзяў ХХІ стагоддзя. Я ж хацеў бы закрануць сваю, на жаль, улюбёную тэму, якую можна вызначыць пытаннем “А як прадаць?” (чытай: “А як зацікавіць? Як пераканаць у патрэбе прачытаць?”).

У артыкуле “Мерч” на ўзроўні фантастыкі” ў № “К” 43 ужо давялося закрануць гэты аспект менавіта датычна прасоўвання беларускіх выданняў ды іх аўтараў у прасторы кнігагандлю — дзяржаўнага і прыватнага. Сутнасць думкі зводзілася да таго, што асаблівага прасоўвання фактычна і няма. А большасць захадаў — гэта праславутае “для птушачкі”.

Вось і тут маю пэўны скепсіс. Як ты ні пастаў цагліну-эпапею (мае рацыю Пётра Васілеўскі: фармат эпапеі ці буйнамаштабнага рамана іншым і не атрымаецца) на паліцы кнігарні, а большасць пакупнікоў, нават з тых, хто штосьці пра яе чуў, пабаяцца тую кнігу нават у рукі ўзяць. Бо — цагліна!.. Яшчэ частку чытачоў адпудзіць кошт: цяпер і сціплы аднатомнік айчыннага класіка, выдадзены з дзяржаўнай падтрымкай, выцягвае па 120 — 150 тысяч з кішэні, а тут варта чакаць аб’ёму куды большага. І цаны, адпаведна. Не варта забываць і пра тое, што калі твор атрымаецца сапраўды ў духу эпапеі Талстога па ахопе падзей, дык тэматычных блокаў будзе не злічыць: але некаму абрыдла тэма вёскі, хтосьці не прыхільнік ваеннай лініі, а іншаму гістарычная частка цяжка даецца. Чым не прычына адмовіцца ад ідэі набыць кнігу?

Бачыце, колькі пакупнікоў мы згубілі толькі праз названыя з ходу акалічнасці? Таму перш чым прадаваць твор, які мо і станем менаваць той самай сучаснай “Вайной і мірам”, варта задумацца пра тое, як яго рэкламаваць. А кніжнай рэкламы ў публічнай прасторы практычна не маем. Мо каб прылічвалі яе да сацыяльнай (хай сабе нават пяці- альбо дзесяцісекундныя ролікі ў прайм-таймавых рэкламных блоках ці колькі сіцілайтаў у цэнтры горадаў), дык і наяўныя выданні разыходзіліся б, відавочна, шпарчэй, чым цяпер? І не патрэбны, па вялікім рахунку, так любімыя нашымі літаратарамі працяглыя выхады ў тэлеэфір (зусім не адмаўляючы патрэбу ў іх увогуле): колькі секунд рэкламы зробяць справу з большым эфектам. А выходзіць на публіку, урэшце, варта з кнігай, што тую самую публіку цікавіць. У гэтым, як бачыцца, і сутнасць неаднойчы агучанага Прэзідэнтам тэзіса пра чаканне краінай твора кшталту “Вайны і міру”.

Яшчэ ўражанне. Сучасныя раманы-эпапеі, што ахоплівалі ХХ стагоддзе на прыкладзе лёсу адной сям’і, я асабіста бачыў у кнігарнях Кіева, Вільнюса, Варшавы. Значыць, трэнд — пайшоў, ён запатрабаваны. І стаялі тыя кнігі неяк так, што прайсці міма іх, прынамсі, не спыніўшы позірк, проста немагчыма. Мерчандайзінг, маркетынг, рэклама — усё спрацоўвае, калі выкарыстоўваецца.

Сяргей ТРАФІЛАЎ, галоўны рэдактар газеты "Культура"

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах